На старанна паголеным і гладкім твары добрая ўсмешка. «Ага, табе нешта ўжо трэба ад мяне? — раз'ядае рэўнасць маю душу.— «Сядайце, будзьце як до-ома!..» I дынамку круціць цяпер, напэўна, паклічаш?..»
На камандзіра гляджу ва ўпор.
Гладкі і масіўны падбародак выступае наперад, у цэнтры ямка — недарэчная дзірачка. Пальцы, якімі трымае мой рапарт,— тонкія, белыя. На галаве выразна выступае лысіна, і цёмныя валасы толькі зверху прыкрываюць голую мясціну з шэра-папялястым пухам. Воўна афіцэрскага кажушка на адваротах — пухкая, чысценькая. Калісьці ўсё гэта мне імпанавала, а цяпер здаецца такім звычайным, неціка-вым і сам капітан — старым і беларучкай. Цьфу, было кім захапляцца!
Прыкідваюся, што не разумею, аб чым гаворка.
Поезд пусцілі пад адхон! — тлумачыць.— Чаму ж вы прамаўчалі?
А!.. Яго пускалі людзі з маёй вёскі, а не я, таварыш капітан!
I гэта ведаю,— усміхаецца ён ды стараецца гаварыць дабрадушна.— Але ж калі б не было на той час вас, хіба сяляне здагадаліся зрабіць дыверсію?
Не.
Напэўна?
Напэўна.
Маеце тады поўнае права лічыць, што арганізавалі яе вы. Напішыце і пра гэта рапарт. Магчыма, вас яшчэ і да ўзнагароды прадстаўлю!
Гм, навошта яшчэ пісаць? Разбілі эшалон, і ладна, няхай немцы бядуюць! Не на судзе ж мы! Патрэбна каму-небудзь пісаніна!.. «Да ўзнагароды»?
Успамінаю непрыемнасці, якія спазнаў я ад гэтага чалавека. Фігу з макам, прадставіш! Хітранькі! Табе рапарт самому патрэбен!
Не ведаю, што казаць, і маўчу. Галя борзда пастуквае дэталямі, складвае іх і падаецца да выхада.
Калі дзяўчына пакінула зямлянку, зрабілася сумна. А капітан стаў адразу дзелавы.
Мы — тэрмометры фронту ў тыле ворага. Дыверсіі не наша справа. Даваў я інструкцыю выкарыстаць тол у выключным выпадку?
Давалі, таварыш капітан...
I так будзем з вамі дзейнічаць і далей! Добра, што эшалон пусцілі, але для нас гэта не галоўнае.
Ён уважліва глядзіць у паперку, цягне па складах:
Грэ-бень-чык ці Гры-бень-чык. Прозвішча вашага сябра?
Пытаецца пра Мішку? Звалі яго ў нас проста — Марчыкаў сын, а бацьку — стары Марчык. Прозвішчаў іхніх ніколі ў Страшаве не ўпаміналі. Звычайна, як на вёсцы. Я нават не ведаю, як зваць маю бабу з Бялявіч. Каб сказаць, напрыклад, якое прозвішча ў Лукашовай Настусі, мне трэба ўспомніць, што напісана на сіняй бляшанай шыльдачцы пад страхой, якая вісіць яшчэ з часоў буржуазнай Польшчы, а ў Марчыка нават і дошчачкі такой няма — лайдак, бляху на што-небудзь садраў. Ці змагу капітану вытлумачыць? Яшчэ падумае — мы ў зговары ды вось выявіўся ўлік.
Адным словам, у пытанні камандзіра адчуваю небяспеку і не спяшаюся з адказам. Як выкруціцца? Мішкіна прозвішча называла польская газета, калі пісала аб працэсе шпіёнаў у Гродна, і я ганарыўся, што маю такога земляка. I праўда, здаецца, тое прозвішча мела адносіны да грэбеня.
Так точна, таварыш капітан, Грэбеньчык!
Ён алоўкам дакранаецца да паперкі, кладзе ў планшэт. Вывалакае фотаапарат.
Гэта вы бачылі?
Яшчэ б! Мішкавага «Кодака» ведае ў маёй вёсцы і малы і стары, без яго не абыходзіліся ні вяселле, ні радзіны, ні мярліны, ні провады да войска.
Так точна.
Для чаго ён узяў апарат?
Мішка? Каб фатагр...
Халадзею. Марчыкаў сын сядзеў пяць гадоў у адзіночнай камеры Гродзенскай турмы за збор вайсковых звестак для СССР. Намерваюся кінуць Чыгрову пераканаўчы аргумент. Але раптам мне здаецца, што яго гэта толькі насцярожыць яшчэ больш.