Гвалт, амтскамісар!
Усе пяць запалоханых мужчын кінуліся да ямы, пачалі старанна грэбаць рыдлёўкамі.
- Was ist denn?[78] - спытаўся немец.
Ніхто не адказаў. Прыгорбленыя старыя раўнялі краі ямы, старанна ссякалі сценкі ды не зводзілі насцярожаных вачэй з фольдфебелевых ботаў.
Немец засадзіў пальцы за пояс, насцярожана прыгнуўся.
На секунду ўсе перасталі дыхаць. У небе зацягнуў песню жаўрук, але чамусьці абарваў і, па-вераб'інаму ціўкаючы, упаў паблізу на поле. Пад ядлоўцам суха і бадзёра пратрашчаў конік, пакуль не скончыўся завод. Мякка прафыркала маторам, асцярожна аб'язджаючы фурманкі, грузавая машына. I сярод гэтых гукаў выразна было чуваць, як здаровым храпам хрыпеў чалавек.
Мужчыны нават не паспелі ахнуць, калі фельдфебель выняў пісталет і наставіў хлапцу ў плечы.
Тах! Тах! Тах! — у летняй спякоце прагучалі стрэлы.
Runter mit diesem Drecksäcke![79] — завішчаў камісар і машынальна ўпіхнуў парабелум, не пазіраючы на кабуру.
Два яўрэі ўтыкнулі ў капец рыдлёўкі, узялі хлапца за рукі і ногі ды з жахам зараз жа адскочылі: незнаёмы па-ранейшаму хрыпеў!
Runter schmeissen![80] — выходзіў з сябе немец.
Людзі не варушыліся.
Пырскаючы слінай, балбочучы незразумелыя для бацькі словы, фашыст выхапіў у крайняга яўрэя рыдлёўку, падляцеў да хлапца ды пачаў сячы яму галаву. Людзі глядзелі на гэтую жудасць нібы загіпнатызаваныя, не будучы ў стане зрушыцца з месца.
Раз’юшаны камісар паднатужыўся і піхнуў ботам адно цела ў яму, другое. Абрынуўшы за сабой касякі пяску, целы бязладна пападалі як папала, пораблытаўшы рукі, галовы і ногі.
Zugraben![81]
Яўрэі. кінулі па рыдлёўцы сырога пяску, замерлі зноў. Застрэлены нібы кпіў з усіх. З ямы яшчэ выразней было чуваць, як ён хрыпіць — натужліва і роўна, з прысвістам.
Arbeiten, verschtinkte Hunie, arbeiten, verschtinkte Juden! — пачаў фашыст усіх малаціць рыдлёўкай.
Бацька бытта бы і не заўважыў, што немец паказваў на яго таксама. Моцна сціснуў пугаўё, накіраваўся да каня.
«Ну,— падумаў ён,— няхай толькі верне! Не палічуся ні з сынамі, ні з жонкай, ні з гэтымі гарадоцкімі. Задушу, гада, а там няхай будзе, што мае быць!»
На шчасце, немец бацьку не затрымаў.
Амтскамісараў гняды аж блішчаў ад тлушчу, бакі меў распісаныя ў яблыкі. Пачуўшы ў бацькавым возе сухары, конь сунуў морду ў палукашак, разматаў пасцілку, у якой маці закруціла пачкі, зубамі ўжо рваў палатніну на пасылках.
Бацька адагнаў нямецкага каня, ускочыў у воз, азірнуўся. Уз-вар'яцелы камісар утоптваў магілу, нібы вытупваў нейкі ўзвар'яцелы «танец Тамерлана». Амярцвелыя, загіпнатызаваныя жудасцю састарэлыя гарадоцкія крамнікі і шаўцы чакалі свайго лёсу, панура апусціўшы галовы.
3
Ды выйшла так, што гарадоцкі амтскамісар, такі верны служака Гітлера, потым паслужыў і партызанам.
У той дзень мама з раніцы сабралася пячы партызанам хлеб, а бацька адправіўся вазіць на поле гной. Накідаўшы фуру з капцом карычневага і моцнага, як спірт, зімняга перагною, бацька запрог кабылу і ад кароўніка паехаў да варот. Там кабылу стрымаў, адчыніў брамку.
Ты, Нічыпар! — закрычала мама.— Выпушчу парасят, няхай пагрэюцца на сонцы заадно, прыглядзі за імі!
— А мне што? Выпускай, няхай сабе пабрыкаюць!
З-пад ног маці вырваліся на падворак тры тупарылыя парсюкі, засвяцілі белымі бакамі.
Нічыпар, зірні на нашыя пчолы — штосьці яны надта неспакойныя!
Тпр-р-р, Машка, сто-ой!..
[78] — У чым справа? (ням.)
[79] — У яму гэтыя мяшкі бруду! (ням.)
[80] — Кідайце ў яму! (ням.)
[81] - Закапвайце (ням.)