Ачмурэў? Мы адпраўляемся зараз за шашу рыхтаваць у паход Смірнова-прапаршчыка.
Глупства! Няхай ідзе Ліда з Папроцкім. Яны прывядуць не горш за вас. Мы пойдзем у іншае месца!
Што такое зноў? — бурчыць Косця і ляніва пазяхае.
Хлопцы, пад'ём! — ужо крычыць Міцька.— Слухайце, халера на вас, лодары! Каўнянцы яшчэ ўчора адвезлі крынкаўскаму амтскамісару рэшту зброі! Пад вечар здалі яе Янышы, Галынка, Валенты і Кухны! А з Азяран і Голікаў мужыкі прыслалі да мяне паслоў. Прапануюць, каб зброю забралі ў іх мы. Ведаеце, колькі яе там? — пару фурманак, цэлую роту можна ўзброіць!
Сон з мяне нібы рукой здымае. Саджуся.
Нават у цемры бачу, як у Міцькі блішчаць вочы. Ён увесь дрыжыць ад хвалявання.
Э-эх, сама сон якраз! — пазяхае Косця.
Разумееце? — Міцька працягвае.— Учора вы, чэрці, адным махам асвоілі ўвесь паўночны раён! Ад паслоў адбою няма! Да майго бацькі валяць! Адкуль, заразы, толькі і даведаліся, што мае стары сувязь з партызанамі! Прыстаюць да старога і прыстаюць! Просяць, каб ім даравалі. Кажуць, думалі, што ў лесе толькі бандыты швэнда-юць!
Ну і што? — флегматычна бурчыць Косця, скрабецца пад пахай.
Бадзяга прыкідваецца, што яму ўсё роўна, і помсціць цяпер Міцьку. А я-то думаў, што Косця — дабрак, не злапомны!..
Чорт, здолеюць Ліда з Сяргеем справіцца з групай? Стрэльне хто на шашы, разбяжыцца гэтае бесталковае войска па лесе, як яго збярэш потым?
За шашой будуць чакаць два веласіпеды, грыбоўшчынскія хлопчыкі падгоняць! Націснем на педалі і праз гадзіну будзем там! Столькі зброі нават нам не снілася! Хутчэй, бо крынкаўскі амтс-камісар ачухаецца і здагадаецца раней нас раззброіць «самаахову»!..
Калі на жыццёвым шляху кожнага чалавека трапляюцца і праўда свае гордзіевы вузлы, то я ўпэўпены, гэта быў — мой. Аж дух займае ад перспектывы, якая перад намі адкрываецца пасля выпадку ў Каўнянах. Ніколі, здаецца, не быў я гэтак шчаслівы.
1
Робіцца ў Ліпніках цесна, трэба шукаць стаянкі ў вялікім лясным масіве — тут нас лёгка высачыць і пакрыць. Збіраемся перакачоўваць у Каралёўскі лес. Ён ад Страшава кіламетраў з дванаццаць, адтуль будзем прыходзіць сюды на заданне. Застаецца толькі і ўладкаваць тое-сёе.
Церахаў Міцька з Грыбаўцоў да вайны служыў у Чырвонай Арміі, ля Мінска трапіў у палон і за калючым дротам пад Беластокам ужо канаў ад голаду, вошай і холаду. У лагер да іх зачасціў белагвардзейскі афіцэр ды стаў прапаноўваць тым, хто запішацца ў нямецкую армію,— ежу, вопратку і волю. Міцька трымаўся, трымаўся і вырашыў рызыкнуць — запісаўся.
«Няхай толькі пакормяць і выведуць за калючы дрот — убачаць мяне тады, як сваё вуха!» — разважыў ён.
Грыбавец пачаў вартаваць зручны момант.
Немцы з такіх палонных сфарміравалі вайсковую адзінку і сабраліся адпраўляць яе на Усходні фронт — несці дапаможную службу ў часцях вермахта. Міцька папрасіўся на некалькі дзён дахаты на пабыўку. Да яго ў спадарожнікі навязаўся нямецкі яфрэйтар, з якім і прыбыў хлапец у свае Грыбаўцы.
Прыехаўшы ў родную вёску, Міцьку пацягнула да нас. Церахаў сын, аднак, папрасіў усё зрабіць так, каб нават бацькі не здагадаліся, куды ён дзенецца. Мы Церахавага сына ведалі да вайны, узяліся хлапца ратаваць.
Настаў час і начштаба пакінуць хату. Лесніка вырашылі ўзяць мы з «фокусам».
Яшчэ звечара за двума Міцькамі ў Грыбаўцы я паслаў пяць чалавек на чале з Папроцкім.
Солтыс са Скраблякоў паведаміў, што сабраў для немцаў многа малака, яек, масла і сыроў. Грыша Налівайка з двума хлопцамі адправіўся ў сваю вёску па харчы — пракарміць цяпер нашу араву вельмі не проста.
Заставалася ў лагеры яшчэ многа людзей, галоўным чынам беластоцкіх. Мы нават не ведаем адзін аднаго па імені. Некаторыя смяюцца няшчыра, не могуць схаваць трывогі і насцярожанасці, штучна падстройваюцца пад агульны — вясёла-бяспечны тон. Нашае знаёмства не праверана на тысячах драбніц, не замацавана суполь-най справай — перада мной яшчэ не атрад, гэта я добра адчуваю сэрцам. Трэба людзей паставіць пад небяснеку, даць магчымасць кожнаму сябе праявіць, зблізіцца, набрацца самаўпэўненасці.
Забіраю рэшту партызан і вяду на паўстанак Саколе.
2
На паўстанку дзяжурыць наш сувязны — Мікола Янюк. Падбіраемся ноччу, даем сігнал Мікалаю.
Патрулі пайшлі! — шэпча нам з цемры дзяжурны.— Дуйце ўсе да мяне!
Увальваемся ў будынак вакзала. Тэлефоны, тэлефоны, тэлефоны — аж пяць штук! Рычагі ад стрэлак, семафораў. Акумулятары, балоны з газам. Яшчэ нейкія апараты, карбідныя лямпы. На сценах — вялікія аркушы паперы, на іх каляровай тушшу выводзены лініі і чужыя гатычныя літары.
Нават вісіць дакладна такая самая, як па вакзале ў Аленштайне, чорная дошка для вызначэштя спозненых цягнікоў, а на палічцы ляжаць анучка і крэйда. Вышэй — знаёмы мне лозунг: Alle Räder müssen rollen für den Sieg!» і перасцярога: «Pst! Fiend hört mit!..» Апараты гудуць, звоняць, вібрыруюць. Мігаюць, як жывыя, чырвоныя і зялёныя вочкі. Мы ўсе насцярожана-ўзбуджаныя, адчуваем сябе няўпэўнена — дакрануліся да пульсу Германіі.