— Тады пытанне лічу вычарпаным.
Толькі прашу: калі вам патрэбны будуць харчы, кажыце — выдадзім самі. Па лесе цягаюцца правакатары, бандыты,— часамі немажліва разабраць, хто перад табой!
Дамовіліся!
Сядайце, калі ласка, пане капітане! Сядайце і вы, панове! Усе сядайце!
Дзякуем!
Камбрыг апускаецца на бервяно. Хлопцы застаюцца на месцы, апынаюцца ў яго за плячыма і ўтвараюць як бы світу. Найбліжай да камбрыга стаю толькі я ды з пашанай да важнасці хвілі чакаю, калі зноў трэба перакладаць.
Мадэй, бімбру! — кідае паручнік.
У палякаў, выяўляецца, усё падрыхтавана.
У момант ад'ютант прыносіць два чайнікі самагонкі. Затым пару «акоўцаў» валакуць у плашч-палатцы закуску. Вільк просіць дазволу пачаставаць і разведчыкаў. Мадэй з пузатымі чайнікамі абыходзіць людзей ды з дзюбак разлівае гарэлку. Падае і мне накрыўку ад нямецкага кацялка:
— Прошэ, нех пан бежэ!..
Але я адмаўляюся.
Вайцяхоўскі дачакаўся, пакуль усім напоўняць посуд, чокнуўся з паручнікам і бытта толькі адно з-за павагі да традыцыі, без чаго нельга ніяк абысціся, урачыста падносіць самагонку да вуснаў, каштуе, нібы прычашчаецца. Гэтаксама і разведчыкі прабуюць яе сціпла, бытта дагэтуль і ў рот яе ніколі не бралі. Бяруць яе, як штосьці святое, і палякі.
Хоць ты прасі накрыўку назад. Такое ўражанне, нібы псую гэтай кампаніі зладжаную песню.
Выходзіць, па аднаму пытанню дамовіліся! — адстаўляе камбрыг шклянку.
Так ест! — згаджаецца афіцэр.
Другое. Мы б'ём немцаў, і вы іх б'яце.
Натуральне!
— Тады — чаму б нам не дамовіцца біць іх разам?
Мы пра гэта ўжо думалі! — падхоплівае паляк.— Я — камандзір мясцовай адзінкі АК...
А я тут — камандзір савецкай партызанскай адзінкі. Давайце лічыць нараду прадстаўнікоў мясцовых узброеных сіл войск адкрытай!
Давайце! На павестку дня выносім першае пытанне: хто будзе камандзірам?
А як вы думаеце?
На Тэгеранскай канферэнцыі савецкі прэм'ер заявіў так: вашы войскі будуць падпарадкоўвацца той дзяржаве, на тэрыторыі якой знаходзяцца.
Наступіла цішыня. Хвіліну чуваць, як дзесьці мычыць карова і скрыпяць калёсы. Я так хвалююся за камбрыга, што мне аж цяжка дыхаць.
Разумею вас. Але ж мы знаходзімся на тэрыторыі Усходняй Прусіі, а яна ўваходзіць у склад трэцяга рэйху. Па-вашаму, мы павінны падпарадкавацца немцам?
Палякі стрымана смяюцца. Каб не выбухнуць рогатам, нашы разведчыкі прыкусваюць губы. Я пераможна ўздыхаю.
Калі на гэтай тэрыторыі зноў будзе польскі ўрад, я з прыемнасцю яму падпарадкуюся!
Тады — хто? — разгублена і шчыра-заклапочана пытаецца Вільк.— Павінен жа нехта быць адзін, інакш — стыхія, пане капітане!
Па-мойму, няхай камандуе той, хто болей вопытны і ў каго лепей узброеныя людзі!
Вайцяхоўскі адкрыта глядзіць паручніку ў вочы. Намёк такі выразны, а довад пераканаўчы, што далей на гэтую тэму няма што і дыскутаваць.