Людзі шарахаюцца ў бакі. Зараз жа заўважаюць, што толькі палохаю, і хутчэй вяртаюцца, каб не прапусціць цікавы спектакль.
Цалкам уваходжу ў ролю немца. Са здзіўленнем адчуваю ў сабе пачуццё, якое перажываў у дзяцінстве, калі гуляў у вайну, быў «начальнікам» і мне падпарадкоўвалася «войска». З цікавасцю пры-глядваюся да забітых людзей. Стараюся — рэдкая магчымасць! — паглядзець на іх вачыма фашыстаў.
У паношанай саматканай вопратцы, босыя, з заскарузлымі рукамі мужчыны, з тоўстымі, як збанкі, лыткамі дзеўкі, з высушанымі тварамі бабулі анямела тоўпяцца, як загіпнатызаваныя. У вачах толькі смяротны жах! Усе яны вартыя жалю. Але жаль маглі абудзіць адно ў тых, хто ведаў долю каўнянцаў і спачуваў ім. У фашыстаў яны напэўна выклікаюць адну пагарду, параўнанне са статкам.
Заспаныя вартаўнікі нарэшце выпаўзаюць з дзота. Пру іх назад па зброю. Калі яны з'яўляюцца другі раз, загадваю канваіраваць Мішу.
Los, vorwärts!
Крочым па вёсцы. Спераду — Косця, Сашка і я. Ззаду — Мішка пад аховай блакіруе тыл. Вакол — вялізны, усё гэтак жа загіпнаты-заваны, рухомы натоўп. Пад нагамі шмыгаюць басаногія хлапчукі. Гэта яны пабеглі будзіць солтыса Тарноўскага. Пра яго я наслухаўся ўволю. Мярзотнік пры аблавах у лесе бывае больш крыважэрны за фашыстаў.
З пачатку акупацыі Тарноўскі завёў сабе яшчэ адну жонку. Абедзве жывуць цяпер недзе ў яго хаце, а незвычайная распуста наводзіць жах на баб усяе акругі. Дзіўлюся: татары — мусульмане, у іх, здаецца, не бывае мнагажонства?!. Тарноўскі ў першую сусветную вайну пабываў у германскім палоне, ведае нямецкую мову. Ці не разгадаеш, нягоднік, ты мяне?
Вартаўнікі чагосьці прыстаюць да Сашкі. Прыадстаю, услухоўваюся.
Скажы свайму шэфу, пане, што Тарноўскі ўсё мыла сабе прысвоіў, якое амтскамісар учора выдзеліў нашай самаабароне! — скардзіцца адзін.
Другі дадае:
А на мінулым тыдні прывёз з камендатуры цэлую каністру нафты і нават панюхаць нам не даў!.. Дакуль ён будзе здзекавацца гэтак з нас!..
Зараз скажу! — абяцае Сашка.— О-о, мой шэф шкуру з яго здзярэ, ён — немец справядлі-івы!
I кулямётчык кажа да мяне па-нямецку:
— Бачыш, шакалы, косць не падзялілі, грызуцца!..
Але мне ўжо не да іх.
Насустрач імчыць пажылы дзядзька без нагавіц. На ім рыжы кажух, накінуты наапашкі, белыя кальсоны і незапшураваныя чаравікі. Па тым, як чалавек спяшаецца — нібы баіцца, што яго апярэдзяць, як разганяе хлапчукоў, здагадваюся — Тарноўскі!
Спыняемся.
Гэта наш солтыс[82], пане!— паслужліва інфармуе нейкая цётка.
Падыходжу да Тарноўскага і зацягваю яшчэ на полі падрыхтаваную легенду:
Добры дзень! Лейтэнант Люкембах з «Ягдкомандо» Бялышток! Прыбыў сюды са ўзводам для аблавы ў лесе, але нашых груп не застаў там!
Гу-ут, пане, гу-ут! Волен эсэн?
Толькі злавілі пацана!..
Гу-ут, пане! Яйкі? Маслё?
Наколькі чалавек валодае замежнай мовай, разгадаеш з першых яго фраз. Выходзіць, тып гэты не разумее мяне?
Патрэбны мне фурманкі і вашы ўзброеныя людзі, каб адправіць злоўленага ў Крынкі і нас завезці. Зараз падыдуць яшчэ мае салдаты!
Гу-ут, гэр Шэф! Волен эсэн? Дрынкен?
Машыны: я адправіў раніцой, і давядзецца адвозіць нас на фурманках, калі мы не засталі свайго транспарту. Заадно хачу глянуць на вашу славутую самаахову.
Цьфу, ліха на яго — занадта ветліва гавару! Сапраўдны фашыст напэўна не стане дзяліцца з ім сваімі клопатамі, а загадае, і — усё!
Гу-ут, пане, гу-ут! Мо гарэлкен волен? Самагонка дрынкен? Рускі шнапс?
Сёння нашых шмат прыязджала?
[82] Стараста.