Бацька гляпуў у агародчык. Над штыкетамі паветра густа прашывалі вострыя чорныя маланачкі. Няўжо напалі на вуллі чужыя грабіць рэшткі зімовага мёду? От, не было яшчэ бяды!.. Бацька пачапіў лейцы на ручку воза, падышоў да плота, прыгледзеўся да вулляў лепш.
Пчолы падалі на лёткі вулляў часта, снавалі густа, але спакойна, дзелавіта. Вакол падворка цвілі вішні, пчолы не трацілі часу, дружна ўзяліся за работу.
Ат, выдумваеш! — аб'явіў ён.— Сёння ўзятка ім добрая, то і лётаюць!
Гэтым часам: падсвінкі вырваліся за вароты.
Куц-куц-куц-куц! — кінулася за імі мама.— О-ей, яшчэ, вар'яты, пад поезд угодзяць!
Чорт іх не возьме, не бойся,— бацька ўзяўся за лейцы.— Няхай крыху пабрыкаюць. Скіну гной, заганю назад. Ідзі дахаты, рабі, што маеш рабіць. Но-о!
Кабыла ўдарыла грудзьмі ў хамут, сарвала з месца цяжкі воз і подбегам паперла яго за вароты туды, дзе бацькі збіраліся ў гэтым годзе садзіць бульбу.
Тым часам падсвінкі, аслепленыя сонцам, ап'янелыя ад свабоды і паветра, пачалі бегаць па замкнутым кругу. Затым пачулі рунь жыта і памчалі да яе.
«Цяпер адтуль не пойдуць!» — супакоіў сябе стары і адразу пра іх забыўся.
Бацька скінуў апошні шматок гною, склаў дошкі і хацеў ужо ехаць дахаты, калі раптам пачуў крык. Ля чыгункі на дарозе стаяла брычка, у ёй сядзеў амтскамісар з Гарадка і клікаў яго.
Стары закруціў лейцы, спакойна пайшоў да дарогі: мабыць, немец дарогу хоча спытаць. Але зблізку ён убачыў, што камісар раззлаваны, нечага тыкае ў поле кіем, таму ісці далей збаяўся.
— Фэрфлюхтэ!..
Бацька і не згледзеўся, калі немец выскачыў з брычкі ды пачаў лупцаваць яго кіем. Ашпараны, бацька спачатку засланяўся рукамі, потым давай уцякаць, колькі было сілы ў нагах. Адбегшыся за кабылу, азірнуўся.
Немец штосьці балбатаў усё і трос кульбай. Бацька глянуў у поле, куды паказваў камісар. Там, на руні жыта, з цікавасцю да ўсёй сцэны прыглядаліся і вінаваўцы. Толькі цяпер дайшло да бацькі, чаго немец біўся.
Амтскамісар аднаго селяніна налупцаваў за тое, што ён вёз сена і трусіў па дарозе; другога — што ехаў праз мястэчка на брудным кані. Бялявіцкім мужчынам, што дрэнна расчысцілі ад снегу гасцінец, сам адмераў па дваццаць бізуноў. Пра гэта людзі толькі гаварылі. Цяпер дасталося і самому.
Было вельмі крыўдна. Пяклі плечы ад кія. Разбірала злосць — ну якая табе справа да маіх свіней, да майго жыта, каб цябе ўзяла хвароба і ты сканаў на месцы, заменак!
Бацька папёр падсвінкаў на падворак, сагнаў на іх злосць ды пачаў тапіць сваю крыўду ў працы.
4
Сонца хіліла з поўдня. Бацька ачысціў апошні воз, выцер гноянкі жгутом саломы і сабраўся ехаць дахаты. Склаў ужо і дошкі, але падняў галаву і насцярожыўся.
На хутар імчала адкрытая легкавая машына з людзьмі.
У той час на легкавых ездзілі толькі немцы, і, вядома, не салдаты. На выпадак небяспекі бацька дамовіўся з мамай, як і куды ўцякаць. Але бегчы і папярэдзіць яе было позна. I ў бацькі забілася сэрца, разлілася па нагах млоснасць. Каб не ўпасці, ён нават хапіўся за ручку воза.
Машына на нашай дарожцы спынілася, з яе вылез высокі і худы немец у акулярах ды той самы амтскамісар. Затым выскачыла яшчэ і паненачка. Немец штосьці сказаў ёй і адвярнуўся. Паненка накіравалася ў поле да фурманкі.
Добры дзень! — сказала прыязна.
Яна была маленькая, шчупленькая, са светлымі, як лён, валасамі і сінімі вачыма.
Добры дзень...
Стары не выпускаў ручкі. Ад паненачкі небяспекі быць не магло — падчапілі, мусіць, сабе нейкую фіфачку. Бацька не зводзіў вачэй з немцаў.
Паненка таксама азірнулася. Толькі хутка, крадком, насцярожана. Тады неяк ненатуральна кінула:
Я да вас па справе! Я — Маруся з Кракава!
Бацька спалохана азірнуўся яшчэ раз.
У машыне з шафёрам какетнічала другая дзяўчыма чорная, з мушкай на шчацэ. Доўгі немец, бліскаючы на сонцы акулярамі, вёў амтскамісара па полі. Камісар трымаўся на пэўнай адлегласці, вінавата нешта тлумачыў, то выцягваўся ў струнку. Паненка ўстрывожана чакала адказу.