Зыркаю на камісара. Косцеў доўгі твар з прамым і тонкім носам выражае непарушны спакой. Вось ён чынна, нібы доктар, якога вязуць з мястэчка да хворага, падцягвае на каленях сінія, з захаваным яшчэ ад прасавання кантам, нагавіцы, збівае з абшлагоў пыл, прадзімае нос і паважна пераносіць позірк у поле. Няўжо ён не чуў, аб чым мы гаварылі з сялянамі? Косця не ведае так нямецкай мовы, каб можна было на ёй абгаворваць сітуацыю. Фурман заблізка, каб шаптацца.
Паварочваюся да Сашкі.
Кардаш рассядае сабе на баране ўпэўпена, спакойна трымае наведзены на Лук'янава кулямёт, яшчэ і пакрыквае на яго, каб Мішка паспяваў за возам.
Выходзіць,— адзін я такі баязлівец?
Ну, халера на вас! — прэ сваю пару дзядзька. Кабылкі на яго пугу толькі ўзмахваюць хвастамі — свішча ў паветры, бытта махнулі пучком дроцікаў, і воз імчыць далей.
Што рабіць? Загадаць ехаць павальней — выдам сябе. Фурман абыякава сядзіць на самым краі, мае боты ўпіраюцца яму ў плечы. Якая гэтаму мужыку цёмнаму справа да нас, да таго, што ў Скрабляцкім лесе забілі трох чалавек, што была аблава, ідзе вайна?! Яму прыперла якраз бульбу садзіць.
Са злосцю піхаю дзядзьку ботам. Фурман перапалохана азіраецца на мяне.
Лейтэнант гаворыць, каб ты, сабака, злез і ішоў побач! — зразумеўшы мяне, гыркае Сашка.
Разгублены дзядзька спаўзае на зямлю. Ён прабуе бегчы, але падношанае, грузнае цела да бегу ўжо не надаецца. Чалавек адразу засопся і стрымлівае коней.
Дзякуй богу, хуткасць збавілі.
З-за пагорка паказваюцца і Каўняны. Ладна, даедзем да першага хлява і, калі што, павернем назад. Коні добрыя. Вырву ў яго лейцы, і паспеем заскочыць на гару, а там няхай сабе лезуць на Сашкаў кулямёт.
Перад вёскай трапляецца маладзіца з возам гною. Пытаемся ў яе, жанчына нам спачувае:
Ах, шкада-а! Толькі што адышла апошняя машына ад солтысавага дома, бачыла сама, ісцяны бог!
Ніба гара звальваецца з плеч.
Праз вёску бяспечней ісці пешшу—у разе чаго скачы адразу за вугал ці падай за камень і адстрэльвайся.
Стоп! Скажы фурману, можа вяртацца!
4
Дзесьці за сотні кіламетраў адгэтуль стаіць фронт. Там — тварам у твар дзве арміі. Мы дапамагаем сваёй у тыле праціўніка. Патрыятызм ва мне цяпер праяўляецца ў тым, што я прыбыў у Каўняны забіць солтыса Тарноўскага. Але, гледзячы на саламяныя стрэхі, мірныя бярозы і вербы з буслінымі гнёздамі, ужо не адчуваю ўздыму — ва мне толькі цягучы і непрыемны абавязак. Я свядома раздражняю ў сябе лютасць — не адступаць жа цяпер.
Перад вёскай чарнее амбразура дзота. Квадратная адтуліна, выкладзеная тарцамі бярвенняў. З прастакутнай дзіркі выглядае ствол кулямёта на трынозе і два заспаныя твары.
Гніды прытаіліся. I супроць каго? Крычу да іх па-нямецку.
Сюды вылазіць! — перакладае Сашка.
Сюды, кажа вам шэф! і швыдко, бісовы діты! — дапамагае Косця.
Вёска Каўняны мае мо з чатырыста двароў, у ёй жывуць беларусы, палякі і татары. Якраз было польскае свята — святога Яна. Адны працуюць, другія валэндаюцца па вуліцы без мэты. Пакуль вартаўнікі выпаўзаюць з нары, вакол нас паспявае сабрацца натоўп з сотні чалавек. Гергечу са злосцю, хапаюся за аўтамат. Кардаш паказ-вае на Мішку:
Шэф пытаецца — ваш гэта бандыт?
Не-е, пано-очку, чужы-ы ён!— хорам пярэчаць мужыкі і бабы.
Нэ-э! — крыўляю.
Далібог, не наш!
Не ведаем яго!
Мне не паложана разумець, што яны гавораць. Чакаю, пакуль Сашка перакладзе.
У вас тут кожны бандыт, фэрфлюхтэ, донэрвэтэр! — узводжу аўтамат.