Выходзім на агародчык. Там ля кустоў бэзу стаяць чатыры вуллі. Чарнее скапаная на расаду зямля. У адным месцы жаўцее капец пяску — невялічкі, бытта над ім яма з морквай ці буракамі. Солтыс узлазіць па капец, уздыхае, бытта збіраецца жаліцца, як яму цяжка жыць на белым свеце. Яго грудзі цяпер на ўзроўні маіх. З цікавасцю ўзіраюся на чалавека.
Згорбленая гадамі фігура. Вочы і твар змардаванага фізічнай працай селяніна. На непакрытай галаве — кароткі вожык з мясцінкамі сівых валасінак — дакладна, нібы ў майго бацькі,— жорсткі, густы, бліскучы ад сакавітасці, з перламутравым пералівам.
Дзядзька яшчэ раз уздыхае і лезе за пазуху расхлыстанага кажуха. Адтуль дастае ржавы наган. Ага, ты, падла, хочаш пахваліцца перада мной ім.
О-о, вундэрбар! — дзіўлюся.— Русіш?
Бяру наган, узважваю на далоні. Але раблю гэта надта тарапліва, сябе выдаю, і солтыс спахопліваецца. Каб я не захапіў яго ўласнасць, ён рэвальвер паспешліва адбірае. Не выказваю ўжо цікавасці да яго зброі, і стары цалкам супакойваецца. Зноў уздыхае, тыкае ствалом сабе пад ногі, прытопвае чаравікам пясок і даверліва прызнаецца:
— Во, гэтым наганам нядаўна тут сваой рукой бальшавіка аднаго ўкакошыў!.. Чырвонаармейцам быў!.. Прытаіўся сабе тут у нас і думаў, што яму гэта пройдзе так!..
Выхваляецца, што застрэліў нашага Васю, якога мы з Вайцяхоў-скім пасылалі сюды сувязным?!. Я апешыў. Ён жа, напэўна, і баць-кавага знаёмага міліцыянера паддаў бобікам — спытай і пахваліцца гэтаксама!..
Нейкую секунду — яна здаецца вечнасцю — маўчу, уражаны прызнаннем пачвары. Памалу ва мне прачынаецца лютая злосць. Скідваю з пляча аўтамат. У солтысавых вачах — жах.
Што вы, пане, нэ-эй!
Тарноўскі выпускае наган, хоча адхіліць мой ствол, але не паспявае. Чарга пырскае яму ў жывот, парахавыя газы з сілай кідаюць яго аб зямлю.
Нэ-эй, я нэ-эй, па-ане! — нейкім падабрэлым голасам, перарывіста, хапаючы адкрытым ротам паветра, моліць ён ды стараецца ўсё злавіць за канец аўтамат.
I не думаў, што можна забіваць з такім здавальненнем. Паспешліва і нецярпліва прыстаўляю ствол да ято галавы ды націскаю спуск. Другая чарга вылятае ўжо не з аўтамата, а з мяне самога і зносіць Тарноўскаму чэрап. Солтыс выцягваецца, замірае.
Во, маеш, гад!
Выбягаю за дом. Людзі разлятаюцца ва ўсе бакі. Мішка ўжо ў адной руцэ трымае дзесяцізарадку, у другой — кулямёт. Вартаўнікі стаяць ля яго ног ракам, засланяюць твары рукамі. Дзынькаюць шыбы. Сарваўшы раму з акна, вывальваюцца з бакоўкі солтысавы жонкі — спачатку татарка, за ёй маладзіца з нейкай скрыначкай пад пахай. Яны разносяць плот, нясуцца па вуліцы. Паклаўшы рукі на падаконнік, па іх смаліць з аўтамата Косця:
Тр-р-р! Тр-р-р!..
У сенях з кімсьці дужаецца Кардаш. Ля фурманкі ляжыць на спіне мёртвы той самы фурман, якога нядаўна жонка называла Васілём. За фурманкай тырчаць абалдзелыя дзве шарэнгі людзей. Іхні камандзір выцягнуў шыю, глядзіць на мяне са здзіўленнем, не моргаючы вачыма. «Самаахоўшчыкі» яшчэ нічога не разумеюць — не даць апамятацца ім!
Падлятаю да шарэнгаў, тыкаю ствалом перад сабой і не сваім голасам крычу:
Зносіць сюды зброю! Але хутка, чорт вас пабяры! Ану, бягом марш, шнэль, рук-цук!
Яны паспешліва і нават як бы з аблягчэннем кідаюць мне пад ногі ўсё, што маюць, затым вяртаюцца на месца. Кожны хоча схавацца за плечы другога, і ў выніку збіваюцца ў цесны натоўп.
Апошняя вінтоўка ўпала на брук, я аб'яўляю, хто мы такія. Ачмурэлыя «самаахоўшчыкі» пяляць жахлівыя вочы, не рухаюцца з месца. Я ўсё гавару і гавару. Гэта мая, мабыць, першая публічная прамова. Ніколі ні да таго, відаць, ні пасля так я не лаяўся. Усё, што ва мне накіпела, вылілася цяпер у самую адмысловую лаянку. Потым не мог успомніць ні адной фразы, але хлопцы казалі, прамова атрымалася ўнушальнай. I не думаў, што лаянка часамі можа даставіць гэтакую асалоду.
8
Сябры закідваюць трафеі на падводу, валакуць скрыні з маслам, кошыкі. Аднак я паспяваю скеміць, што ўсё куды складаней, чым здавалася нам у лесе. Галоўнае мы выканалі, а цяпер трэба выносіць ногі, пакуль цэлыя.
Адставіць! — камандую.
Чаму?
Не ўсе «самаахоўшчыкі» паспелі сабрацца! Яшчэ столькі ж іх па хатах хаваецца! Валі на спіну, колькі панясеш, і давай бог ногі!
Камандзір, падводы ж падрыхтаваны!
Аднак хлопцы падпарадкоўваюцца. Чапляюць на сябе трафей-ную зброю, і адпраўляемся.
Выходзім за гумны, а ззаду адкрываецца страляніна. Падаем у барозны, прытойваемся. Б'юць з кулямёта, «СВТ» і вінтовак — густа, бязладна, і кулі ідуць над намі высока.
Ану! — кідаю Кардашу.
Сашка з рукі выпускае цэлы дыск ца платах і стрэхах — стрэлы ў вёсцы адразу змаўкаюць.