Магло-о!..— уздыхае яна з жахам.— Не думай болей пра гэта, ладна?
Ні на секунду не забываю што блізка бацькі.
Ты цішэй, яны пачуюць!..
Добра... — кажа з дзіцячай пакорай.
Мяне разбірае хваляванне. Пачынае чагосьці калаціць, бытта я раптоўна перамёрз. З'яўляецца нейкая цэпкасць думкі. Маю галаву кранае галінка, я прадбачу, што яна нам можа перашкодзіць, абламваю яе, як бы раблю каля сябе прастор.
Бе-едны мой Але-ошык, ніхто цябе і не пашкаду-уе нават! — дыхае яна мне ў твар, нясмела і з сардэчнай добразычлівасцю кончыкамі пальцаў праводзіць па шчацэ.
Душэўныя, далікатныя рукі дзяўчыны становяцца імклівымі, Яна раптам хапае мяне за шыю, прытуляецца, у вочы і ў нос лезуць яе валасы. Адчуваю трапяткую і шчодрую мяккасць і заміраю, агорнуты радасным здзіўленнем. Ліда цалуе мяне ў бараду, сарамліва нешта ляпеча, але я ўжо не разбіраю яе слоў. Ва мне абуджаецца якійсьці звер. Імкліва нагінаюся да яе шыі, прагна ўдыхаю ап'яняючае цяпло, дакранаюся вуснамі і тварам да гладкай скуры. Ад маіх несвядомых, дзікіх і галодных рухаў нешта трашчыць, я прыпадаю да грудзей і заміраю зноў у яшчэ ніколі не адчуваным шчаслівым блажэнстве. Яна з добразычлівай гатоўнасцю даецца сябе абняць, як бы ўваходзіць уся ў мяне, і я яе, лёгкую, падатлівую і ласкавую, адчуваю ўжо з пят да галавы, як само шчасце і роскаш.
Ніколі не думаў нават, што чалавеку можа быць аж так добра!
Не стала ўчора. Няма сённяшняй авантуры на бальшаку. Няма і заўтра. Становіцца ўсё роўна, што могуць нас бачыць і чуць бацькі, хлопцы і дзяўчаты. Агорнуты шчаслівай і п'янай невясомасцю, я цалкам трачу адчуванне, дзе я, дзе яна, дзе ніз, дзе верх, што мы абое ў лесе.
Алё-ошк... Алё-ошка... — шэпча ўжо не Ліда, а тое, што нас цяпер яднае.
Пачака-ай!.. Пачк...— адказвае ёй нецярплівы, знаёмы голас, і я са здзіўленнем здагадваюся, што ён мой.
...Назаўтра прачынаюся зусім іншым. Я ўпэўнены, бадзёры, лёгкі ды ўзмужнелы. Мне хоць крыху і сорамна, але гляджу на ўсё з нейкай вышыні, якая ідзе ад таго, што я стаў дарослы і поўны сілы.
Пад сасной — парваны ботамі мох, не спяшаюся яго нават зараўнаваць. Навокал мяне — памытая і напоеная летнім дажджом сакавітая зеляніна — сапраўдныя джгунглі. Блішчыць расой павуцін-не. Рэзва пераклікаюцца птушкі. Ветру няма, над лагерам сцелецца ляніва дымок. Ля вогнішча некалькі партызан дасушваюць вопратку. Ліда з Нікіцінай і мама гатуюць у вёдрах сняданне.
У Ліды прыгожы колер твару і непатуральны бляск вачэй. Яшчэ на яе твары як бы сарамлівасць. Яна аж свеціцца ўнутраным шчасцем, глядзіць на Нікіціну, маму, сяброў бытта бы з нахабным выклікам. I я адчувато, што такая Ліда, якую дагэтуль у атрадзе амаль не заўважаў, цяпер у маіх вачах вырасла, выклікае давер, паважанне і ўдзячнасць. I яшчэ — мы з ею звязаны нейкай ніткай.
Ліха на яго, не загубіць бы сваёй самастойнасці!..
1
З-пад Беластока прыкаціў сувязны.
— Тадэк! — рэкамендуецца мне хілы хлапец.— Вайцяхоўскі просіць цябе вечарам быць у яго. Адбудзецца нейкая нарада штабная, ці што. Мяне прыслаў прывесці цябе ў нашы краі.
Імя сувязнога напомніла, што там, адкуль ён прыйшоў, па весках, жывуць пераважна палякі. Сядаем з хлопцам на веласіпеды, выязджаем на прасеку і — у дарогу!
Камбрыга застаём у зямлянцы. Разам з ім — два незнаёмыя ў цывільным. Тут жа разведчыкі прышываюць белыя каўнерыкі, чысцяць вопратку.
З ЦК! — шэпча мне пачальнік брыгаднай разведкі Міцька Табуноў.
I сам бачу, людзі не звычайныя. У аднаго ордэн Леніна, абодва з Вайцяхоўскім нават на «ты». Побач з ім наш камбрыг здаецца нейкім нязначным, бытта меншы ростам...
Нарада пераносіцца,— паведамляе далей Міцька.— Учора зайшлі мы ў вёску за парсюком і палякі ранілі дваіх нашых. Будзем весці перагаворы з АК. Цябе бяром перакладчыкам. Загад камбрыга: форма дыпламатычная — белыя падкаўнерыкі, усім выглянцаваць боты, пагаліцца...
— У мяне яшчэ, здаецца, нічога няма! — хапаюся за падбародак.
Усё роўна. Ён любіць, каб усё было на бляск! Бяры маю брытву, скабліся!
Тутэйшыя вёскі — пад уплывам падпольнай арганізацыі Арміі Краёвай. Кіраўніцтва ж знаходзіцца ў Лондане, яно нам варожае. Адным словам, тэрыторыя нашымі партызанамі яшчэ не асвоеная. А я свой раён дыслакацыі ачысціў ад «самаахоўшчыкаў» — ай ды я!
Ноччу вырушаем у паход. Чужыя людзі, незнаёмыя мясціны — адчуваю сябе ніякавата, ад чаго яшчэ большая сабранасць і насцярожанасць.
У Зялёнай натыкаемся на засаду. У момант залягаем, даём чэргі з сарака аўтаматаў: адну! другую! трэцюю!.. Немцы з паліцаямі ўжо не рады, што звязаліся з намі, адразу моўкнуць і разбягаюцца — у цемры замірае іх дружны тупат ботаў.
Пасля сутычкі мы нават не збочваем з дарогі, моўчкі крочым ля хутароў ужо зусім зродненыя, упэўненыя, хоць і ўзбуджаныя. Крочу і я, успамінаю выпадковы бой ды радуюся, што і ў мяне нейкім чынам вырабілася імгненная рэакцыя. Яшчэ добра не скеміў, адкуль страляюць, а мой аўтамат ужо застрачыў у патрэбным кірунку. От бы такую імгненную рэакцыю вырабіць у сваіх людзей.
Усё жыццё буду мець на сумленні трагедыю роду Храноўскіх. Шуркаў бацька загінуў у партызанах яшчэ ў першыя дні вайны. Быў ён сувязным. Па даносу ўваліліся ў вёску немцы на веласіпедах, узялі яго і пад Гарадком расстралялі. Брат Міша, партызан атрада «Бацькі», загінуў у баі з жандарамі ў Каралёўскім лесе. Шурка застаўся апошнім у маці. Камандзіры атрадаў паўмысна яго не бралі з-за старой. Мяне ўпрасіў не так ён, як мае партызаны з яго вёскі, з Дзернякова. Хлапец пабыў у атрадзе ўсяго два месяцы...