3
Даклада ад мяне капітан такі і не дачакаўся. З-за Скарыпіна.
Здароў, цёзка! — крычыць ён, улятаючы.— Ты чаго ў такую пару вэндзішся тут у нары?
Сваім вачам не веру: Скарыпін і не Скарыпін! Упэўнены, шчаслівы, з новенькім аўтаматам на шыі і ТТ на баку. Увесь ззяе ад бадзёрасці і здароўя.
— Пішу начальству справаздачу.
Зыркае на Віктара.
Новы. Прыйшоў разам са Страшава.
Тваіх дэсантнікаў тут няма? — пытаецца насцярожана.
Няма, не бойся! Гэты — хворы і ўсё спіць. Высокая тэмпература!.. Кажы, што маеш. А зброя на табе — са склада, ці што?
Даставілі самалётам, калі ты хадзіў пад Беласток,— ажыўлена ўспамінае.— Ведаеш, нават прыслалі пару цюкоў лыж! Наскідалі, а снегу — ужо няма!.. Ха, Петрасян падбег да цюкоў, разрэзаў брызент, крычыць: «Канкі-і, канкі-і!» Цяпер увесь лагер так яго дражніць!
Я не смяюся.
Ты чуў? — не супакойваецца хлапец.— Прыйшоў наш камбрыг, Вайцяхоўскі!
Радасць мне вялікая.
Хадзем, пазнаёмлю! Цікавы чалавек вельмі! Горны інжынер! Дэсантнік! Капітан!
Здзівіў! У нас свой — і дэсантнік, і капітан.
Дуралей! Ён збіраецца з брыгадай у вашы краі. Хоча цябе паслухаць, што там бачыў. Месца дыслакацыі нашых атрадаў — паміж Гродна і Беластокам, у тваім якраз лесе, дзе лесніком Карповіч, мы ж тут толькі зімавалі. Хопіць вылежвацца, збіраемся на старое месца!
Ідуць туды? Пачынаю вагацца.
Юда. Прадаў Чыгрову, а цяпер яшчэ і падбухторваеш супроць яго?
Хадзем, хадзем! — цягне он мяне за рукаў.
Пачакай, думаеш, у нас так проста?
Буджу Віктара, прашу:
Спытаюць, дзе я, скажы — у лазні, разумееш, Віця?
Крочым са Скарыпіным. Алёша не змаўкае:
Гэта ваш такі нелюдзівы. Прызвычаіўся ў кожным чалавеку бачыць ворага народа Вайцяхоўскі ведаеш які?
Цёзка аж захлынаецца захапленнем. Дыханне цяпер у яго чыстае, як у дзіцяці. Вочы гараць.
Усе яны аднолькавыя,— прыкідваюся ўсё пакрыўджаным.
У-у, тады ты яшчэ не бачыў сапраўдных людзей! Паслухай. Ля Шаціл немцы нас блакіравалі. Тры дывізіі СС заперлі партызан у развілку Шчары і Нёмана. За вадой выставілі кулямёты, гарматы, браневікі і раніцой меліся выганяць, як зайцаў, пад агонь. Нават адпаведна аперацыю назвалі «Мокры мяшок». Сярод ночы правяраю пасты. Холадна. Дні два нічога не меў у роце і аслаб. Вакол нас у дзесяць разоў больш праціўніка. Трывожна, што будзе з намі, калі развіднее. Паверыш, баімся нават закурыць. Вартавыя пазашываліся ў кусты, не дыхаюць. I мая душа ў пятках. Падкрадваюся да вогнішча — і што ты думаеш? Вайцяхоўскі чытае партызанам Швейка, і ўсе рагочуць, аж кладуцца!
Перад Скарыпіным прыкідваюся, іграю нешчаслівага і далей. На самой справе я ўжо і Вайцяхоўскага бачыў: калі здарыўся трагічны выпадак, яшчэ да паходу ў Страшава.
Валокся я тады з мяшэчкам мукі — у брыгадзе на жорнах змалоў вядро пшаніцы кухару на зацірку — і спаткаў новых дэсантнікаў. Хлопцы ішлі з лазні. Я нават пастаяў, пазайздросціў ім. У ладных куртках з цыгейкавымі каўнярамі. З аўтаматамі новай маркі ППШ. Распараныя, чырвоныя, мардатыя і белазубыя хлопцы бесклапотна абсыпаліся снегам, дурэлі і рагаталі. Я ведаў, яны толькі што вярнуліся з шашы Брэст — Мінск, дзе разбілі калону машын, яшчэ не маглі супакоіцца.
Трах! — недалёка луспуў пісталетны стрэл.