Праўда, хлопцы нішто?
О-о!
То пераходзь да нас!
Як пераходзіць? — палохаюся.— Петрасян жа атрымаў пятнаццаць кілаграмаў толу за мяне!
Няважна! — Вайцяхоўскі ловіць адразу тон і інтанацыю для майго настрою.— Якая нам з табой справа да Петрасяна і Чыгрова? Цябе ж у партызаны ўзяў Скарыпін, так?
Ён.
А Скарыпін — камандзір узвода нашага атрада! Петрасянаў-цы перадалі цябе незаконна. Вось як атрымалася, разумееш?
Вядома, незаконна!
Для чаго ж тады мы? Няўжо пакінем у бядзе свайго таварыша, хлопцы?— паўжартам, паўсур'ёзна пытаецца Вайцяхоўскі.
Вы-ыручым! — адзываецца дружны хор.
Не веру сваім вушам. Для мяне знайшоўся ратунак? Ці гэта праўда ці сніцца?
Прысягу ў Чыгрова прымаў?
Не.
Тады і фармальна да цябе не можа мець прэтэнзіі!
Петрасян, нябось, не свайго, а чужога партызана аддаў у гасузвод дэсантнікам! — устаўляе Табуноў.
За ладны кавалак узрыўчаткі — хітры армянін! Ён недзе і сам разумее, што — незаконна, абы ўдалося! Зрэшты, ці ён адзін такі? Кожны партызанскі камандзір камбінуе, як яму выгодней!
Пераходзь, Алёшка. А паслязаўтра разам адправімся ў твае краі.
Ух, як было б здорава!
Толькі я прывёў двух зомлякоў учора... Халера, з'ядзяць іх без мяне...
Забяром і іх!
Адзін вельмі хворы, не ходзіць нават.
Падумай сам, як лепш, табо відней.
Фактычна я ўжо падумаў. Тут патрэбны рызыка, рашучасць.
Віктару з месяц трэба вылежвацца, пра яго няма чаго і думаць. Узяць аднаго Мішку? Гэты яшчэ ўсім цешыцца і мяне не зразумее. Пасля Страшава для яго тут, на ўсім гатовым,— рай. Чакаць, пакуль паспее Марчыкаў сын,— не стане брыгады. Наўрад ці яшчэ калі падарыцца такі шанц. Забяру хлопцаў потым, калі будзе зручна.
Камбрыг робіцца заклапочаным.
Дарэчы, Алёша, ты не паракамендуеш, дзе б нам па дарозе папоўніць харчовыя запасы? — дае ён магчымасць, каб адужала маё рашэнне.— У нас — сто дваццаць ратоў, улічы. I ўсе паесці любяць!
Го, на дарозе вёсак жа шмат!
Не падыходзіць. Раніцой старасты дакладваюць у камендатуру, што за ноч узялі партызаны. Пералічваюць кожнае яйка, кожны кавалак хлеба і збанок малака. Маючы такія дадзеныя з цэлай акругі, дзяжурны афіцэр разносіць іх па карце. Праз пару дзён яму не цяжка вызначыць кірунак прасоўвання групы і колькасць людзей у ёй. Наш паход павінен стаць нечаканасцю для немцаў. Запасы ежы мусім зрабіць гэтак, каб немцы не заўважылі. У Гута-Міхаліне — тысяч з дзесяць едакоў, сам ведаеш, тут навокал падчысцілі пад бубен усе вёскі.
Хочацца выказаць паслугу гэтаму чалавеку, пахваліцца багаццем свайго краю. Я ўжо ведаю, як быць.
Успамінаю — перад Грунвальдам Ягела з дружынай у Белавежскай пушчы цэлую зіму паляваў на зуброў, тураў, дзікоў і аленяў. З дружынай сушыў мяса для арміі, рыхтаваўся да бітвы. Можа, і яе вынік быў такі, бо войска мела добрую харчовую базу!.. Потым гэтак забяспечвалі сябе мясам паўстанцы 18З1 года, а ў 186З-м — каліноўшчыкі. Але тэмп жыцця тады быў іншы. Тураў даўно выбілі, за драбязой цяпер жа не станеш ганяцца — няма часу.