Хведар ведаў, што яго будуць сустракаць на выхадзе з вакзала, але як туды прайсці, абмінуўшы чацвёрты вагон? Раптам спахапіўся: «Плашч! Гэтай пранізлівай лістападаўскай халадэчаю такім лёгка апранутым сядаў у цягнік я адзін, – мільганула думка. – Яны будуць выглядаць найперш мой плашч». Абмацаў кішэні: пуста. Каралеўскім жэстам кінуў плашч, які служыў яму яшчэ і талісманам (таму і не хацеў расставацца з ім нават глыбокай восенню), на крэсла. Успомніўшы афіцыянта і такога ж ліпуча-ветлівага правадніка: «Ja, ja, Sie haben ganz Recht»,[11] схаваў небяспечную цяпер адзежыну пад сядзенне. Выняў з сакваяжа паперы і кінуў туды, услед за плашчом, і яго.
«Немцы могуць дагнаць: “Mein Herr, Sie haben etwas vergessen”.[12] У гэтых педантаў нават калі што і захочаш забыцца – не забудзешся. Не дадуць! Во краіна! Добрую рэч проста так пакінуць нельга».
У тамбуры Хведар апынуўся побач з маладжавай, як і нядаўняя суседка, бабуляй. Ветліва падставіў руку і дапамог ёй выйсці з вагона. Некалькі кампліментаў – і Хведар атрымаў згоду правесці яе да таксі. Пакуль ён з бабуляй, да яго, бадай што, не палезуць.
«Прафесіянал» не звярнуў увагі на старую даму з сынам: яму патрэбен быў «плашч». А той не з’яўляўся.
Неўзабаве паўз чацвёрты вагон прайшлі апошнія пасажыры, а «плашча» ўсё не было. Начны паляўнічы захваляваўся, сарваўся і пабег. Не было рэдактара і ў шостым купэ трэцяга вагона. Звыкла абшнарыў патаемныя закуткі. Пад адным з крэслаў знайшоў плашч і сакваяж.
«От сука, перахітрыў! – прасіпеў, адкрыўшы сакваяж. – Але проста так не знікнеш: нашы падстрахаваліся – сустракаюць і на вакзале. Там маскарад не пройдзе, яны ведаюць пісаку ў твар».
Падстрахоўшчыкі – іх было двое – і сапраўды ўгледзелі Хведара на выхадзе з вакзала. І ён улавіў у масе сустрэчных іх учэпістыя позіркі. Пасадзіўшы бабулю ў таксі, нахіліўся да яе, каб пажадаць: «Gute Fahrt»,[13] і ў бакавым люстэрку аўтамабіля ўбачыў тое, што мусіў убачыць: яго вядуць. Непажаданую ўвагу ён чуў за вярсту. Ні сабе, ні каму іншаму ён бы не растлумачыў, якім такім шостым пачуццём валодаў, што амаль са стапрацэнтнай дакладнасцю мог вызначыць наяўнасць ці адсутнасць шпегаў.
Вось і цяпер. Убачыў двух у люстэрку і зразумеў: «свае»! Як і на Радзіме, «свае» тут дзяліліся на два лагеры: на тых, што забіваюць, і тых, што ўцякаюць ад забойцаў.
Хведар быў з другіх, і ён пабег. На Радзіме ўцякаць не было куды. Тут, дзякуй Богу, не Радзіма.
Толік, чакаючы Хведара, ужо некалькі хвілін назіраў за спектаклем з бабуляй. Прыкмеціў ён і двух таварышаў.
Прачыніўшы правыя дзверцы «Мерседэса», Толік зняў пісталет з засцерагальніка, але ўсё ніяк не мог вырашыць: пільнавацца да канца Хведаравага наказу ці рызыкнуць і дзеяць згодна з абставінамі? Не, рэдактар загадаў заставацца ў машыне, што б ні здарылася. І ён застанецца. У любым выпадку будзе чакаць, пакуль Хведар не падыдзе сам. І вось тады… Тады ў яго і з’явіцца шанец сцвердзіць, што з лагера «для перамешчаных асобаў»[14] шэф забраў яго недарэмна.
Хведар падбег да машыны, якая нецярпліва кранулася з месца, і нырнуў у адчыненыя дзверцы. Як толькі апынуўся побач з Толікам, страх, што халадзiў грудзi, адступіў: ён – не адзін, побач сябра, ужо лягчэй.
– Давай газуй! Трэба адарвацца!
Болей нічога не паспеў сказаць – заняло дух: Толік ледзь не ўвагнаў у дно педаль газу і прымусіў «Мерседэс» павярнуцца амаль на месцы. Праз хвіліну машына вылецела на дарогу. Ды так рэзка, што рэдактара зноў прыціснула да сядзення.
Яны ўжо былі даволі далёка ад вакзала, калі Хведар азірнуўся і ўбачыў, як да тых дваіх падбег паліцэйскі. Ён жэстыкуляваў, паказваў на «Мерседэс» і нешта крычаў.
«Не трэба было гэтак рэзка зрывацца з месца», – уздыхнуў Толік.
Праз хвіліну тыя трое ўжо беглі да «Фольксвагена», прыпаркаванага воддаль ад стаянкі таксі.
– Толік, паварочвай у першы ж завулак! Хоць у гэты, злева! – загадаў Хведар.
– Налева нельга – аднабаковы рух і не ў наш бок. Налева пойдзем за горадам. Тут недалёка… – пракрычаў Толік.
«Недалёка – гэта праўда, – падумаў Хведар. – Але тут і не разгонішся. Зрэшты, на такой вулачцы не надта рвануць і сябрукі родныя з паліцэйскім».
Але ён памыліўся. Да таго часу, як яны з Толікам перасеклі гарадскую мяжу і пачалі забіраць улева, «Фольксваген» амаль дагнаў іх.
За горадам паліцэйскі таварышам стаў непатрэбны. Ім быў патрэбны рэдактар, пажадана – са спісамі і адрасамі супрацоўнікаў і аўтараў антысавецкага часопіса, што стаў ім косткаю ў горле. І адзін з таварышаў стрэліў паліцэйскаму ў галаву.
Хведар не бачыў гэтага, але пачуў. Зразумеў: стрэл не апошні – і крыкнуў:
– Гані!
Стрэлка спідометра легла на абмежавальнік шкалы і застыла. «Фольксваген», здаецца, трохі адстаў.
Толік разумеў, што на такой хуткасці ў непрагляднай цемры яму не ўпісацца ні ў адзін паварот, але вецер, які ўварваўся ў кабіну, пасля таго як куля другога стрэлу разбіла задняе шкло, прымушаў яго па-ранейшаму ціснуць на педаль.
Мінуў нейкі час, і фары «Фольксвагена» перасталі сляпіць Толіка праз бакавыя люстэркі: пагоня адстала. Неўзабаве дарога, па якой яны мчаліся, выведзе на аўтабан, а там – шукай ветру ў полі.
І яны, пэўна што, уратаваліся б, калі б…
Падлеткі, якія пры дарозе ганялi мяч, за дзень прытаміліся. Але, нягледзячы на стому і на халаднаватае надвор’е, дадому ім не хацелася. Надумалі адпрацаваць яшчэ трапнасць удару. Не ў вароты, а па «мішэні». Яе доўга шукаць не давялося: паблізу свяціўся знак «Вызвалі дарогу», які яўна прэтэндаваў на ролю «дзявяткі». Праўда, таўстун Карстэн, празываны «Мамчын сынок», нешта прабурчэў наконт бацькоў і чым гэта можа скончыцца, але ў запале яго не пачулі.
…Гельмут падыходзіў да мяча апошні. Папярэднія снайперы «мазалі» адзін за адным, і здавалася, знак нехта зачараваў.
[11] Так, так, ваша праўда (ням.).
[12] Пане, вы забыліся (ням.).
[13] Добрай дарогі (ням.).
[14] Ад англ. Displaced Person – выгнаннік, уцякач, эмігрант.