Выпальваю так, як лаяліся ў Штутгофе матросы. Сябры кладуцца ад смеху. Ліда аж прысядае. З кустоў высоўваецца Кардаш і шыпіць:
Падурэлі? Хочаце, каб уся ваха з пуці збеглася сюды?
Гыркаю на Сашку, рагоча ўжо і вартавы.
Усё ж такі цішэй! — просіць ужо.— Ветру няма, у лесе, халера, надта далёка чуваць!
Ладна, больш не будзем! — пру Сашку вартаваць назад.
Косця паказвае чарцяжы:
Паслухай, а гэта што? Мы такія грамацеі, што ні шыша не зразумелі!
Калі я расказаў, у хлопцаў выцягваюцца твары. Косця па сваёй звычцы чмыхае ад хвалявання носам, бытта трапіла туды смяцінка, кідае:
Дзяўчына — экстра кляса! Сапраўды — волат, а не чалавек.
Пад сасной стаіць пузатая сумка з чырвоным крыжам,— якіх адно лякарстваў ні напіхана туды. Яшчэ больш схавана пра запас у зямлянцы разам з пачкамі паперы для газеты, рэдакцыя якой бытта бы ў нас некалі паўстане. Усё прыслала Маруся. I хоць віламі пісана — будзе тая рэдакцыя ці не, а папера ў зямлянцы, мажліва, так і згіне, але наяўнасць лякарства і гэтых пачак спараджае ў нашых душах нейкія новыя якасці, а комплекс непаўпавартасці паступова тапнее.
Косця з Кардашом проста ў лес пайсці не маглі і разыгралі спектакль. Знаёмыя праводзілі іх да Валіл, паднеслі чамадан і торбы з ежай, пасадзілі ў поезд. У Беластоку Сашка з Косцем панапісвалі ў адкрытках, нібы яны ў Кёнінсбергу зарабляюць добрыя грошы на заводзе, аддалі напісанае той жа Марусі, а самі — да мяне ў Ліпнікі! Косцева жонка і Сашкава маці атрымалі цяпер па пошце з Кё-нігсбергскай пячаткай адкрыткі, абносяць па суседзях, вы-хваляюцца, як іхнія мужчыны добра ўладкаваліся ў Германіі — маюць і асобныя кватэры і зарабляюць па дзве сотні марак, а белага хлеба ядзяць там — колькі хочуць!
Легкадумна сабраліся і пайшлі сабе ў лес Сяргей з Лідай. Але ўчора мы і іх прымусілі напісаць адкрыткі. Міцька і адвёз іх у Беласток.
Ну, без прыгод адбывалася твая паездка? — пытаю яго.
Амаль. Маруся сабралася мяне праводзіць на вакзал. Выправілі спачатку нейкае дзяўчо. Яно мелася ісці паперадзе, а калі трапіць хто падазроны насустрач,— нагнуцца паправіць туфель. Вутлая такая! Убачыла дваіх эсэсаўцаў і самлела. Але атрымалася яшчэ і лепш. Усе кінуліся да паненкі, сталі ратаваць, а мы з пакетамі сабе каля іх прайшлі запраста.
То што цяпер будзем рабіць, хлопцы? — пытаюся заклапочаны.— Чарцяжы ж трэба адправіць у брыгаду, іх у Маскве чакаюць — ого як!
Ты камандзір, табе і думаць, а нам — што!
— Не адзін я. Ёсць яшчэ і камісар і начштаба! Гэтыя тытулы мы вымаўляем жартам. На самой справе, які з мяне камандзір, калі разабрацца? Або Міцька — начальнік штаба? Ён чуў, што ў вайсковых адзінках ёсць штабы, а ў штабах — начальнікі, але што яны робяць там?
Косця лічыўся камісарам атрада. Таксама палітычны кіраўнік — смех! Гэта ён калісьці налупцаваў мяне з Валодзькам за тое, што ля будкі на пераездзе мы перабягалі пуць перад паравозам. Як памятаю, Косця хадзіў у рамонтную брыгаду на чыгунку, забіваў кастылі, мяняў шпалы, палоў броўку. Пакладзісты характарам, цярплівы, як вол, ён умудрыўся нават пры Польшчы Пілсудскага ўтрымацца на пуці гадоў дзесяць, а на такое рэдка хто быў здольны. Яшчэ ён умее добра вастрыць сякеру, разводзіць пілу. Вельмі любіць чытаць кніжкі, за што яму вечна даставалася ад успыльчывай ды вострай на язык жонкі Гандзі. Але якое гэта мае дачыненне да яго пасады?
З нас траіх ніхто не служыў у арміі.
Сябрам маім крыху лягчэй. Яны вераць, што я ўсё ведаю. Як жа — знаходзіўся з паўгода ў дэсантнікаў, прыбыў з таямнічай Гуты. Ім і ў галаву не прыходзіць, чым я там займаўся! На маё шчасце, сябры саромеюцца мяне пытацца пра свае абавязкі: каму прыемна паказвацца невукам?
Хлопцы называюць нас проста па імёнах, толькі да Косці ўсе мы звяртаемся праз «вы», бо ён можа кожнаму з нас быць бацькам.
А калі адкінуць смешачкі, то праўда, трэба штосьці прыду-маць,— паважнее камісар.
Ён сядае, абхоплівае рукамі калені ды глядзіць у вогнішча.
Трэ параіцца з камбрыгам.
— Вайцяхоўскі цяпер ля Зялёнай, у леснічоўцы,— падказвае Міцька: ён у нас ведае і памятае ўсе.
Ля каторай, што пад Беластокам? — загараецца Ліда.— Я там лес саджала з дзяўчатамі, пашліце мяне!
Кожнаму хочацца пахваліцца, такімі дакументамі. Прыкідваю-ся, што не чую яе просьбы, кажу абыякава:
Вечарам на паўстанку сяду ў пасажырскі, праз гадзіну даеду да Кур'ян, а там і тая Зялёная блізка. Толькі апішы, дзе шукаць тую леснічоўку.
Пачакай! — упікае Косця.— Мы ж з табой заўтра адпраўляемся ў Скрабляцкі лес да беластоцкіх людзей. Пад Зялёную няхай махне Міцька на ровары. Колькі туды?
Глупства! — радуецца, што выйграў торг, начштаба.— па асфальце кіламетраў з трыццаць ды лесам з пяць. Гадзіны на дзве дарогі. Зараз і адпраўлюся, толькі заскочу ў Грыбаўцы, а то бацькі мяне цэлыя: суткі не бачылі, могуць падумаць невядома што.