Але Міры не было справы ні да Нікіцінай, ні да вады, ні да нас.
З пушчы выпаўзаюць і астатнія, бездапаможна тоўпяцца над мёртвымі.
Бязмозглыя, не збірацца ў адно месца, няўжо цяжка так зразумець гэта! — разганяе іх Косця.— Мёртвым усё роўна не дапаможаце, а то секане з кулямёта і ляжаце тут усе покатам!
Камісара не слухаюць. Твары ў людзей здзіўленыя, жахлівыя.
Лічу жывых. Семнаццаць. Усе. Зводдаль глядзіць на мяне Кардаш, нібы папракае: «Нягоднік, а яшчэ і падазраваў гэтых няшчасных!»
Сам не свой бессэнсоўна тапчуся. Наступаю на нейкія валікі цвёрдыя. Патропы. Яшчэ з вострым смуродам парахавых газаў.
Глядзі! — паказваю Кардашу.
Рускі! — дзівіцца той. Знаходжу ў імху яшчэ сотню такіх жа.
Дык хто па вас тут страляў? — пытатося ў Смірнова.
Нейкія ў цывільным.
Ні аднаго немца не было сярод іх! — скардзіцца кучаравы.
Ну-у? — дзівіцца і Косця.
Гэта — банда Тарноўскага!
Як я не здагадаўся адразу! Прыйшлі б сюды немцы, дык напэўна сумелі б абкружыць і перастраляць усіх тут, як качак. Разгром учынілі сяляне-«самаахоўшчыкі». За некалькі буханак хлеба, збанкоў малака і дзесятак галовак падгнілай капусты з мінулага года загубілі траіх людзей!
Хочацца абрынуць на здраднікаў такую дубіну, каб адным махам скрышыць змяінае гняздо. Не быць мне камандзірам у гэтым раёне, калі не выкараню іх! Яшчэ ў Гута-Міхаліне чуў, як у адным месцы пераапранутыя за немцаў партызаны абдурылі прадажнікаў і іх перабілі, хоць ніхто з хлопцаў не ведаў і слова па-нямепку, чаго ж баяцца мне?
Хлопцы, пойдзем, правучым раз і назаўсёды, пакончым з імі! — абуяны рашучасцю, кажу я.
Пайшлі! — падхопліваюць не менш узлаваныя Косця і Сашка.
Чакай нас тут! —загадваю Смірнову.— Мужыкі другі раз не прыйдуць, не бойся, будуць высцерагацца засады. Ты пахавай забітых. Пазбірай бульбу, крупу, наварыце есці і пакарміце людзей! Мы сёнпя яшчэ вернемся!
Вазьміце і мяне-е з сабой! — просіцца кучаравы.
Да задумы не хапае аднаго чалавека, а хлапец мне нечым падабаецца.
Як зваць?
Мішка Лук'янаў.
Валяй па дарожцы наперад. Спаткаеш каго, свішчы «Кацюшу». Мы за табой следам!
Зразумела!!
3
На краі лесу спыняемся. Перад намі дзядзька парай коней арэ камяністае поле, дзве жанчыны тыцкаюць у баразну парэзаныя долькі бульбы. Далей на ўзгорках таксама пястраць жаночыя хусткі, варушацца людзі і коні натужна цягнуць плугі. Блішчаць выглянцаваныя дажджамі, асветленыя радасным вясеннім сонцам камяні.
Пасля кароткай нарады Мішу загадваю пад куст схаваць боты і вінтоўку. Рву на ім кашулю, завязваю назад рукі, але так, каб хлапец сам мог у момант развязацца. Кладу яму ў кішэню свой наган.
Чорт, мая форма можа выдаць! — сумняваецца Косця.— З Каўнян працуюць жа на чыгунцы, ведаюць яе!
Кардаш супакойвае:
Што ты? У Гарадку стаяць часці ўкраінскіх нацыяналістаў, у іх дакдадна такія самыя мундзіры!