Пад дыктоўку сарака васьмі партызан запісаў...
Пішы сваё прозвішча, чыгровец![65]
7
Позна ноччу група адпраўляецца, астатнія хлопцы завальваюцца перад дарогай спаць. Я з новенькім аўтаматам між каленяў сяджу як на вуголлі. Хутчэй бы пайсці адсюль — далей ад чужога, няласкавага і небяспечнага месца, ну яго да д'ябла!
Уваходзіць разведчык, шэпча камбрыгу:
Чыгроў паскардзіўся Петрасяну. Той даў слова, Кучынскага вярнуць жывым ці мёртвым!
Табуноў, выставіць да раніцы ўзмоцненую варту! — кідае Вайцяхоўскі.
Перад Чыгровым я гэтак вінаваты, што расстраляць мяне мала. З-за свайго эгаістычнага анархізму я так і не аддаў яму рапарта, падсунуў у групу двух зусім невядомых для дэсантнікаў людзей, а сам — уцякаю! Капітана прыслалі сюды не для гульняў. На камбрыга гляджу вінавата, з трывогай.
Не бойся, з намі не загінеш! Калі вырашыў — цярпі!
Гэта не надта мяне і суцяшае.
Раніцой прыбягае за мной пасыльны ад Петрасяна. Вайцяхоўскі ідзе тлумачыцца сам, трывожуся яшчэ больш. Цяпер напэўна справа не ва мне. Кожны з партызанскіх кітоў захоча паставіць на сваім. Як мне сябе паводзіць?
Як на тое, у зямлянку заходзіць і наша Маруся. Прыгінаюся, каб быць менш прыкметным. Думаю са здзекам пра Галю: заставайся са сваім капітанам! Вяртаецца ўпэўненасць, медсястру перастаю баяцца. Але яна мяне і не надта заўважае.
З прыходам Марусі ў зямлянцы ўзнімаецца вэрхал. Партызаны былі з ёю ў дэсантнай групе пад Віцебскам, медсястра называе ўсіх па імені. Хлопцы пачынаюць сябе развязна паводзіць, шчыпацца, кідаць салёныя жарты. Маруся ведае напэўна, што таварышы так сябе паводзяць з-за ветлівасці і спачування, бо яна ўжо ў такім крытычным узросце, калі натуральнага какецтва ў хлопцаў не выклічаш. Маруся толькі ўздыхае, ласкава шлёпае іх па руках, калі хто залішне дае ім волю, журботна маўчыць.
Хлопцы склалі нават пра яе песню. Усе робяць кола, бяруць медсястру ў сярэдзіну, пяюць:
Бясхітрасныя словы кранаюць. Хаваю слёзы. Пакруціўшыся ў нашай зямлянцы з паўгадзіны, Маруся ўздыхае:
Ну, хлопчыкі мае, бывайце! Вяртайцеся, харошанькія, усе жывыя і здаровыя! А калі не давядзецца вярнуцца, дык жадаю: «Если смерти, то мгновенной, если раны — небольшой!...»
Дзякуй, Машанька!
I табе таго жадаем, родная!
Каб вас тут фрыцы не блакіравалі ў пушчы!
У балота не заперлі!
Да пабачэння!
Давайце... Давайце, родненькія, пацалую вас... Хло-опчыкі, колькі я вас за два гады праводзіла, і дзе вы ўсе-е?!. Хло-опчыкі вы мае-е, як я вас шкаду-ую!..
I сапраўды, яна па чарзе абдымае ўсіх і цмокае. Адчуваю, які я да яе быў несправядлівы, як я яе не ведаў. У мяне зноў макрэюць вочы, спірае дыханне.
Даходзіць чарга і да мяне.
Ну, бывай і не будзь такі фанабэрысты, будзь прасцей! — медсястра падае далонь.— Не будзь такім гордым, ты ж не шляхціц, праўда?
Усхопліваюся, паціскаю цвёрдую руку.
Бывайце, Маруся!..
I не крыўдуй на нас!
Ужо не крыўдую...
Не крыўдуй, што не дагадзілі, мы ж на вайне! Мо яшчэ ўбачымся, хто ведае!
[65] Словы К. Чорнага і А. Астрэйкі