На дзіва хлопцы ахвотна згадзіліся перайсці.
А праз суткі Маруся прыслала запіску: «Напраўляю вам у партызаны дваццаць рабочых з беластоцкага аэрадрома. Ранейшых траіх добра праверце, з імі штосьці не ўсё ў парадку».
Ляснік Міцька Карповіч сеў на веласіпед, памчаў у Дубава. У аднаго з траіх у гузіках знайшлі цыяністы калій!
Ад жаху мяне тады аж трасло. Змучаны падазронасцю ў Гута-Міхаліне, у сябе я кінуўся ў другую крайнасць і зусім незнаёмых нават добра не распытаў, бо пабаяўся, каб, бедненькіх, не пакрыўдзіць.
Унь чаму яны ахвотна згадзіліся на Дубава!
Ну,— падхапіў Міцька.— Там сапраўдны атрад, а ў цябе што за нажыва ім?
Хапаюся за галаву.
Як жа так можна! Маладыя хлопцы, нашы беларусы, раслі пры савецкай уладзе і...
Відаць, не ў мяне аднаго самыя непрыемныя перажыванні ў вайну звязаны з выпадкамі, калі даводзілася сустракацца са сваімі здраднікамі.
Выкрытыя намі ворагі сапраўды паходзілі з Гомельшчыны. У тым самым Альбертыне, пад Слонімам, скончылі школу шпіёнаў. На жаль, яны былі не апошнія. Шчасце, у Ліпніках. я меў надзейных сяброў і родныя вуглы.
6
Мая дваюрадная сястра Ліда ў даваенных лыжных шараварах з начосам ля вогнішча памешвае ў абсмаленым вядры бурду. Побач сядзіць яе ўхажор — Сяргей Папроцкі. Там жа ляжыць рабочы з чыгункі, Косця Карповіч. Зводдаль апіраецца на веласіпед ляснік Міцька Карповіч. У гушчары на варце — школьны мой таварыш Сашка Кардаш.
Пакуль што — гэта ўся наша партызанская група, якая афіцыйна так гучна называецца: атрад імя Кастуся Каліноўскага.
У Сашкі — кулямёт. Пад сасной стаяць Лідзін і Сяргееў карабіны. У Косці і ў мяне па аўтамату. У Міцькавай кішэні — два пісталеты. Такая наша ўся зброя — з дзесятак ствалоў. Абсмаленае вядро, кацялкі, мяшочкі з бульбай, крупой, цыбуляй і соллю ды загорнутае брызентам сала — таксама часткі атрада: яго маёмасць. I з гэтым найгорш. Кожны дзень ламай галаву, як запасы папоўніць, зберагчы ад мурашак,— бо жыццё без гэтых мяшочкаў, вядра і кацялкоў не вясёлае.
Убачыўшы мяне, Міцька паказвае на пакунак:
Алёшка, паглядзі, падарунак зноў табе асабісты ад Марусі!
I тут падарунак?.. Ты паспеў ужо злётаць нават аж у Беласток?
— А што? Вярнуўся з Дубава, сеў на паўстанку ў пасажырскі і павёз адкрыткі Лідзіну і Папроцкага. Паўднёвым вярнуўся. У Беластоку, давай думаю, заадно загляну яшчэ і да яе. Заглянуў і во, маеш!
Чаму таямнічая Маруся не перадала праз Міцьку адразу дзве пасылкі, а перанравіла іх рознымі спосабамі? Ні фіга не разумею! Гм, а мо падумала — калі трапіць немцам у лапы адна, то дойдзе другая?..
Адкуль у цябе такі партфель? — дзівіцца Косця.— Не іначай у нямецкага міністра спёр на шашы!
Акурат адгадалі. Паглядзіце. Толькі не абамлейце! — шпурляю ношу на мох, а сам нагінаюся над Міцькавым пакункам, разрываю паперу.
Божа мілы, там навюткае — проста з іголачкі — адзенне лейтэнанта нямецкай пяхоты!
Яшчэ Вайцяхоўскі Марусі заказаў для мяне нямецкую вопратку, і вось, атрымлівай! У прыдачу і цэйсаўскі бінокль нават.
Навошта патрэбен нам у лесс бінокль? Партызанская рамантыка! Калі б мог, то нават танк пачапіў бы на сябе...
Прыкладаю нагавіцы, мундзір — акурат! I боты мае — сорак трэці нумар.
Не Маруся — золата!
Ты думаў, што маню, калі расхвальваў?! — кажа шчаслівы Міцька.
Выходжу з кустоў пораапранутым.
Ну і не-емец! — дзівяцца сябры.
Давай, пашваргічы нам, ты ж можаш!