Размова далей не клеіцца. Пра што б цяпер ні пачыналі, зноў вяртаюцца да «Маскоўскай». Выпытваюць старога, колькі яна стаіць, мяркуюць, ці не сапсавалася за такі час.
Сапраўдная «Маскоўская» ад гэтага толькі лепшай стано-віцца! — аўтарытэтна кідае спецыяліст па спіртному Навасёлаў.— Ад мякіны ж яна яшчэ сеннага духу набярэцца!
Ён звяртаецца да бацькі яшчэ раз:
Дзядзю Нічыпар, то мо ўсё ж такі пойдзеце?
Валяйце, калі ўжо так просім! — дадае Сяргей.
Бацька непарушны.
У Валілах прасігналіў паравоз. Хлопцы жыва папаўзлі да пуці, замініравалі рэйкі.
Ну, цяпер, дзядзьку Нічыпар, вам давядзецца бутэлечку дастава-аць! — пераможна заяўляе Сяргей, калі яны адпаўзлі ад елачак.
А яшчэ невядома, як сябе пакажа твая міна на пуці! — ставіць новую ўмову бацька.
Пакажа, будзьце спакойны!
А ты не хваліса да часу, мо выйдзе з яе адзін пшык!
Не можа гэтага быць...— ужо менш упэўнена гаворыць хлапец.
Ладна! — згаджаецца раздражнёны Навасёлаў.— Пад лесам пачакаем на рэзультат!
Эшалон ледзьве цягнецца. Выбух і праўда толькі скінуў пярэднюю платформу з пяском, і непашкоджаны цягнік спыпяецца. Партызаны не ведалі, што ў ім на сарака платформах — танкавая дывізія. Разлютаваныя танкісты ўскочылі ў люкі машын, развярнулі башні і з паўсотні ствалоў 88-мілімотровых гармат адкрылі пякельны агонь. Паляцелі ў паветра страшаўскія платы, з карэннямі вырваныя прысады, зычна шлёпаліся на ўзаранае поле камы зямлі.
Партызаны мігам убеглі ў лес.
Ад снарадаў раптам успыхнула наша гумно, асвятліла пустое поле. Танкісты ўбачылі, што смаляць богу ў вокны, страляніну стрымалі.
Гумно гарэла, нібы свечка. Бацька з-за пня глядзеў на перапляценне крокваў і лат, якія вышчараліся скрозь языкі полымя, пазнаваў вядомыя да кожнай жэрдачкі сілуэты з часоў, калі адразу пасля вяселля ставіў будыніну, маўчаў. Папроцкаму зрабілася яго шкада. Ён бацьку пацешыў:
Нічога, дзядзьку Нічыпар, пасля вайны гумно вам усім атрадам пабудуем файнейшае! Затое мышы пагараць!..
Цьфу, прапала бутэлька!— не мог дараваць Колька Навасёлаў.
Мая група стаяла якраз недалёка.
Калі па страшаўскім полі ўзнялася шалёная страляніна, мы ўсе кінуліся насустрач падрыўнікам. Зарыва асвятляе дрэвы, у лесе відна бытта днём, і я трывожуся за мінёраў не на жарты — трапілі ў засаду, ці што?
Нарэшце з гушчару вылазяць хітраватыя і ўспатнелыя твары Навасёлава і Папроцкага, а за імі паўзе і бацька. Стары чамусьці вінавата хавае вочы. Па бляску зарыва раптам здагадваюся — гараць нашы будынкі! Кідаюся да ўскраіны.
З намі ў Ліпнікі прыбыла мама.
Стой, не пушчу! — рашуча хапае яна мяне за рукаў.
Мам, зараз вярнуся, толькі зірну!
Усе нашыя сабраліса, і табе няма чаго перціса на ражон! — цвёрда стаіць яна на сваім.
Там жа страляюць. I мо наша хата гарыць!
Халера іх бяры, хай пастраляюць сабе немцы адны па адных! Стой — сказала, не пушчу!.. Хай і хату паляць, прыйдзе і на іх канец!
Маме нічога не варта перад цэлым атрадам надраць мне вушы, нават надаваць тумакоў: будзеш хіба біцца з ёю тут? Каб не асарамаціцца перад людзьмі, падпарадкоўваюся.
Так і не бачыў, як пад бокам згарэла наша будыніна.