Уяві сабе!
То ідзі да нас загадчыкам склада! Мне патрэбен ён да зарэзу! Будзеш жыць — во!
Я маўчу.
Стаім і маўчым абодва.
У мяне ёсць лячэбны спірт! — хваліцца ён, бытта немаведама якой весткай.— У медыкаў дастаў, пара-адак!
Навошта ён табе?
Палечымся! I «вспомним былые походы»!..
Былы камандзір атрада працуе тут дырэктарам рэстарана, а жанчыны, якіх я калісьці перадаў яму,— кухаркамі, афіцыянткамі.
Яны ўжо гладкія, белыя — не пазнаць.
Філімончык пайшоў у партызаны амаль з першых дзён вайны, і непрыемныя моманты, ці сустрэчы, альбо ўспаміны, як у мяне, мусяць быць і ў яго, але з Філімончыка — нібы з гуся вада. Упэўнены карычневы карак. Здаволеныя, бытта бакі футбольнага мяча, шчокі. Тое самае, што і ў лесе, крыўлянне...
Ёсць жа на свеце людзі, якія ўсё жыццё праводзяць гэтак павярхоўна!
Дырэктар ловіць маю руку:
Пайшлі, пайшлі, дзяўчаты там ужо і закусь нарыхтавалі недзе, і будзе пара-адак!
Куды ты мяне клічаш?
А што? Ведаеш, як будзеш жыць і купацца ў масле ў нас на пасадзе загсклада! Каму, калі не нам, ісці на такія пасады: цёплая, даходная — завошта ж мы з табой кроў пралівалі, з фашыстамі змагаліся?!. Стой, куды ты?!.
Будзь здароў, Валя!
З Гарадка кручу ў Бялявічы, да дзядзькоў. Іх у мяне два, і ў кожнага гурба малышоў. Застаю толькі пляменнікаў. Чаго малым хочацца? Паглядзець, вядома, як страляюць.
На сцяне дзядзькавага гумна намалявана кола. Мацерыны браты яшчэ пры Польшчы вучыліся тут страляць, а старыя дзірачкі ад куляў усё дзяцінства выклікалі ў мяне дрыжыкі.
Абкружаны пляменнікамі, пачынаю садзіць на бярвеннях новыя дзіркі.
Бах! Бах! Бах!..— толькі разлятаюцца ва ўсе бакі ад гумна куры.
У сваякоў стаіць на кватэры нейкі афіцэр інтэнданцкай службы. Пажылы чалавек не вытрымлівае пальбы, выбягае на двор.
— Не абрыдла табе яшчэ, дурань? — нападае ён на мяне.—Не? То ідзі унь туды, да іх! — паказвае на гасцінец, па якім рухаюцца запыленыя батальёны рэзерваў.— Любы з табой памяняецца!
«Чорт вазьмі, ён жа мае рацыю! — раптам спахопліваюся.— Ён сказаў менавіта тое, што даўно наспявала на душы ў мяне!»
Я накіроўваюся ў ваенкамат.
1961-1978
г. Гродна
КАМЕНТАРЫІ
Аповесць «Данута» напісапа ў 1957 г.
Першы варыянт надрукаваны ў зборніку твораў пісьменнікаў Гродзеншчыны «Нёман», № 2 за 1958 г., г. Гродна, пад назвай «У маладыя гады». Другі варыянт твора з'явіўся ў часопісе «Полымя», № 7-9 за 1959 г. пад назвай «Данута». Аповесць выдавалася таксама ў перакладах на рускую, украінскую, латышскую, польскую і чэшскую мовы. Варыянт аповесці «Данута», змешчаны ў гэтым томе, значна дапрацаваны; друкуецца без трэцяй часткі.
Аповесць «Пушчанская адысся» напісана ў 1961 г. Першы варыянт твора з'явіўся ў часопісе «Полымя», № З, 7, 9 за 1962 г. Аповесць двойчы выдавалася ў перакладзе на рускую мову. У гэтым томе аповесць «Пушчанская адысея» друкуецца дапоўненая і грунтоўна дапрацаваная.