Я ведаю яго з дзяцінства!
Вы — ведалі. Гэта было ў мінулым. Потым вы больш года не яшлі ў вёсцы, так?
Ну і што?
Невядома, кім стаў за гэты час ён. Для нямецкай разведкі здымкі з Гута-Міхаліны — скарб.
Па-твойму, яго немцы падаслалі з апаратам сюды?!. Гаварыць так пра Марчыкава сына — абражаць жывых і мёртвых страшаўцаў, якія пазіравалі перад Мішкавым аб'ектывам. Агортвае жах: добра, што выкруціўся з прозвішчам. Ото ж заблытаўся б — з адной вёскі, а не ведаю, як зваць!
Ладна! — шпурляе ён апарат на нары, як непатрэбную цацку.— Мы яго ў вашага сябра часова забіраем і вернем толькі пасля вайны. А вам загадваю: калі ўжо здарылася так з цягніком, аформіце як належыць.
Слухаю, таварыш капітан!
Вось чыстая папера. Тэрмін — да заўтра!
Ёсць, таварыш капітан!
Раблю пакорны выгляд твару і пра сябе злараднічаю: «Ліха цябе бяры, з табой не дамовішся! Яшчэ не ведаеш, што ў Каралёўскім лесе рабочыя з Падзалук злавілі немца-вар'ята, а то і вар'яцтва яго прымусіў бы прыпісаць мне! I пра магнітную міну, што ў лесніка, не ведаеш!..»
Паварочваюся да дзвярэй, але Чыгроў усё не адпускае. Ён працягвае паперку, якую я напісаў яшчэ ўчора.
Тут гаворыцца пра стрэлку. Трэба напісаць дакладна, на колькі гадзін вывелі са строю чыгунку.
Я ж дакладваў: праз Валілы гадзіны дзве не хадзілі паязды, стаялі на суседніх станцыях! Немцы пуць адрамантавалі і зноў іх пусцілі! А вось траіх сялян... забралі!
Што ж, трэба было падумаць пра людзей, пакуль узрываць! Калі ж так ужо здарылася, слёз пускаць не станем, не да гэтага — пасля вайны паплачам над іх магіламі!.. Напішыце ў акце: руху на чыгунцы Ваўкавыск — Беласток не было столькі і столькі гадзін, тады і тады!
Ну і што? Паміж гэтымі гарадамі мо з дваццаць станцый ды паўстанкаў. На некаторых цягнікі па плану спыняюцца на паўгадзіны. Пасля дыверсіі стаянкі немцы скарацілі, і кожны цягнік усё роўна прыйшоў у Беласток ці Ваўкавыск у вызначаны час. Што нямецкі фронт ад гэтага прайграў, якая палёгка была нашаму?
У вас, Кучынскі, адразу адчуваецца невайсковы чалавек! — бярэцца ён за мяне інакш.— У нашай прафесіі мусіць быць сказана дакладна, дзе, што і як. Гэтыя звесткі падсумуюць у штабе і выведуць поўную карціну.
Але я болей яго не слухаю, думаю пра іншае.
А мо толькі так здалося, што Галя перамянілася? У яе ж — такая самая фігура!.. Дарэмна брэшуць?!. Таксама знайшоў каго слухаць — Кулешу. Вось жа не змагла перанесці капітанавы прыдзіркі, уцякла з зямлянкі!.. Цікава, што б сказала, каб не было Сляпухі са мной. Трэба ж яму зайсці якраз у такі момант!
Бярыце рапарт і перапісвайце!
Слухаю. Дазвольце ісці!
Чаго вы за кожным разам ускокваеце? — злуе.— Скажу, калі будзе трэба!
Саджуся.
Яшчэ: забараняю вам расказваць каму-небудзь пра ўсё, што бачылі ў сваёй мясцовасці. Другія камандзіры, мажліва, будуць пытацца, але вы шліце іх да мяне, ясна?
Так точна!
Цяпер можаце адпраўляцца.
Слухаю, таварыш капітан!
Раблю паварот праз левае плячо, адбіваю тры крокі і вылятаю на свежае паветра.
На дварэ пануе цішыня. Са снегу ўзнімаецца пара. Сям-там уюцца дымкі ад комінаў — ляніва, не ведаючы, куды дзявацца. Пад ботамі хрумсціць лядок у лужынах. Канчаецца сакавік. Хоць лес цяпер — акумулятар холаду, але і ў ім адчуваецца блізкасць вясны. Весела цвыркаюць птушкі, абіваюць з галінак іней, дурэюць. Неба высокае, сіняе. Дзе-нідзе праз кроны прабіліся густыя промні сонца, і выглядае так, бытта ад кронаў да зямлі хтосьці нацягнуў туга, як струны, сушыцца стужкі марлі. А на полі ўжо дзесьці паруюць праталіны, звініць першы жаўрук.
Душа рвецца да работы. Нерашуча тапчуся ля сваёй зямлянкі: заходзіць ці не? Ну, дам дакладную, а тады што? Рыхтуйся ехаць за фуражом. Не паеду — старшына выжане на паляну займацца страявой. З-за таго, што бяздарнасць Кулеша не можа ўзяць на плячо вінтоўку па ўставу, тырчы на паляне з раніцы да вечара! Навошта партызану страявая? У лепшым выпадку праз месяц пашлюць у Страшава «мераць тэмпературу» — даведацца, дзе, колькі стаіць немцаў, запісаць прозвішчы новых здраднікаў, якія новыя самалёты з'явіліся на аэрадроме. Гэткае заданне з не меншым поспехам выканае і цётка Кірыліха. Хочацца быць агнём, толам, дынамітам, а не — тэрмометрам.
Неахвотна апускаюся ў сваю зямлянку.