Напэўна, таму і стралкі не беглі на поўную сілу. Думалі – стары спячэцца сам. А старому – дваццаць восем. І ён нe спёкся, ён уцёк!
Дзе ж тая вёсачка? Няўжо збіўся з дарогі? Kaлі збіўся – смерць!
І ён ішоў. Ішоў упарта i тупа. Ведаў: галоўнае – не спыняцца, інакш голад i смага зробяць яго хворым, вар’ятам. А гэта таксама – смерць.
I ўцякач брыў далей. Брыў, пакуль не перастаў разумець, бачыць, адчуваць.
І тады ён упаў, закалаціўся ў істэрыцы, зарагатаў, закрычаў, завыў. Розум не вытрымаў напружання. Чалавек пераставаў быць чалавекам.
Яго разбудзіла смага i пах вады. Ці гэта яму здалося?
Ён не пiў два дні. Устаў і пайшоў, з усіх сіл прымушаючы сябе верыць: гэты пах, гэты подых свежасцi – не насланнё. Недзе недалёка – вада, вялікая вада. Недзе недалёка – воля!
Ён вырвецца з клеткі, абавязкова вырвецца.
Неўзабаве ён убачыў нешта казачнае, неверагоднае і каторы раз паўтарыў: «Бог ёсць!» Перад ім разлягаўся акіян. «Спаў за якія дзвесце крокаў ад яго і не чуў, – здзівіўся ўцякач. – Відаць, са слыхам зноў не ўсё ў парадку. Цi гэты акіян недарэмна назвалі Ціхім?»
Ён ніколі не бачыў акіяна. Хараство, якое адкрылася вачам, заварожвала. Бясконцая, зіхатлівая марская роўнядзь супакойвала, цепліла надзею. Чалавек стаяў i глядзеў, амаль не дыхаў. Быў шчаслівы – ён памрэ не ў клетцы, у той вялікай клетцы, дзе прайшло ўсё ягонае жыццё. Ён памрэ хоць і на чужой зямлі, але без дапамогі катаў – вольным чалавекам, не рабом. Ён памрэ – не рабом! Памрэ з думкай пра выратаванага хлапчука, пра маці, пра сваю любую i недасяжна далёкую Радзіму. Чаго яшчэ жадаць асуджанаму на смерць?
«Божа, што гэта? Што там удалечыні? Карабель? Mipaж?»
Уцякач глядзеў на ўсе вочы, але далёкі сілуэт няўмольна расплываўся: арганізм траціў апошнія сілы, свядомасць зноў пакідала яго.
Уздоўж берага павольна i бязгучна плыў невялікі ваенны катар. Вось ужо чуваць галасы, можна згледзець людзей.
Двое фатаграфавалі ўзбярэжжа. Адзін з іх замяніў стужку і зноў навёў апарат на бераг. У аб’ектыў трапіла скурчанае нерухомае цела.
Навёў рэзкасць. Нібы апёкшыся, чалавек на катары апусціў фотаапарат на грудзі і закрычаў:
– Captain! There is somebody! What? No, any frontierguards. An old man.[3]
І ён іх пазнаў
– Гэта апошні раз! Апошні! Больш туды ні нагой! – пераконваў сябе чалавек у споднім, укленчыўшы перад абразом. І апраўдваўся: – Хто я?! Ніхто! Усё вырашаюць яны! Яны i ёсць звяры! Я толькі выканаўца. Паслугач! Цень! Усё яны, яны… Якой бясконца доўгай была гэтая ноч! ²х прыводзілі i прыводзілі. Здавалася, таму не будзе канца! I я страляў! А што было рабіць?! Калі не я – знойдуцца іншыя. Але тады i мяне… Таксама – у патыліцу! А я хачу жыць! Я павінен жыць! У мяне дзеці, іx дзеці. Расстраляных.
У дваццаць дзявятым, калі гэта здарылася першы раз, ён надумаў шукаць ix дзяцей i па магчымасці ўсынаўляць. Слава, Лена, Святлана, Зіна… Яны не ведаюць, што ён – забойца. Любяць яго, чакаюць з надзеяй: «Тата заўсёды нешта смачнае з работы прынясе». Калі б дзеці ведалі, што тое смачнае прызначалася іx бацькам. «Не хвалюйцеся, перадамо», – супакойвалі праз маленькае акенца людзей, якія прыносілі перадачы. А самі сабе казалі: «Іх ужо Бог накорміць».
Гэтая кастрычніцкая ноч трыццаць сёмага яго даканала. Такога яшчэ не было! Дзевяць чалавек – дзевяць паэтаў! – і ўсіх забіць мусіў ён!
З імі, вядома ж, следчыя папрацавалі, праз «амерыканскі канвеер» прапусцілі. Гэта калі стомленага ад катавання вязняў энкавэдыста падменьваў другі, пасля трэці, чацвёрты.
І паэты падпісвалі ўсё, што ад іх патрабавалі, прызнаваліся: так, яны ворагі народа. Маўклівага народа, які праз гэтае зацятае маўчанне і выракся іх, сваіх сыноў. У гісторыі «амерыканкі» не было непадпісантаў. У першы, дзясяты або соты дзень, пры памяці ці ў бяспамяцтве, але тое, пра што тут «пpaciлi», вязень рана ці позна падпісваў. Тыя, што не маглі зараз ісці, трымаліся даўжэй за іншых.
Для паэтаў ужо не існавала ні рана, ні позна. Наперадзе была смерць, i кат думаў, што ўсё будзе як заўсёды. Пачнуць дамагацца справядлівасці, прасіць паратунку ў Бога, крычаць пра сваю невінаватасць. Але паэты паміралі моўчкі. I гэта было жудасна. Яны маўчалі i глядзелі. Глядзелі праз яго, як сляпыя. Нібы перад імі была пустата. Здавалася, яны пакінулі ўжо гэты свет. Няхай бы крычалі, супраціўляліся, няхай бы прасіліся, плакалі – было б лягчэй, было б як звычайна. Але яны маўчалі, і кат пачаў злаваць. Занерваваўся. Так можна і прамазаць. Прамажаш – страляй зноў, марнуй лішні патрон. А гэта разбазарванне, шкодніцтва. Могуць спісаць. А спісваюць іх такія самыя, як яны… І тая ноч яго даканала. Здарылася тое, чаго раней з ім ніколі не было: не вытрымалі нервы.
На трэцім асуджаным у яго здрыганулася рука – паэт пасля стрэлу ўпаў, але не заціх – задыхаўся, глядзеў, ненавідзеў.
На сёмым схібіў пісталет – асечка.
Перад дзявятым кат дарэмна расціраў анямелы палец, той самы, што цісне на курок, – яго як адняло. Давялося страляць з левай.
«Дзякуй Богу, пацэліў! О, жах! Што кажу?! Значыць, дзякуй Богу, што забіў?! Божа, ратуй!» – закрыў ён рукамі твар.
Была глыбокая ноч, i чалавек у споднім не заўважыў, як ягоны шэпт паступова набраў сілу і нарэшце перайшоў ледзь не ў крык:
– Я павінен жыць! А каб жыць, я павінен забіваць! У гэтай краіне ёсць толькі два варыянты: альбо ты забіваеш, альбо забіваюць цябе! І калі ты не забіваеш фізічна, дык забіваеш сваім рабскім маўчаннем, рабскім жаданнем выжыць! Я таксама раб. Бо я забіваю ад страху быць забітым. Краіна забойцаў-рабоў, іх ахвяр i маўклівага народа!
Спінай адчуў холад. «На мяне глядзяць»! – падказаў розум. Павярнуўся. Заспанымі вачанятамі на яго глядзела самая маленькая – Зіна.
[3] Капітан! Там нехта ёсць! Што? Не, не пагранічнікі. Нейкі стары (англ.).