— Праверу!
Хлапец адыходзіць. Размову чуў, вядома, і бацька. Раніцой яшчэ пачне пілаваць, што марнуем мужыцкае быдла.
«А не мог сам прасачыць, як хаваюць мяса ў атрадзе? — агрызаюся ў душы.— Сам узяўся выконваць абавязкі старшыны, так выконвай!»
Робіцца яшчэ больш моташна.
Семнаццацігадовы сын валілскага гандляра Толя з'явіўся ў нас, абладаваны торбамі, як вярблюд, толькі ўчора.
Яго маці, як і мая, родам з Бялявіч. Пакуль не павыходзілі замуж, яны лічыліся блізкімі сяброўкамі. Тады яны, галасістыя дзеўкі, спявалі нават на клірасе ў гарадской царкве. Мама ганарыцца гэтым яшчэ і сёння. Учора раніцой вярнулася са Страшава, прывяла мне сына сяброўкі. Як і калі яны дамовіліся, не маю ўяўлення.
— Хай тут пры хлопцах сабе кідаецца! — вінавата абвясціла, як бы наперад заяўляючы, што карысці з такога партызана будзе мала і ты яе ад яго не патрабуй, але інакш яна не магла паступіць.
Русініха выправіла свайго Толіка ў лес з накрухмаленымі белымі кашулямі, з наборам туалетнага нямецкага мыла, з зубнымі парашкамі, з выпрасаванымі, як на выпускны вечар, нагавіцамі, з насмажанымі і напечанымі пірагамі ды катлетамі. Хлопцы над Толікам падтрунівалі, ён чырванеў ад сораму, я ж загадаў выдаць яму вінтоўку і махнуў рукой — абатрэцца ў кампаніі. Чэсна гаворачы, не запамятаваў яго нават з твару. Сёння вечарам меўся перад строем прыняць у яго прысягу, камісар раніцой яго рыхтаваў, Толік зубрыў тэкст...
I вісець цяпер на елцы яго пірагам ды катлетам у торбе, пакуль не з'ядуць іх чэрві! Будуць валілскія хлопцы перадаваць Русінам кожны раз прывітанне ад сына, як да гэтага часу ашукваюць маці Сашы Бранябойшчыка — ніхто не набярэцца адвагі сказаць беднай і адзінокай скрабляцкай удаве праўды!
Толік яшчэ паўбяды.
Нас маглі ля бальшака выкасіць да аднаго. Выпадкова трапіліся якіясьці нопалоханыя, бяспечныя ці легкадумныя немцы. Каб трапілі на іх месца бывалыя ваўкі з-пад якога-небудзь Ржэва ці нават крынкаўскія або гарадоцкія ды яшчэ мелі з сабой мінамёт?.. Дзіўнае шчасце, што ўсё так абышлося. Нават і гэтыя як потым стралялі?.. Памяць слыху захавала прыцэльны агонь кулямётаў: упэўнены, бязлітасны, густы і безупынны. Што ж, ім, нягоднікам, няма патрэбы эканоміць патроны.
Калі ў Ліпніках загінуў Саша, былі мае першыя камандзірскія крокі. Але цяпер? Няма мне апраўдання! Няма, няма!.. Не павінна такое больш паўтарыцца ніколі! I не паўторыцца! Усё! Апошні раз! Хопіць, даю слова!
Хтосьці нясмела прыпаднімае край палаткі. Нечая халодная лапа натыкаецца на мой твар.
Ну, што там яшчэ? — бурчу ў цемры.
Гэта я! — шэпча Ліда.
А ты чаго? — выбухаю са злосцю.
Алё-ошк...— кажа яна напалохана, з набалелым сумам і няўпэўнена пнецца пад плашч-палатку.
Яна мяне сёння ратавала.
Убачаць, дурніца!
Ну і няхай сабе бачаць!..— выдыхае з хваляваннем.— Алёшанька, цябе магло сёння не быць таксама!
Я здзіўлены інтанацыяй яе голасу. Такой Ліды яшчэ і не бачыў.
Вядома, магло. На тое і вайна.
Не кажы так!
Буду казаць ці не, а што з гэтага?
Ой, што б мы рабілі без цябе!
Знайшла аб чым!
Скашы, і не царапнула цябе нават?
Эка!.. Толькі халяву прастрэлілі. I рукаў у пінжаку ў двух месцах.
Ы-ы-ы-ых, бедненькі ты мой!
Ат, глупства. Магло быць куды горай. Трапілі б мы на франтавікоў сапраўдных, яны ўсю нашу банду выстралялі б, як качак! — адсоўваюся, даю дзяўчыне месца.