Я падумаў — на кухні забілі карову на вячэру. Але хлопцы раптоўна змоўклі, насцярожыліся, а тады рынуліся ў ельнік. Падаўся туды і я.
Пад елачкай, у такой жа куртцы з цыгейкавым каўняром, ляжаў юнак, а побач валяліся яго пісталет і вушанка. Чарнявы і высокі прыгажун з вялізным маўзерам і камандзірскай сумкай на баку паклаў сабе на калені абвялую галаву хлапца з адкрытымі і застылымі вачыма, ляпаў далонню па ўжо пашарэлым твары, як бы хацеў хлопца абудзіць, і прасіў:
Ко-оля, не трэ-эба!..
А здарылася вось што.
Яшчэ на Вялікай зямлі маладыя дэсантнікі ў таямніцы ад камандзіра пакляліся не трусіць і не прадаваць адзін аднаго, а калі ж хто парушыць прысягу, павінен застрэліцца. На шашы наперадзе сядзеў Мікалай Сініцын, і было ўсім відаць, як хлапец сяды-тады прыгінаўся да зямлі ад чаргі нямецкага кулямёта.
Ідучы з лазні, успамінаючы свой першы бой, нехта жартам і ўпікнуў Сініцына:
— Але ж ты, Колька, і кланяўся нямецкім: кулям, хто б падумаў на цябе!..
Сказаў так дэсантнік і забыўся. Ён не заўважыў, што Сініцын адразу адстаў.
Крочылі сабе хлопцы па дарожцы далей ды прызнаваліся, як кожнаму было страшна ў першым баі і як яны перажывалі. Вайцяхоўскі якраз даганяў групу. Убачыў свайго дэсантніка пад елачкай з пісталетам, ды было ўжо позна.
Чарнявы мужчына цяпер хацеў хлапца ўваскрасіць, удыхнуць у яго сваю душу. Ён загадваў, маліў, выпрошваў:
Ко-оленька!.. Ко-оля, Сіні-іцын!.. Пачака-ай, дура-чо-ок, не трэ-эба!..
Пабачыўшы, што яму нічога ўжо не дапаможа, камандзір выпусціў яшчэ з мокрымі валасамі галаву на снег і з адчаем звярнуўся да дэсантнікаў:
У чым спра-ава? Што вы вы-ычаўплі з ім? Што ў вас зда-арылася? Якая таямніца крыецца тут?
Мне тады найбольш запомніліся ашалелыя ад неўразумнага адчаю, болю і дакору карыя вочы камандзіра. Не магу ўявіць сабе, каб наш за свайго чалавека гэтак перажываў.
— ...Во, нашыя цяпер тут! — паказвае Скарыпін.
У беразнячку — новыя зямлянкі.
4
Уваходзім у самую вялікую зямлянку. На сценах — дэсантныя курткі, аўтаматы, палявыя сумкі, маўзеры ў драўляных кабурах. Усё дабротнае, унушальнае.
Нават самая зямлянка зроблена не так, як нашы. Цэлая казарма! Вокны вялізныя і не збоку, а над галавой, таму ўсярэдзіне відна, нібы знаходзіліся мы на двары. У памяшканні горача. Пасярэдзіне — стол, вакол яго — дужыя шыракатварыя хлопцы, пастрыжаныя ўсе пад вожык, як у Сініцына, з адкрытымі на грудзях белымі вайсковымі кашулямі.
Камбрыга пазнаю адразу. Ён сядзіць па-гаспадарску ў сярэдзіне кампаніі ў такой самай кашулі з яшчэ мокрымі смаляна-чорнымі валасамі і трымае карты. Астатнія ж глядзяць на яго і напружана чакаюць.
Таварыш капітан,— звяртаецца Скарыпін,— а вось і той самы Кучынскі!
Капітан паварочвае да мяне хударлявы і смуглы твар. Хітраватыя карыя вочы глядзяць са шчырай цікавасцю.
Гм, так ты вось які! — кажа ён з ноткамі гумару і цікавасці.
Губляюся — за камандзірам павярнулі ўсе галовы.
Прысаджвайся да нас!
Хлопцы дружна варушацца на лавах, даюць месца. Скарыпін сядае, а мне аднаму тырчаць няёмка. Каб не забіраць час на ўгаворы, ціснуся паміж Скарыпіным і незнаёмым. Адразу адчуваю сябе членам дружнай сямейкі.
Дазволіш ты нам, Алёша, даіграць?— звяртаецца Вайцяхоў-скі.— Мы ўжо канчаем.
Калі ласка...— чырванею і адначасна злуюся, што з мяне такая баба.
Камбрыг выкладвае карты на стол. Усе рагочуць.
Пеця, табе-е! — крычаць.