На самой справе, чаму нк падключыць іх да атрада зараз жа? Цяпер яны бітыя, а за аднаго такога бітага двух нябітых даюць! — Раніцой да вас заглянем і вечарам правядзём праз шашу! — аб'яўляе Косця.— Суткі пацерпіце?
Вы-ыцерпім! — весялее хлапец.
9
У Ліпніках нас ужо чакаюць.
Сяргей Папроцкі прывёз цэлую фуру 76-міліметровых снарадаў, склаў пірамідай, прыкрыў яловымі лапкамі. Яшчэ прывёў са Скраблякоў навабранцаў — Грышу Налівайку і Сашку Янкевіча. Абое трымаюць паміж калень «СВТ» з самаробнымі прыкладамі, скромна, як госці, сядзяць ля вогнішча і з цікавасцю прыглядваюцца,
Ліда вярнулася таксама не з пустымі рукамі.
Абое спадзяваліся здзівіць нас, цяпер разумеюць, што ў параўнанні з нашай выправай на Каўняны іхнія поспехі — дзіцячая гульня. Яны прагна ловяць падрабязнасці нашага ўзбуджанага, адрывістага апавядання.
Пад вечар на веласіпедзе падкатвае Міцька. Мы збіраемся пахваліцца, а ён яхідна заяўляе:
Усё ведаю! Адразу здагадаўся, чыя работа!
О! нават да Грыбоўшчыны дайшло?
Пачакай, рана ты радуешся! Вы, сабакі, застрэлілі там чалавека свайго!
?!
На цэлыя Каўняны быў у мяне адзін сумленны хлопец, і таго забілі...
Нашы твары выцягваюцца.
Я-ак? — дзівіцца камісар.
А халера вас ведае!
Я стараўся як найменш праліць крыві, усё аддзяленне «самааховы», абяззброіўшы, разагнаў па хатах. Акрамя солтыса, там загінуў яшчэ фурман і той дзівак, якому прыспічыла ў такі момант выпіць з немцамі. Каторы з іх Міцькаў знаёмы?
Думаеш, ты разабраўся б у той час, хто вораг, а хто прыяцель? — бурчыць Косця.
I разабраўся б! Каб быў там, то гэтай ахвяры не было б, не сумнявайся! I золата Тарноўскага з рук не выпусціў бы, як вы!..
Ах, вунь што за шкатулка была ў яе руках!
Хто табе перашкаджаў? Нябось, сам не захацеў брудзіцца, да Вайцяхоўскага мэнтнуў!
Не вы мяне пасылалі ў леснічоўку?
У праклятай вёсцы нават носа не было калі выцерці! Увесь час так і глядзі, каб з-за вугла не запусцілі ў цябе дыск з «дзегцярова»! I нават жонкі Тарноўскага хацелі замкнуць нас на кухні ды не выпусціць — малодшая выскачыла ў сені з вялікай хаты другімі дзвярыма і ўжо бралася за засаўку!
Вядома, найлепш — пальнуў у першага, хто падвярнуўся пад руку, і ўсё! А навошта выпусцілі яе са шкатулкай? Што нам Вайцяхоўскі гаварыў?
Міцька, там разбірацца вельмі не было калі! — пераконвае і Кардаш.— Ды наогул, хлопцы, сваркай чалавека не вернеш з таго свету!
Я, камандзір, вінаваты найбольш. Сяджу — нібы вады ў рот набраўшы. Выяўляецца, яшчэ і золата мы празявалі!.. Апраўдвайся цяпер перад штабам брыгады, чаму баба абдурыла!..
Хвіліну маўчым.
З партфелем што? — спрабую адцягнуць увагу.
Ноччу прыйдзе чалавек, забярэ ў Гуту...
Размова не клеіцца. Нават Ліда, Сяргей і новенькія адчуваюць сябе вінавата: не адважваюцца ўзняць вачэй.