Солтыс адкрыў рот, каб нешта Дадаць ні то канакраду, ні то камісару, але раздумаў. Толькі паківаў з жалем галавой, насунуў шапку ды палез на воз.
Но! — ударыў ляйчынай каня.
Салдат з канакрадам наблізіліся да месца, дзе стаяў я. Загіпнатызаваны натоўп з жахам расступіўся, каб іх прапусціць. На чалавека, якога меліся праз хвіліну расстраляць, глядзеў я са шкадаваннем і жудаснай цікавасцю.
Перада мной быў твар зусім маладога мужчыны з ружовымі мясцінамі, дзе пабывала рука фельдфебеля. На галаве — цёмна-русыя лохмы, але, здаецца,— не цыган. У вачах — ужо трывога і дзікія роспачлівыя бляскі, бытта ў ката, якога сабакі загналі на плот.
Дзівак, нават у ваенны час не мог пакінуць сваіх звычак. Навошта яму здаліся цяпер тыя коні, хто іх купляе сёння!..
Willi, warte mal! [72] — зноў пачуў ад ганка камісараў віск.
Салдат карабінам затрымаў арыштаванага:
Zum Befehl, Herr Kommandant! [73]
Zuerst bringe In zur Polizei. Lass In dort hundert Prügeln auf den Arsch! [74]
Jawohl, Herr Kommandant! [75]
Aber fest! [76]
Es wird erfüllt, Herr Kommandant[77].
Los!
Толькі тады я і бачыў гарадоцкага амтскамісара. Затое майму бацьку з гэтым немцам спатыкацца даводзілася часцей.
2
Аднаго летняга дня, калі мы з Валодзькам ужо сядзелі ў Штутгофе, бацька адправіўся ў Гарадок на пошту з пасылкамі сынам. Выязджаючы з хвойнічка ля Зарачан, сярод пясчаных выдмаў і ядлоўчыкаў ён нечакана ўбачыў купку людзей. З мястэчка выводзілі сюды людзей расстрэльваць, і бацька здагадаўся, у чым справа, пачаў прыглядацца. Мужчыны аказаліся знаёмымі яўрэямі з Гарадка. Ён стрымаў кабылу, накіраваўся да іх. Прадчуванне бацьку не ашукала.
Ля свежавыкапанай магілы ляжалі два хлопцы ў цывільнай вопратцы — загарэлыя, няголеныя. Адзін раскінуў мускулістыя рукі і прыадкрытымі вачыма глядзеў у неба. Другі лёг на жывот, абняў зямлю ды нібы ўпарта над нечым думаў. Каб не набрынялыя бардовыя пухіры мокрага пяску пад імі, а па тварах і шыях каб не лазілі мухі, то можна было б падумаць, што хлопцы тут пад кустамі сабе леглі ды адпачываюць.
Нічыпар,— паскардзіўся адзін з гарадоцкіх.— Прыгналі нас закопваць, ды адзін яшчэ жыве!
Ну-у?
Ды-ыхае! — з жахам паказалі ўсе рыдлёўкамі.— Сам глядзі!
Бацька нагнуўся. Сапраўды, у таго, які ляжаў ніцма, вылятала хрыпенне, бытта чалавек глыбока спаў. Часамі ён усхропваў мацней, тады з-пад галавы ўстрывожана выскоквалі бойкія зялёныя мухі ды пырскалі ва ўсе бакі.
Хто гэта? — спытаўся бацька.
Не тутэйшыя!
Ноччу недзе злавілі і прывезлі ў Гарадок!
Раніцой тут пабілі!
Парай, што маем рабіць? Чакаць, пакуль памрэ? А калі ён так да вечара будзе дыхаць?
Бацька азірнуўся.
Паблізу ў брычцы пёрся нейкі немец. Далёка з Гарадка пыліла машына.
Пачакаем, няхай праедзе тая унь халера. Тады адвалачом у кусты хлопца. Мо яшчэ адыдзе...
Але немец, наблізіўшыся да бацькавай фурманкі, спыніў сваю брычку, прывязаў да козлаў лейцы і накіраваўся да іх, папраўляючы на левым баку кабуру.
[72] — Вілі, пачакай хвілінку! (ням.)
[73] — Слухаю, пан камендант! (ням.)
[74] — Спачатку завядзі яго ў паліцыю, няхай там адмераюць! (ням.)
[75] — Будзе выканана, пан камендант! (ням.)
[76] — Але, як належыць! (ням.)
[77] — Будзе зроблена, пан камендант (ням.)