Бацька нічога не разумеў. У яго вырвалася само:
А я думаў, што вы з Варшавы...
Гэта быў адказ на пароль, і таму дзяўчына ўздыхнула з палёгкай.
Вы — бацька Аляксея?
Стары насцярожана паўзіраўся на яе.
Не крыўдуйце, што так непасрэдна! — шчыра папрасіла.— У мяне вельмі пільная справа! Няма іншага выйсця, як ісці напралом! Вам даручу пакет, зараз жа перадайце сыну, няхай адпраўляе куды трэба!
Які пакет, якому сы-ыну, што ты вя-арзеш, дзеўчына?! — апрытомнеў, устрапянуўся ён.
Незнаёмая гаварыць не дала.
Мы меліся даставіць яго ў Гарадок нашаму чалавеку, ды сувязнога гестапа забрала! Тыдзень таму назад я спаткалася з Вайцяхоўскім, ён апавядаў пра вас, і, на шчасце, я запамятала вёску, хутар, а іначай і не ведала б, што і рабіць!
Халера, усё нібы праўдзіва?!
Бацька зноў перавёў вочы на немцаў і зноў сумеўся. Дзяўчына перахапіла яго позірк, стала далей горача пераконваць:
Гэты другі — гаўляйтэр па сельскай гаспадарцы Беластоцкай акругі, чалавек правераны, наш! Я — яго сакратарка! Па дарозе з Беластока захапілі і вашага амтскамісара, каб усё выглядала на службовую паездку!
М-м-м! — з палітаваннем паківаў бацька галавой, уздыхнуў.— Мелі каго з сабой браць!
Дзяўчына рассмяялася.
Не ведаю, што яму наплёў шэф! Амтскамісара не бойцеся, ён тупы служака, яму гаўляйтэр зубы загаворыць! Высцерагацца трэба нам шафёра і неяк вытлумачыць прыезд перад ім! От, каб што-небудзь у вас можна было купіць з харчоў! Мы маем грошы, заплоцім добра!..
Бацька падумаў.
То з зімы засталося кілаграмаў пятнаццаць мёду.
О! падыдзе якраз!
Адно зацукрыўся надта.
Нява-ажна, нам жа для блізіру!
Тады валяй на падворак, я зараз прыеду!.. Халера, як ты мяне напалохала, цьфу-у!..
Анка! — крычала ўжо Маруся да машыны.— Бяры вядро і мой партфель з грашыма, я купіла пяць кілаграмаў мёду!
Мы з бацькам маем умоўнае месца, яно называецца поштай. З краю лесу расце некалькі густых елачак, пад імі кладзём сабе пасылкі. Каб не вытаптаць туды сцежкі, я на крайняй сасне вешаю паперку. Бацька праз акно на кухні бачыць белую лапінку і толькі тады паспяшае па «пошту». Мне ён вешае паперку на прасецы — сыну так ямчэй.
Выходжу на гэтую самую прасеку, гляджу ў бінокль, а на дрэве бялее! Сігнал здымаю, спяшу да елачак. Пад зялёнымі лапкамі — жоўты партфель, а на паперцы бацькавы крывулі: «Прывезла табе сёння з Беластока Маруся».
Асцярожна адкрываю замок. У партфелі — кіпа нямецкіх чарцяжоў! Прыглядаюся лешп, і мяне агортвае страх ад такой удачы. Старанна, з веданнем вайсковай і чарцёжнай справы, рознакаляровай тушшу вызначаны пазіцыі зенітных батарэй у Беластоку, план аэрадрома бамбардзіроўшчыкаў, бамбасклады, бензасховішчы, пакгаузы, бункеры, казармы і нават пасты!
За зіму і вясну фронт з Усходу прыблізіўся на некалькі соцень кіламетраў. Авіяцыю дальняга вылету немцы днямі перавялі з Мінска ў Беласток. I калі ласка, перада мной — план новай дыслакацыі авіячасцей «Люфтвафы».
Вось дык Маруся!
Гэтая таямнічая асоба за два тыдні перадала нам ужо многае. Але каб такое?!. Я ніколі яшчэ нават і не бачыў гэтакіх важных дакументаў! Нядаўна Чыгроў, пасылаючы мяне ў Страшава, засланяў рукой карту, каб я, барані божа, не разгледзеў чорных і сініх крыжыкаў. А што яны значылі? Драбніцы, вядомыя кожнаму амаль селяніну,— камендатуры, бункеры на чыгунцы, масты і ахову. Капі-тан пазелянеў бы ад зайздрасці цяпер.
Забіраю бацькаву пасылку, іду да сваіх.
...Прыбылі мы з Гута-Міхаліны з месяц таму назад і спыніліся ў нашым лесе, які называецца Ліпнікі. Вайцяхоўскі толькі паспяваў прымаць гасцей са Страшава ды іншых вёсак. Ішлі мужчыны і жанчыны, неслі поўныя кошыкі ежы, бутэлькі з пітвом. Лесніком тут быў усё той жа Міцька Карповіч, пад яго аховай мы і піравалі. Без мяне камбрыг тут не спыніўся б, я быў п'яны ад усведамлення — во колькі даставіў прыемнасці землякам!