Гаспадарчымі аперацыямі...
Адно па хатах ездзіце бамбіць?
Пасылалі ў родную вёску, думаў — во, пачынаецца! — выбухаю.— Ажно...
Я Чыгрова разумею. Збіраць па штабах атрадаў звесткі могуць толькі дэсантнікі. Нашы камандзіры абы-каму нічога не скажуць. Чыгроў узяў тактыку правільную. Навошта ім наражацца на небяспеку, выходзіць з лагера, натыкацца на засады, мерзнуць на снезе, галадаць, падумай, калі можна ўсё рабіць таннейшым коштам? Шасцярым вашым дэсантнікам у раёнах не зробіш таго, што зробяць некалькі тысяч партызан. I дэсантнікі дзейнічаюць — нічога не скажаш. Дзень і ноч яны не вылазяць ад нашых разведчыкаў, прыгаршчамі чэрпаюць багаты матэрыял, а вы толькі дапамагаеце ім праславіцца.
Хоць ва мне і дагэтуль з'яўлялася крыўда на сваё начальства, але я з-за паважання да яго так думаць не смеў. Мяне разіць трапнасць заўвагі Сляпухі — робіцца аж страшна.
Выходзіць...
Маўчым. Цяжка ўздыхаю.
Зрэшты, у вашым гаспадарчым узводзе — адны інваліды ды недарэкі. Ім якраз тут і месца. Але табе, здароваму хлопцу?.. Дурань, уцякай у другое, бо тут скіснеш! Ты ж — жывы, актыўны чалавек!
Хіба можна пераходзіць куды хочаш? — з недаўменнем пытаюся.
Ты яшчэ бяжы да Чыгрова, спытай дазволу!
?!
Не ў арміі. Абы ўдалося, на тое і партызаны!..
Не веру сваім вушам: — што ён гаворыць?!
Ну, мне пара, бывай!
Пачакай, правяду! — хапаюся нацягваць боты.— Во, на табе гасцінца! — спахопліваюся ды лезу ў сваю сумку. Там я хаваў патроны для нагана, якія ўтаіў ад капітана.— На, усе забірай! — са злым і помслівым здавальненнем высыпаю іх сябру ў шапку.
У Сляпухі ад радасці гараць вочы.
Выбіраемся з зямлянкі. Насустрач нясецца Галя.
Таварыш Кучынскі, да капітана!
У мяне падкашваюцца ногі, абмірае сэрца. Халера, што мяне там яшчэ чакае?
2
У камандзірскай зямлянцы толькі Чыгроў з радысткай. Ух, як я цяпер абаіх ненавідзеў! Шчасце, у нашай групе строга патрабуюць вайсковыя рытуалы і «добры дзень» магу не гаварыць.
Таварыш капітан, радавы Кучынскі па вашаму загаду з'явіўся!
Вольна. Сядайце, таварыш Кучынскі.
Ужо і на «вы» перайшоў. Праверыў. Цяпер выцісне з сябе аптэкарскую дозу прыхільнасці. Чалавек — не кавалак матэрыі, якую можна спачатку абмацаць, абнюхаць, паўзірацца на святло, ці няма дзірак, спытацца пра цану, тады заказаць з яе шыць кашулю. Яму верыць трэба, капітан, без гэтага ім не пакіруеш; сэрца ў цябе няма!
Сядайце, сядайце, калі ласка, будзьце як дома, зараз пагутарым!
Робіцца млосна. Дзе стары лейтэнант, што мяне судзіў? З ім усё ж такі было б лягчэй! Апускаюся на табурэтку.
Пакуль капітан перабірае паперкі, гляджу на радыстку, нібы на чужую. З яе твару як бы хто выцягнуў крыху красак і сокаў, яна зрабілася яшчэ больш непрыгожай. У поясе туга падперазаная афіцэрскім рэменем, ад чаго здаецца танчэйшай. Чысціць дыск і адводзіць вочы ўбок. «Ага, няёмка! — упікаю яе, бытта паміж намі была ўмова.— Так табе і трэба, паскудніца!»
Гляджу з непрыязню і пагардай. Я ганьбую ёй. Ух, як хочацца пра гэта сказаць хоць вачыма. Але, хітрая, пазбягае майго позірку: старанна трэ пластмасавы круг. Тры, тры!..
Пераношу позірк на капітана.
Да мяне дайшла чутка, што вы арганізавалі яшчэ адну дыверсію, гэта праўда?