Вайцяхоўскі прыглядаўся, штосьці прыкідваў, нарэшце адклікаў мяно ў лес:
- Тут можна арганізаваць цэлы атрад партызанскі, чацвёрты ў нашай брыгадзе. А ты што думаеш?
Я шчасліва ўсміхнуўся.
Яшчэ вам у Гута-Міхаліне пра гэта намякаў! Камбрыг раскрыў планшэт, ткнуў пальцам у карту:
— Брыгада носіць імя Кастуся Каліноўскага. Ён нарадзіўся кіламетраў сем адгэтуль, у Мастаўлянах...
- Го, вы мне гаворыце! У гэтых самых Мастаўлянах быў наш прыход да рэвалюцыі! Мой бацька, дзед і прадзед там хрышчоныя! Нашых пакойнікаў там хавалі!..
— Бачыш, як усё складваецца! Імем Кастуся назавём і атрад, згодзен?
Здорава — лепш і не прыдумаеш!
Віця, падрыхтуй загад! — кінуў ад'ютанту.
Я не паспеў апамятацца, як ад'ютант, наш Віктар Раманцэвіч, паднёс камбрыгу на подпіс загад аб арганізацыі новага атрада, камандзірам якога назначылі нечакана — мяне! Хлопцы выставілі на мох усю страшаўскую самагонку. На гэты раз трэба было выпіць і мне.
Усё адбылося нібы на хрысцінах, калі п'юць за малое, расхвальваюць яго ўяўныя якасці, вызначаюць яму жыццёвы шлях, а яно сабе ляжыць і бурбалкі пускае.
Я наіўна думаў, што ў выпіўцы галоўнае праглынуць славутую вадкасць — гарэлку. Сабраў усю сілу волі, перакуліў у рот шклянку першака і не адчуў нават, што гэта вадкасць: у нутро бухнула полымя! Агонь праз горла хлынуў у жывот, апёк грудзі, забіў дыханне. Зацьміла ад слёз вочы, захісталіся сосны, і, каб не паляцець у сінюю бездань неба, я выцягнуўся на мох ды з усяе сілы ўшчаперыўся за зямлю. Выяўляецца — вось калі кульмінацыя славутага п'янства!
Ужо-о? — здзівіліся хлопцы.
Ну і слаба-ак!
— Уставай, герой!
Я ўсё баяўся адарвацца ад зямлі.
Таварышы падхапілі мяне, прысланілі да ствала. I больш ужо нічога не чуў, што да мяне гаварылі, якія давалі парады.
Калі прыйшоў да памяці, камбрыг заявіў:
Раскошныя ў цябе ўмовы, Алёша, зайздрошчу! Не толькі атрад — цэлае злучэнне тут можна арганізаваць. Усё залежыць ад цябе самога. Давай, дзейнічай, а нам — пара. Не будзем перашка-джаць табе і скоўваць ініцыятыву.
Камбрыг вызначыў мне камісара, начальніка штаба. На месяц уперад перадаў паролі. Даручыў адрасы сувязных і параіў, як сябе ў кожным выпадку паводзіць. Гэтым парадам я не прыдаваў значэння — яны здаліся па плячы толькі камандзіру вайсковай адзінкі.
Вайцяхоўскі нават яшчэ дастаў з грудной кішэні завернуты ў цэлафан морфій. Белы парашок асцярожна раздзяліў на роўныя часткі і адну даў мне — сыпаць нібыта ў рот цяжкараненым партызанам, каб не мучыліся.
Я быў даўно за атрад у нашай мясцовасці, але для гэтага хацеў, каб з Масквы прыслалі сюды сапраўднага камандзіра тыпу Вайцяхоў-скага. Ужо тое, адкуль ён прыйшоў бы, кідала б маіх землякоў у агонь і ваду. Арганізавацца ж самім і паставіць на чале такога войска мяне?.. Аднак парады я выслухаў, паролі і морфій узяў, бо ведаў, што адмова не паможа. Трэба яшчэ дадаць — усё гэта казытала, вядома, і маё самалюбства.
Не стала камбрыга, і адразу на мяне наваліліся клопаты. У атрад папрасіліся знаёмыя хлопцы, а чым іх узброіць? З паўстанка забраў кулямёт, гранаты (як яны цяпер прыдаліся!). Пару аўтаматаў раздабыў у сваіх сяброў бацька. Усё гэта дробязь. А тут яшчэ ўвязаліся нямецкія агенты.
З Беластока прыбылі тры мужчыны.
Гомельскія. Вывезеныя немцамі на работу. Уцяклі. Надта хочам ваяваць...
Трэба залічыць у атрад — няма куды ім дзецца. Але чамусьці страшна было заставацца з імі ў лесе. Адчуў да іх інтуітыўную непрыязь.
Суседні лес называецца Дубава. Там якраз спыніўся атрад, які прабіраўся з Белавежы пад Гродна. Камандзір яго меў лішнюю зброю, але мала людзей. Мясцовыя хлопцы чакалі, калі вазьму іх я, да яго ісці не збіраліся. Госць папрасіў, каб я іх перадаў. Хіба я дурань аддаваць людзей каму — яны потым у мяне будуць!
Тады аддай гомельскіх, гэтыя не мясцовыя, атрымаем за іх пару вінтовак.
Прапанова была заманлівая.
Тры! За кожную галаву па вінтоўцы! — не разгубіўся я.