Яна абмачылася i на мокрым не магла заснуць. Іншага месца ў дзіцячым пакоі не было, і дзяўчынка ціхенька пайшла ў татаў. Таты ноччу звычайна не бывае. Тата прыходзіць пад раніцу.
Малая ўвайшла і са здзіўленнем глядзела на яго. Не плакала. Ён не разумеў, чаму ўсыноўленыя ім дзеці расстраляных ніколі не плачуць. Сваіх дзяцей у яго не было, але ён добра памятаў, як плакаў сам. Гадоў да дзесяці, з прычыны i без прычыны, не даваў маці спакою. Гэтыя ж дзеці, нават моцна пабіўшыся або апёкшыся, ні разу не пусцілі слязы, нібы не адчувалі болю. Нейкія нежывыя…
– Божа, пра што я? Ужо ў дзецях мерцвякі мрояцца. Усё! Спішуць! Спішуць і заб’юць! Занадта многа ведаю, занадта шмат награшыў. Занадта… Хоць… – спрабаваў супакоіць сябе кат, – хоць Бог дасюль быў лiтасцiвы да мяне. Moжa, i нездарма маліўся ўвесь гэты час. Маліўся, прасіў, тлумачыў. Можа, і нездарма…
Дзяўчынка легла ў бацькаву пасцель i пад ягоны, ужо ледзь чутны шэпт заснула.
А старэйшыя, трынаццацігадовая Лена i на год маладзейшы Слава, прахапіліся ад ягонага крыку: «Я павінен забіваць!»
Прачнуліся і ўжо не маглі заснуць. Анямеўшы ад жаху, яны ляжалі і слухалі споведзь забойцы.
Як зазвычай, кат устаў каля дванаццатай, адаспаўшы сваю норму – шэсць гадзін. Ён быў задаволены. Адпачыў і цяпер зноў зможа працаваць. Галоўнае – рукі не дрыжэлі, i гэта радавала: значыць, не спішуць, стары конь яшчэ спатрэбіцца. Кат ужо не думаў пра свае начныя раскаяннi, як, зрэшты, i заўсёды, калі ўдавалася добра адаспацца.
Па кватэры шнырылі дзеці, i ён, бы клапатлівы бацька, паглядзеў, што засталося з ежы. Бач ты, усё падмялі. Але такой бяды, ён прынясе. Вечарам, перад начною зменай…
Ён правільна адзначыў: дзеці шнырылі па кватэры. Не бегалі, не насіліся, а менавіта шнырылі. Асабліва старэйшыя. Шнырылі, шукаючы – чаго? Ён падумаў – як зазвычай, ежы. На гэты раз – памыліўся. Дзеці, найперш Лена і Слава, сноўдалі па кватэры зусім не ад голаду. Гэтай ноччу да іх прыйшла думка пра помсту. Хай ён толькі пойдзе! Яны адразу ж пачнуць рыхтавацца да суда і кары. Можна было б – дый трэба! – абысціся без суда, як без суда знікалі іх бацькі, але спярша трэба даведацца прозвішчы. Свае сапраўдныя прозвішчы! А потым ужо – пакараць смерцю. Пакараць – і квіта! Памілаванню ён не падлягае.
Цэлы дзень на пустцы Лена трэніравала руку – лупіла па затравелых купінах важкаю палкай. І вечарам, калі «бацька» прынёс смачненькае i зноў пайшоў на работу, прадоўжыла практыкаванні. Налічыўшы добрую сотку ўдараў, супакоілася: годзе, а то, чаго добрага, перастараецца і знянацку заб’е адразу.
Кат вярнуўся, як і звычайна, на досвітку. Упоцемку пад’еў, распрануўся, дастаў схаваны пад ложкам абраз, выцер яго і прыставіў да сцяны. Уздыхнуўшы, укленчыў перад ім.
Гэтага моманту i чакалі Лена са Славам. Чакалі з трывогай: баяліся заснуць. Але хваляваліся дарма: сну не было ні ў адным воку – занадта моцна ўразіла іх пачутае мінулай ноччу. Укленчаны пры абразе цень стаяў перад вачыма. I яны чакалі. Не цярпелася даведацца, хто іхнія бацькі. I галоўнае – пакараць забойцу. Яны пакараюць яго, і гэта будзе ix перамога. Перамога справядлівасці. Але спачатку – прозвішчы…
– Божа! Гэта апошні раз, клянуся! – зацягнуў кат сваю малітву.
Яго мармытанне падштурхнула Лену. Рука ўзнялася, і палка апусцілася на галаву амаль нябачна і ціха.
Кат тыцнуўся тварам у падлогу, і да яго кінуўся Слава. Вяроўка за час чакання ажно ўзмакрэла ў руках і выслізгвала. Усё ж яму ўдалося звязаць чалавека ў споднім. «Чалавека? – перапытаў сябе Слава. – Не, чалавека мы не забівалі б».
Лена шапнула:
– Правер яшчэ раз, ці добра звязаны. Не дай Бог… Слава паслухмяна зацягнуў тужэй канцы вяроўкі, сказаў з мужчынскай упэўненасцю:
– У мяне не вырвецца! – І дзелавіта спытаў: – Пачакаем, пакуль сам ачухаецца?
– Пачакаем. Хай сам…
Кат не ачуньваў. Як тыцнуўся носам у падлогу, так і ляжаў – хвіліну, другую, трэцюю. Госпадзе, як жа яго разбудзіць? Дакранацца да яго не рашаліся, а ён усё не варушыўся…
Лена паціху схадзіла на кухню, прынесла вады, рукой – не з рота – пырснула на яго. Не дапамагло. Няўжо памёр? Няўжо яна перастаралася і адразу… напавал? Шкада! Не змаглі дапытаць яго, вызнаць свае прозвішчы.
Пабедавалі, ды што рабіць – так выйшла. На ўсякі выпадак счакалі трохі яшчэ і пацягнулі яго ў двор. Праз сад давалаклі цяжкое цела да пусткі і скацілі ў нагледжаную ўдзень канаву. Засыпалі сырой ад ранішняй расы зямлёй.
Абое калаціліся – ці то ад холаду, ці то ад страху.
Вярталіся, калі ўжо віднела. Нікога не напаткалі: у доме з вокнамі на пустку жылі таксама начныя работнікі, і яны гэтай парою адсыпаліся.
Апрытомнеў кат у цемры. Пласт зямлі на ім быў невялікі, і праз тонкую прасціну, якая замінала бачыць ці паклікаць на дапамогу, можна было скупымі глыткамі цадзіць паветра.
Ён спрабаваў варушыцца, вырвацца з нечаканага палону, але моцна звязаныя рукі i ногі не давалі шанцу на ратунак. Гэта азначала – канец. Але моўчкі, як тыя паэты, ён паміраць не збіраўся. Выў, мыкаў, стагнаў. Ды неўзабаве заціх. Дранцвеючы ад жаху, адчуў подых смерці. Да яго набліжаліся людзі.
I ён ix пазнаў.
Свае і чужыя
Хведар прайшоў у канец вагона, дзе яшчэ раней заўважыў узяты ў багетную рамку, нібы карціна, расклад руху: та-ак, хуткі «Дортмунд – Базель» прыбывае ў ягоны горад уначы. Добра. Начная цемра не раз ратавала яму жыццё. Павярнуўся, падумаў: «Але ноч – лепшы час і для тых, хто выходзіць на паляванне».
Хведар зайшоў у купэ і зноў апынуўся насупраць пажылой нямецкай пары. Паглядаючы на жыццярадасных пенсіянераў, якія бясконца ўсміхаліся, ён не мог пазбыцца складанага пачуцця. Мінула толькі тры гады, як скончылася вайна, а для гэтых дваіх яе быццам і не было. Усё роўна як не былі скалечаныя іх лёсы, лёсы іх дзяцей, сваякоў, блізкіх, усёй краіны. Проста, але ахайна апранутыя, падцягнутыя, маладжавыя, радасныя, яны сядзелі, трымаліся за рукі і пяшчотна буркавалі. Шчаслівыя. Маладажоны, дый годзе.