Скажы ёй — зараз прыйду! — нецярпліва адмахваецца нездаволены чалавек і зноў далучаецца да размовы.
Перапалоханае дзіця знікае.
Мужчыны мяне і далей трактуюць, нібы нямога,— гутараць сабе, ядуць і выпіваюць. Сядзець тут і глядзець ім у раты больш не магу.
За плітой — дзверы. За імі, ведаю, яшчэ два пакоі: бакоўка і вялікая хата. Інстынктыўна адчуваю там небяспеку — нехта нас падслухоўвае.
Узнімаіося і з аўтаматам у руцэ іду да дзвярэй. Тарноўскі хоча затрымаць, але я не звяртаю на яго ўвагі. I вось — апынаюся ў бакоўцы.
Направа — уваход без дзвярэй у вялікую хату, там адно вазоны. У бакоўцы перада мной стаіць маладая жанчына. У гарадскім шэрым світэры, пекная, бадай што прыгожая славянка са свежым, распараным тварам, бытта маладзіца выйшла толькі што з лазні. Незнаёмая горда і як бы з выклікам паварочваецца да мяне паўнаватай фігурай, глядзіць ва ўпор, насцярожана чакае.
З жахам спахопліваюся, ты— другая жонка?!. Кажуць, да вайны была замужам за лесніком, прыехала да нас з-над Віцебска...
Калісьці я многа чытаў, як у некаторых народаў мужчыны трымалі па некалькі жонак. Жанчын такіх было вельмі шкада, як нявольніц, я заўсёды абураўся, што не знаходзілася смелых людзей сумленных, якія б іх вызвалілі, і марыў — хоць краем вока глянуць на такую сям’ю. I вось я на яе гляджу і нічога не разумею.
Счарнелы, сухі, брудны і смярдзючы змаршчок з бедным інтэлектам і такая маладзіца?!. Ён жа нават ніжэйшы за яе на паўгалавы! I татарка з маладой не выдрапалі сабе вачэй!.. Яны, здаецца, нават заадно!.. Толькі і розніцы ў іх, што старая ад шчырага сэрца стараецца нас пачаставаць, а гэтая — не толькі не карыстаецца момантам, каб даць драла ад нялюбага, але выразна хоча, каб я сабе хутчэй выйшаў адгэтуль і пакінуў яе ў спакоі.
На!..— вырываецца ў мяне дзяжурная фраза, інтанацыяй якой немцы выражаюць свой настрой.— Ві гейтс, фроляйн? Загон зі маль! [83]
Але жанчына і далей упарта на мяне глядзіць, насцярожана сочыць за кожным маім рухам, а на яе распараным твары выступілі ўжо шэрыя плямы.
Ні то разгублены, ні то збянтэжаны, я паварочваю з бакоўкі і адразу аб ёй забываю.
Пайду, пагляджу, магчыма, нашы з лесу ідуць! — кідаю па-нямецку Сашку.
Па-ане, пі-іце, ну-у! — моліць ужо зусім супакоены солтыс.
А ты ёго не чопай. Він сь паньского роду, нэ пье цього эліксіру!
Яму лікё-оры розныя, шампанскія падавай! — паслужліва набіваецца ўсё да кампаніі мужчына.
Няхай ідзе сабе, чорт яго бяры, табе што? — крычыць на солтыса Сашка.— Нам болей будзе!
Немцы маюць панскія страўнікі! — гаворыць навіну загарэлы госць.— Гэта не тое, што ў нашага брата, беларускага мужыка: жывот — і жабу і калючы дрот, усё сажрот, га-га-га-га!
«Чалавеча, навошта цябе сюды прынесла, ішоў бы ты лепш дахаты, якой халеры табе тут трэба?..» — са шкадаваннем і трывогай думаю я, пераступаючы парог.
6
Ля плота згрудзіліся людзі. Мужчыны і жанчыны павыцягвалі шыі, адзін праз аднаго заглядаюць туды, дзе сядзіць невідочны мне Мішка. З платоў, дрэваў цікуюць і хлопчыкі. На мяне ніхто не звяртае нават увагі. Набычана слухаю і ў душы абураюся. Цырк вам тут, забаву сабе знайшлі!
Ах, бо-ожанька,— дзівіцца цётка,— які малады і ўжо бандыт!
Нягодніца. Усыпаць бы табе за гэта.
I трэба ж з такіх год падацца ў воўчую шкуру, падумайце, людзі! Мусіць, такое ўродзіцца!..
Е мацяркі такія, што так дзіця з малога настроіць! Хрыстапрадаўцы. Пачакайце ж, зараз я вам пакажу!
Сыно-очак, табе сама жыць! — чуваць ужо з натоўпу.— Цябе застрэляць, як аман у пацеры! Лепш уцякай ад іх, сынок! Даедзеце да могілак і бяжы!
Уцякай, мо пашанцуе!
Вось табе і раз!
Многія адтуль уцякалі! За вёскай будзеш бачыць крыжы і кусты — не будзь дурнем, сынок! — горача пераконвалі Мішку ўжо іншыя.
Мне цяпер здаецца, што я сярод нашых, страшаўскіх цётак. Ледзьве сябе прымушаю іграць далей, важна накіроўваюся з прыступак на вуліцу.
[83] — Ну, папенка, як справы? Кажы! (ням.)