Чакаю адказу. Ён зразумеў па інтанацыі, што гэта — пытанне, але разгублена маўчыць. Цяпер дакладна бачу: па-нямецку ён ні чорта не разумее, надарэмна я баяўся. Дзядзька проста вывучыў некалькі фраз ды паўтарае, як папугай, а для цёмных сялян веданне і двух дзесяткаў слоў здаецца немаведама якім дасягненнем, яны і разнеслі аб ім славу як пра чалавека, які гутарыць па-нямецку.
Тарноўскі прыкідваецца, бытта не чуў мяне, нападае на мужыкоў і баб:
А вы, сволачы, чаго выбалачылі тут свае слепакі? Р-р-раўз, падлы, адгэтуль! Арбайтэн, арбайтэн, лё-ос! Шнэль, швайны і гунды праклятыя!
Людзі, відаць, даўно прызвычаіліся да выхадак солтыса, не над-та палохаюцца. Каб не задзірацца з халерай, адступаюць на пару крокаў.
Солтыс зноў застывае перада мной, паслужліва задзірае галаву, гатовы выканаць любы загад, толькі б я не мучыў яго незразумелымі пытаннямі. Добра да яго прыглядаюся.
Ростам ён мне па бараду. Сухі, з дублёнай вятрамі і сонцам скурай на твары і лобе. Паміж губой і порыстым носам з сінімі кропінкамі вугроў — банцік рэдкіх вусікаў. Твар расплываецца ад бяздумнай ліслівай усмешкі.
— Біттэ нах гаўзэ! — паказвае рукой на сябе.— Біттэ эсэн, дрынкен!
Чорт вазьмі, не магу перастроіцца на хаду, і зноў хочацца сыпануць складаныя нямеіцкія фразы, што падрыхтаваў раней.
Выручае Косця.
Шэф тобі кажа, щоб всіх узброеных чоловіков праз пяць хвылын выставів во сюды, разумііш! — камісар бесцырымонна абрывае Тарноўскага.
Разумею...— солтыс праглынае камяк крыўды.
I щоб тут було дэсяць підвід, разумііш?
Разумсю, пане...
То дуй швыдко, а то як заіду в рыло!..
Тарноўскі адлятае ад Косцікавага прыклада, трасучы матузкамі ад кальсон, імчыць наперад.
I бімбар каб быў! — уздагон крычыць Сашка. «Бімбар» па-польску называецца самагонка.
Гу-ут, пане! — солтыс кідае ўжо на ляту.
Я часта ламаў сабе галаву, стараўся зразумець прыроду прадаж-нікаў. Адзін гатунак такой пароды людзей бачыў у турме, у Штутгофе. Перад абліччам смерці звіхнуўся адзін раз, учыніў злачынства, ратуючы сваю шкуру, тады пайшло і пайшло. Памалу нешчаслівец памірыўся з тым, што ён скончаны мярзотнік, закінуў сумленне на самае дно ды стаў ужо катам па прафесіі.
У лагеры, у турме станавіліся прадажнікамі, каб уратаваць сябе, кідаючы ў ахвяру звярынаму, шкурнаму інстынкту сваё чалавецтва. Што ж за гатунак людзей вось такіх, на свабодзе? Іх нічога не прымушае прадаваць сваіх, яны робяць гэта з уласнай ахвоты. Якая ў іх мараль, што за прынцыпы?
Вось Тарноўскі вылятае з якогасьці падворка. Ля плота стаяць бабы, мужчыны. Вуліцу перасякае статак гусей. Солтыс бачыць, што я пазіраю ў яго бок, і — трах! — дзядзьку кулаком па твары! Потым замахваецца на баб. Пад ногі трапляе гуска, ён б'е яе чаравікам і толькі тады дабіраецца да жанчын. Бабы разлятаюцца хто куды.
Выслужваецца, паказвае мне, які адданы. Яго прымітыўнае мышленне прымушае ногі і рукі рабіць тое, што на яго погляд рабіў бы я сам.
Абмежаванаму, сквапнаму, помсліваму, але дзейнаму ды яшчэ здароваму карчу далі ўладу. Прымітыўная натура, якой незразумелыя эмоцыі спагадлівасці, суперажывання, літасці, спачування і здаровай логікі — усяго, што мы разумеем пад словам гуманізм, знаходзіць сабе прымяненне ў энергічным карыстанні гэтай уладай. Грызці сумленне такога не можа — ён яго не мае.
Не раз чую, людзі кажуць: то быў залаты чалавек раней, але вайна сапсавала. Вайна толькі паскідвала наноснае, людзі пасталі самі сабой. Мярзотнік быў і ў мірны час мярзотнікам, але тады трымалі яго рамкі і яго натура не магла развярнуцца. Так і Тарноўскаму можна цяпер скінуць шкуру.
5
Хочаш не хочаш, трэба ісці да солтыса ў госці. Каторы дом Тарноўскага — няма патрэбы пытацца. Туды сыпанулі юркія хлапчукі, занялі ўжо выгодныя пазіцыі на плоце, каменнях і нават — дрэвах.
Солтыс сустракае нас на падворку і аж расплываецца ад гасціннасці.
Эсэн? Самагонка? Айер? Бутэр? Біттэ нах гаўзэ, біттэ ком, гэр шэф!
То можам і зайсці! — разважае Косця ды чмыхае носам.
Азіраюся. Два дзядзькі са зброяй, якіх мы вывалаклі з дзота, тырчаць на бруку. Паміж імі — непакорна апусціўшы галаву, з-пад лоба зыркае людзям пад ногі набычаны Мішка. Паказваю на мурог, і Міша сядае туды, апіраецца плячыма аб штыкетнік — рэдкі і нізкі, праз яго ўсё відаць.
— Ду — гір, унд ду — гір! — тыкаю пальцам. Вартаўнікі тарапліва выконваюць мой загад — становяцца паабапал Мішкі.