У Белавежы засталося 14 зуброў. Іх не чапалі ні немцы, ні партызаны. Гэта і было тое месца ў свеце, дзе яшчэ ў натуральных умовах пасліся стэпныя веліканы. Наш вучоны Дземяшкевіч нават ахвяраваў сябе пачэснай мэце — захавання чалавецтву апошніх з магікан — і з пачатку вайны не пакідаў запаведніка.
Шкада пераводзіць рэдкіх звяроў. Але ж у зубровым стадзе замнога самцоў і жывуць яны нязгодна. Аднаго без шкоды для гэтага самага чалавецтва Дземяшкевіч, свой чалавек, зможа ахвяраваць для нас. Пасля вайны — расплодзяцца!
Па дарозе ў адным месцы — цэлае стада зуброў! Застрэлім аднаго, і ўсім хопіць,— запэўняю камбрыга.— Ведаю прыблізна, дзе іх знайсці ў пушчы!
— О-о, я зусім пра іх забыўся! — дзівіцца Табуноў. Вайцяхоўскі думае. Неўзабаве пачынаем усе мы лічыць. Забіты і выпатрашаны самец заважыць, мабыць, з тону. Тысячу кілаграмаў мяса падзяліць на сто дваццаць — паўпуда на брата, ды мяса не абы-якое! Гэтай за-праўкі брыгадзе прынамсі хопіць на пару тыдняў.
Ладна. Значыць, перайсці да нас згаджаешся? — здаволена пытае камбрыг.
Рэчы там засталіся.
Забяры і адразу назад!
Вылятаю на двор, і мне робіцца страшна. Дэзерцірую?! А чорт яго бяры! Чыгроў тут можа прасядзець да прыходу Чырвонай Арміі. Калі выйдзем з лесу, няхай карае.
6
Не ведаю, што было б, каб тады ў чыгроўскай зямлянцы застаў я сваіх хлопцаў. Мажліва, глянуў бы ў вочы Мішку і адмовіўся б ад задумы, усё ж такі пакідаць яго ў групе — подласць. Ды ён якраз, на маё шчасце, некуды з Марусяй знік. На нарах цяжка дыхае праз сон адзін Віктар.
Бытта злодзей, хапаю штутгофскую зялёную сумку ад процівагаза, выбягаю на двор і — у кусты. Адчуваю такую вінаватасць, нібы пад Штутгофам, калі пакідаў Валодзьку.
Цяпер з зямлянкі не выходзь,— раіць Вайцяхоўскі.— Пакуль не вырушым, патрываеш тут.
Вытрываем як-небудзь, таварыш камбрыг!
Табуноў, выдай яму аўтамат Колькі Сініцына і пісталет! На, Алёша, трымай зброю і пакажы сябе!..
Вечарам да нас набіваецца поўна народу. Адзін атрад збіраецца на заданне. Дзесьці ля Пружан суседняя брыгада наладжвае засаду. Вайцяхоўскі пасылае хлопцаў на падмогу. Атрад чакае, калі пададуць фурманкі.
Партызаны выкрываюць, што я ведаю нямецкую мову. Хлопцы ўраз падаставалі трафейныя дакументы, розныя паперкі, соваюць мне і дапытваюцца:
А тут што напісана?
Пачакайце, у мяне — цэлы сшытак нямецкіх вершаў! — успамінае начальнік разведкі і грэбаецца ў рэчавым мяшку.— Падабраў у забітага ля Баранавіч на чыгунцы. Перакладзі, паслухаем!
Гартаю тоўсты сшытак у клетку з цыратавай вокладачкай. Там сапраўды вершы. Хоць мала разбіраюся ў паэзіі, нават я бачу — вельмі ж прымітыўная.
— Не мармычы, чытай уголас! — падганяюць хлопцы. Яны разумеюць так: калі паэт, значыць — Лермантаў.
Усе чакаюць лірыкі. Хлопцаў расчароўваю — у маім перакладзе выходзіць беліберда. Бо ў нямецкім гучанні, напрыклад, слова «штранд» рыфмуецца з «фатэрлянд», а па-беларуску «бераг» і «радзіма» зусім не ў рыфму. Хвалююся і бесталкова тлумачу, чаму так атрымліваецца. Хлопцы пачынаюць сумнявацца ў маіх ведах. Запанавала няёмкая мінута.
Та-ак...— неакрэслена цягне нехта.
А во, тут, у газеце — раздзел гумару. От бы хто мог перакласці іхнія хохмы, парагаталі б! — дастае Табуноў «Зольдатэнцайтунг».
Анекдот у перакладзе гучыць таксама добра, калі толькі ён пабудаваны не на ігры слоў!
Я бяру газету і, каб рэабілітаваць сябе, з ходу перакладаю дыялогі:
«1. — Сёння была непрыемная сцэна. Мой сабака адгрыз руку суседскаму хлопчыку.
А што доктар?
Выпісаў слабіцельнага.
Хлопчыку?
Не. Сабаку.