— Мама, хачу пагуляць з брацікам!
Замаўчы! Думаеш, для тваёй дурной прыемнасці буду труну адчыняць?
— Мама, болей не хачу круціцца навокал!
Сціхні, бо і другую нагу прыб’ю да падлогі!»
Па меры таго як чытаю, у хлопцаў твары выдоўжваюцца, усе нямеюць. Змаўкаю — мабыць, хопіць. Чуваць разгубленыя воклічы:
Та-ак!..
Н-нда-а!..
Ото ж і гу-умар!..
Хвіліну ўсе перажываюць.
Хто дасць паперы на цыгарку?
Партызан дастае з кішэні складзены аркушок:
Во, лістоўка, пісьмо ад Гітлера. А ты, бадзяга, яшчэ і лаяўся, навошта падбіраю!
Табуноў бярэ кончыкамі пальцаў, пасцярожана чытае:
«Слаўным беларускім партызанам! Расстрэльвайце сваіх жыдоў-камісараў, пераходзьце да нас!»
Пётр Макаравіч, які лазіў пад стол, перабівае:
Ідэя!.. Хлопцы, далібог, давайце адкажам яму! Кучынскі перакладзе, і пашлём у Берлін!
Усе порабольшана згаджаюцца. Пятро дае мне аловак, садзяць у цэнтры да стала. Вырываю чыстую паперу са сшытка з вершамі, чакаю, Пятро дыктуе:
Бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту Адольфу Гітлеру! Гэтую паперу пасылаюць у твае паганыя рукі беларускія партызаны з брыгады Кастуся Каліноўскага!.. Хлопцы, а далей што?
Падлятае Табуноў, крычыць:
Слухай, ты! Які гэта чорт паддаў табе ахвоты шукаць свае згубы на нашай зямлі? Сядзеў бы ты сабе ў сваім берлінскім логавішчы ды смуродзіў бы ў Германіі, ды не! Павяла цябе твая бандыцкая натура сюды! Са свайго фашысцкага свінуха палез ты ў наш зялёны агарод, нават тупога лыча не абскробшы, і ўся твая сабачня перла сюды на злом галавы, як бы яе зразу сто перуноў гнала. I ўскочыў ты, сукін сын, у такую калатушу, у якой здохнеш, а капытоў не выцягнеш!
Хлопцы рагочуць. Усхопліваецца Скарыпін, махае рукамі і дыктуе далей:
Берлінская свіння, цірольскі шчанок, смярдзючы разнік, нямецкі асёл, абдрыпаны ... к, і будзе табе скора каюк! Бо каб хоць крыху быў разумнейшы, то мог падумаць, што не табе зачапляцца з намі! Не такіх бачылі і галаву мылілі! А ты думаў, у нас не знойдзецца ўжо сілы, каб расквасіць табе тупую віславухую даўбешку? Хіба дрэнна табе пад Масквой нашы растаўклі нюхаўку?
Зноў рогат. Дыктуе ўжо трэці.
Ці доўга будзеш ацірацца па нашых сёлах і гарадах? Вядома, няма табе ўжо іншай рады, як перціся на ражон! У цябе цяпер то хвост угразне, то нос увязне! Куды ты ні папрэшся, усюды цябе лупяць, як сукінага сына, а ты ўсё хвалішся, што бярэш верх! Быў у нас такі Савоська-канакрад. Бывала, украдзе каня, дык яго зловяць, так накладуць па карку, што ён два тыдні чухаецца, а на трэці пачне выхваляцца, што вельмі ж назад адбіваўся добра. А нарэшце ён украў кабылу, і яму такіх плескачоў уляпілі, што ён неўзабаве і канакрадаўскі дух спусціў. Вось так, падла, выхваляўся, выхваляўся дый здох!
Зараз і з табой так будзе. Так штурханём цябе з нашай зямлі, што сваіх смярдзючых костак не збярэш! Завыеш, завыеш ты скора, як паганая сука, і па сваёй змяшанай фашысцкай сабачні і па сваёй дубовай галаве. Скора ўвесь свет пачуе скрып жэрдкі пад тугой вяроўкай, на якой будзеш вісець ты, крыважэрная морда, бандыцкі зладзюга і мюнхенскі сабакар!
Зноў партызаны рагочуць.
Я ўжо даўно здагадаўся, што хлопцы мяне абдурылі. Каб пахваліцца перад новымі партызанамі з атрада, дыктуюць якіясьці завучаныя словы, і ўсё гэта нагадвае ўжо самадзейнасць. Аднак тэкст мне таксама надта падабаецца, і я стараіша яго запісваю.
Вось так мы сказалі пра цябе самога праўду,— дыктуе чацвёрты,— а больш не маем часу, бо па дарозе з Пружан у Кобрын пруцца дзве роты тваёй задрыпанай пяхоты, і мы яе зараз у Гутаміхалінскім лесе паложым як мае быць!
Скажы Герынгу і Гебельсу, што ім таксама пара падумаць аб сваіх паршывых душах на тым свеце!
А яшчэ — станьце вы ўсе ўтрох ракам і пацалуйце адзін аднаму куды трэба, і на гэтым на векі вечныя скончацца ўсе вашы справы! А ты — выхваляйся, выхваляйся, то хутчэй здохнеш!