Хведар успомніў бацькоў. Недзе ў лясах Беларусі канае-вымірае яго маленькая вёсачка. Маці стаіць ля акна, пра нешта задумалася. З бярэмам дроў шумна заходзіць у хату бацька, абстуквае ля парога ногі ад снегу.
– У-ф-ф, ну і холад, – вырываецца ў яго. – Бр-р-р!
Ён з грукатам апускае дровы ля печы, але ў агонь не кідае. Ведае: маці любіць рабіць гэта сама.
Чаму маці ў пяцьдзясят выглядала на ўсе семдзесят, а гэтым дваім – мяркуючы па абрыўках фраз – у іхнія семдзесят не дасі i пяцiдзесяцi? Чаму маці за ўсё сваё жыццё ніводнага разу не бачыла нават халоднага вагона-цялятніка (і дзякуй Богу!), а гэтыя жвавенькія нямецкія старыя імчаць сабе ў купэ-люксе, не заўважаючы ні велюравых крэслаў, ні храміраваных ручак, ні каштоўнай драўніны дзвярэй, ні ўзорыстых люстраў, ні мітуслівага, з дагодлівымі вачыма афіцыянта? Апыніся маці зараз тут, наўрад ці хто здолеў бы пераканаць яе, што яна не ў раі.
Афіцыянт зноў мільгануў недзе справа і чарговы раз кінуў позірк у ягоны бок. Хведар даўно адчуваў сябе няўтульна побач з парачкай, якая акуратна і павольна – па навуцы – нешта жавала, і ледзь прыкметна махнуў афіцыянту. Той, як і чакалася, скупы рух пасажыра прыкмеціў адразу:
– Jawohl, mein Herr.[4]
«Пляшку гарэлкі і агурочкаў, – пранеслася ў Хведара ў галаве. – От бы здзівіўся вышкалены “бой”, а дабрадзейная парачка знямела!» Усміхнуўшыся, сказаў:
– Zwei belegte Brote und Tee mit Zitrone.[5]
За акном мільгалі дагледжаныя прыгарадныя асабнякі, пастаўленыя радком усцяж дарогі. Гледзячы на іх, зноў вярнуўся думкамі ў сваю вёсачку, у той дзень. Ён абдымае маці, прыціскае да сябе, трымае аберуч – баіцца за яе. Энкавэдысты скончылі ператрус і выводзяць бацьку з хаты. Бацька ідзе моўчкі. Ведае: калі скажа хоць слова на развітанне, маці вырвецца з сынавых абдымкаў і кінецца на гэтых, у скуранках. І тады яны забяруць і яе. Дзеці застануцца на хлапчука Хведара. І бацька маўчыць.
Калі энкавэдысты пайшлі, маці вызвалілася з аслабелых абдымкаў сына і выбегла на вуліцу. Дзякуй Богу, «варанок» ад’ехаў даволі далёка і яны не пачулі яе праклёнаў.
Галасіць маці перастала толькі пад раніцу: звязкі не вытрымалі, голас знік, яна хрыпела. Хрыпела, шаптала, праклінала…
Хведар апрытомнеў ад ліслівага, але настойлівага голасу афіцыянта:
– Mein Herr, Ihre Brote und Tee.[6]
«Дзякуй», – ледзь не сказаў Хведар на роднай мове, але спахапіўся:
– S-s-sehr schon. Alles so schnell![7]
Накінуўшы на чай, прымусіў сябе зноў усміхнуцца.
Цягнік імчаў і імчаў праз ноч, і з гэткай жа хуткасцю беглі-набягалі ўспаміны…
Бальшавікі набліжаліся да Менска. Моцна рызыкуючы, Хведар усё ж заехаў да маці. Ён мусіў развітацца. Што будзе з ім, як павернецца ягоны лёс – не ведаў і не ўяўляў. Для маці ж ён сыходзіў назаўсёды. Малодшыя дзеці румзалі. Расплакалася і чатырнаццацігадовая Вольга. Яна заставалася за старэйшую…
Пара насупраць паднялася, папрасіла ў яго прабачэння за турботы і пачала завіхацца над валізамі. Яны былі такія ж, як і гаспадары: чысценькія, бліскучыя, без адзінай драпіны.
Цягнік паступова запавольваў ход. Аднекуль зверху прагучала:
– Frankfurt am Main. Nächste Station Darmstadt.[8]
Суседзі выйшлі, і Хведар паспяшаўся да акна. Пару сустракаў усмешлівы малады чалавек. Сын, зразумеў Хведар, пачуўшы нават праз шкло вясёлае: «Ich dachte, die Eltern hatten mich ganz vergessen».[9]
Адзін рукаў пінжака ў маладога чалавека быў пусты і ўкладзены ў бакавую кішэню. Хведар раптам падумаў: хай бы і ў яго не было рукі, толькі б апынуцца разам з бацькам, маці, сям’ёй. Уздыхнуў: жалезная заслона не прызнае і такой платы. І Хведар адступіўся ад акна, каб не сурочыць, не перашкодзіць чужому шчасцю.
Чаму для яго няма спакою? Вайна скончылася, для ўсіх настаў мір. А ён усё ваюе. Уласна кажучы, не ён. Ваююць з ім, хочуць забіць за тое, што адмовіўся паміраць за Радзіму. Не! За Радзіму ён аддаў бы ўсё! Але – за сваю Радзіму! А за гэтую, якая забіла ягонага бацьку? Забіла мільёны сваіх сыноў? За такую радзіму ён не хацеў ваяваць і не будзе!
Ён хоча хадзіць па роднай зямлі свабодным чалавекам, а не поўзаць па ёй рабом. І ён змагаецца за Радзіму! За сваю Радзіму. Свабодную, незалежную, вольную! А змагацца ён умее толькі пяром. І, пэўна ж, някепска ўмее, калі на яго ідзе паляванне. Некалькі апошніх месяцаў адчуваў за сабою хваста: «таварышы» знайшлі, каго шукалі.
Набліжалася станцыя. Хведар узяў сакваяж і накіраваўся ў хвост цягнiка. Са свайго трэцяга вагона ён павінен прайсці да апошняга, а потым назад. І галоўнае – запомніць твары тых, хто сустрэнецца па дарозе.
Вяртаючыся, у чацвёртым вагоне Хведар убачыў таго, каго шукаў, – амаль сутыкнуўся з ім. Хведар не ведаў яго ў твар, але адчуў: гэта – «свой», таварыш. Свой, які горшы за чужых, горшы за самых заклятых ворагаў. «Па мяне прыйшла смерць», – падумаў, пабляднелы, аднак здолеў усміхнуцца. Не разгубіўся і таварыш:
– Kommen Sie durch… Bitte,[10] – бадзёра сказаў на добрай нямецкай мове.
Размінуліся, захоўваючы на тварах усмешкі. Хведар – ад нервовага напружання: «Прафесіянал, цяжка будзе адчапіцца». Таварыш – і сапраўды прыкрываючы ўсмешкаю разгубленасць ад нечаканага сюрпрызу: «Во гад, яшчэ і праверкі наладжвае!»
Хведар пайшоў у свой вагон, а таварыш у нерашучасці затрымаўся. Ён мусіў зблізіцца з «аб’ектам» усутыч, каб не згубіць яго ў вакзальнай мітусні. Цяпер карты зблытаныя – застаецца прасачыць, як ён выйдзе з вагона, а далей дзеяць па абставінах. Не самы надзейны варыянт, але гэта лепш, чым яшчэ раз сутыкнуцца з рэдактарам і ўжо напэўна засвяціцца. Ён падышоў да акна і прыліп тварам да шыбы, – цягнік прытарможваў.
[4] Слухаю, пане (ням.).
[5] Пару сэндвічаў і гарбату з лімонам (ням.).
[6] Пане, вашы сэндвічы і гарбата (ням.).
[7] Вялікі дзякуй. Усё так хутка! (Ням.)
[8] Франкфурт-на-Майне. Наступная станцыя – Дармштат (ням.).
[9] Думаў, што бацькі зусім на мяне забыліся (ням.).
[10] Праходзьце… Калі ласка… (Ням.)