Пайшлі выручаць!
Мне ўжо не сорамна. Паспяваю ўпэўніцца цалкам, што тут менш за ўсё справа маёй скромнай персоны, тут трапіла каса на камень. Яны маглі б так жа счапіцца і з-за якога-небудзь хамута замест таго, каб уладзіць усё па-харошаму.
Партызаны! — адкрываю сабе новы адценак гэтага слова. Каб адно гэтая хваля пе захлынула тут мяне, каб выйсці з катавасіі жывым.
Хлопцы не паспелі выйсці, як з'явіўся і сам камбрыг. Сабраны, сур'ёзны — я такім яшчэ яго і не бачыў.
Камандзіраў атрадаў, старшын, камузводаў — ка мне! — загадвае.— Будзем складваць маршрут на заўтра. Астатнім бібікі не біць, запасацца па дарогу харчамі. Памятайце, кожны харч прыдасца! Дзейнічаць, жыва!
Толькі цяпер бачыць мяне і на хвіліну змаўкае.
Скарыпін,— кідае, падумаўшы.— Знойдзеш у сябе шэсць аўтаматчыкаў?
Так точна, таварыш капітан!
Тады забірай Кучынскага, сваіх хлопцаў і зараз жа з лагера — шагам марш! Прабірайся кустамі, ельнічкам, каб ні адзін чалавек вас не бачыў!
Ёсць!
Дойдзеце да развілкі на Ружанскай шашы, чакай. Туды вернецца наш атрад з засады, разам пераднюеце і дачакаецеся нас. Усё табе зразумела?
Так точна, таварыш капітан!
Адпраўляйся!
Слухаю! Цёзка, забірай торбу!
Бліжэйшыя хлопцы мне раяць:
Будзеш ісці паўз іхнія зямлянкі, то памахай Чыгрову ручкай!
I скажы: плакалі твае, братачка, пятнаццаць кілаграмаў толу!
А мне робіцца раптам шкада Гута-Міхаліны. Ды так сумна робіцца на душы, што неахвота ўжо пакідаць гэты лес.
8
У Белавеж валакліся мы дні чатыры. Хітрылі, блыталі сляды, разведвалі дарогі. Як гэта часта бывае ў канцы сакавіка, пасля цудоўнага надвор'я раптам пахаладала. Узняўся вецер, пасыпаў шматкамі снег. Вопратка на нас прамокла, ад нерэгулярнай і выпадковай ежы ўсухамятку ўсе паслаблі.
Я ні холаду, ні голаду не адчуваю. Яшчэ б. Вяду цэлую партызанскую брыгаду. Што будзе адбывацца, калі гэткая дружынка запоўніць лясы вакол Гарадка?!. Мяне аж распірае ад шчасця: я іх туды вяду! Толькі б хутчэй забяспечыць брыгаду мясам, а то прывяду на месца адны цені.
З дзяцінства наслухаўся я пра зуброў. На палянах у нашым лесе расла духмяная зуброўка. У дзядзькі Лавіцкага на акне заўсёды ляжаў грэбень з зубровага рога. У цёткі Кірыліхі страшаўскія цяжарныя маладзіцы пазычалі якісьці магічны нож з зубровай шкуры, каб радзіліся хлопцы (пазычала яго калісьці і мая маці!). Пра гэтага звера ў нас хадзілі легенды, а яго імя было абкружана культам павагі і пашаны. Ён не раз выручаў нашых людзей, выручыць і цяпер. Нічога, што ва ўсім свеце іх заставалася чатырнаццаць галоў, будзе — трынаццаць, малая розніца, а пасля вайны развядзём!
Нарэшце, згаладнелыя, перамёрзлыя, абяссіленыя, апынаемся ў Белавежскай пушчы ля загароды з тоўстых жэрдак. На маю думку, брыгада мелася раскласці вогнішча і чакаць, пакуль мы асвяжуем і прывалачом тушу. Толькі план наш адразу пачынае ламацца. Убачыўшы запаветную загародку, сто дваццаць чалавек раптам ажыўляюцца і на чале з Вайцяхоўскім пералазяць цераз жэрдкі.
А вось і звяры.
Стада бурых аграмадзін бяспечна сабе адпачывае. Самцы з абледзянелай поўсцю, стоячы, спакойна жуюць жвачку. За імі на снезе ляжаць зубрыхі. Зводдаль дурэюць рахманыя цяляткі. Адно маці аблізвае, з яго валіць пара.
Пачуўшы шастанне ботаў, зубры неяк даверліва і з цікавасцю паварочваюць да нас вільготныя мысы, глядзяць спакойна разумнымі вачыма, аднак не кранаюцца нават з месца. Бытта яны лічаць зусім натуральным, што хтосьці яшчэ тут у пушчы, і не выказваюць ніякай трывогі. Толькі цяляткі задзіраюць хвасты, імчаць да мацярок і з-за іх з цікавасцю выглядаюць.
Адзін жа волат нязлобна набычваецца на нас, грэбае капытом, абдае сябе веерам снежнай крупы. Затым трахнуў бародкай — заляскаталі льдзяныя касцяшкі на баках. Тады звер пругка выгінае спіну, са смакам пацягваецца і, нібы паравоз, уздыхае.
«Эх, хлопчыкі, а сілы, халера, колькі сабралася ва мне!.. Ды што зробіш, няма куды яе падзець!» — кажа ўся яго лабастая постаць з крутым гарбом.
Ад відоку самаўпэўненых і бурых аграмадзін партызаны як бы нямеюць.
Бэ-эстыі! — кажа Міцька Табуноў.