Не, калі мала, то на яшчэ!
Што-о вы, до-осыць!
То валачы!
Але як? — чухаю патыліцу.
А я і мяшок дам,— кідаецца ён у сенцы.
Пачакайце!.. Вінтоўка. Буханка. Мяшок з капустай. Тры рэчы будуць. А рук-то ў мяне — дзве! Пакласці буханку на капусту — намокне.
А ты яе, заразу, на штык панадзявай! Мы яшчэ ў тую вайну так рабілі, дальбо!
Насаджваю качаны на вастрыё.
У лагер вяртаюся апоўначы. Трэба перайсці яшчэ і чыгунку, а там — варта! Паўзу да палатна. У адной руцэ вінтоўка, у другой — буханка, а каб іх не апэцкаць, я паўзу лакцямі. Дзесьці тут павінен мяне чакаць Філімончык. Цэлы дзень мы з ім важдаліся, складвалі планы дыверсіі, абменьваліся навінамі, паролямі, але пра тое, што адбылося раніцой, адзін аднаму нават рухам не намякнулі, хоць я пра выпадак не забываў ні на хвіліну.
Ага, вось і ён.
Ты гатоў? — пытаюся я.
Гатоў!
Тады — уперад!
Філімончык паўзе няўклюдна, як бегемот: сапе, звякае каменнямі, шалешча скураной курткай і рамянямі. Вяду яго да чыгункі ля паўстанка, дзе, па-мойму, варты з сялян не павінны паставіць. I сапраўды, мужыкоў там не чуваць. Затое наносіць нялёгкая патрулёў. Немцы не глухія, пачулі нас і спыняюцца. Калі ўжо яны перасталі сумнявацца, хто паўзе, салдаты залягаюць у яму ды вы-пускаюць ракету.
Ш-ш-ш-ш! — бліскучая, яскравая кропка асвятляе цемру.
Мы прытойваемся. Яскрава-белы агеньчык дасягае максімаль-най вышыні, апісвае дугу, падае Лебядзінскім на падворак, і нас ахутвае цемра, пра якую ў Страшаве кажуць — хоць на воўка лезь.
Тах! Тах! Тах! — пачуліся стрэлы вінтовак, і гукі адбіліся рэхам ад Ліпнікаў.
Палілі трасіруючымі кулямі. Нам добра відаць, як з ямы, дзе немцы ляжаць, раз за разам бзыкаюць у неба іскрынкі — патрулі смаляць уверх, баяцца высунуць з ямы і галаву.
Зусім не страшна.
Дзядзька, які даў капусту, заўсёды лічыўся ў нас самым несвядомым і адсталым чалавекам. I пры буржуазнай Польшчы і цяпер мы яго нават цураліся. I вось табе на! За зброю немцы расстрэльвалі на месды, а ён падабраў яе, схаваў. Няважна, што ні разу не стрэліў. Пару гадоў пра яе думаў.
Дзе я ляжу? Ага, на балотцы Васіля і Мікалая Лебядзінскіх. Тут у іх расце пару кустоў ракіты, я не раз яе на кошыкі рэзаў. Вунь чарнее і Васілёў хутар. Параняць — магу паўзці і туды, як у сваю хату. А ўжо там, ля самага бункера, жывуць браты — Альяш з Ігнатам. I да іх магу! I да іншых — у любую хату!.. Хоць цэлы атрад пад бокам у немцаў размяшчай па страшаўскіх хатах!.. Васілёва Надзя, напэўна, заціркі з пытляванай мукі наварыла на вячэру... Што я варты без гэтых людзей, без Страшава? Эх, як не хочацца адпраўляцца ў Каралёўскі лес.
Калі б узяў хто вялізную вагу і дваццаць тры гады таму назад зважыў страшаўскія палі са збажыной, балоты з травамі, лес з кветкамі і паветра з пахамі, ды зрабіў гэта яшчэ раз цяпер, то ў яго не хапіла б роўна столькі кілаграмаў, колькі нашу сваімі нагамі я.
Кожная салінка, кожная малекула ва мне мае сабе родную салін-ку і малекулу ў целах нашых страшаўцаў, у гэтым полі, тарфяніску, ракіце, нават — у страшаўскім палыну, крапіве і ліпніцкіх крывулі-нах, таму мяне сюды так і цягне.
Усімі клеткамі свайго цела адчуваю, як Страшава ад мяне чагосьці чакае. Пакуль ва мне цепліцца свядомасць, ці ж змагу пайсці супроць сябе, падвесці землякоў?!. Эх, замала для іх я яшчэ зрабіў!..
Трэба адыходзіць, а мне ўсё не хочацца. Мокрая ад начной расы трава, халаднаватая былінка, якую падагнуў шчакой, здаюцца такімі мілымі і роднымі, а чатыры салдаты ў кустах — недарэчнымі, няпро-шанымі чужынцамі, якія блытаюцца тут па нейкаму непаразуменню. I я ўжо не камандзір. Нават не партызан. Так, страшаўскі хлопец на сваім балоцечку. Мяне падмывае на фіглі. Давай папалохаю гэтых немчыкаў ды заадно паспрабую, як б'е новая вінтоўка. Здымаць са штыка качаны лень — чорт яе бяры з капустай, усё роўна вывазіў у пясок.
Прыкладваюся і бабахаю.
А-а-а! — верашчыць Філімончык.
Валя, ты чаго?
Забі-ілі...
— Што з табой? — палохаюся не на жарты — магло разнесці забіты торфам ствол і чалавека акалечыць.