Пад пругкім целам скрыпіць лава. Сашка бачыць Віктара.
Новенькі?
Прыйшоў разам, ды захварэў,— тлумачу.
Я чуў, што ты выканаў заданне з бляскам.
От, такі там бляск... Што было загадана, я пастараўся зрабіць.
Сашка вымае тытунь, закурвае. Па вачах бачу — штосьці хоча сказаць. Насцярожваюся — што здарылася?
Ну ж і дасталося за цябе, брат ты мо-ой! — прызнаецца нарэшце і зацягваецца дымам.
За мяне-е? — нічога не разумею.
Што адпусціў з-пад Хрустава тады аднаго.
Як жа ты мог не адпусціць, Саша,— я ж не з тваёй брыгады?!
Сашка з палітаваннем мерае мяне з ног да галавы прыжмуранымі вачыма, тлумачыць:
Калі выходзілі з лагера, атрымаў заданне дзень і ноч не спускаць з цябе вока. Ваш Чыгроў загадаў, як толькі заўважу што — адразу страляць!
У мяне-е?
...
Не, ты праўду кажаш?!. Паўтары!
I яшчэ — не адпускаць ні на крок аднаго. У тваёй вёсцы добра прыгледзецца, распытаць людзей, з якога лагера ты ўцёк. Дзеля гэтага і Кулешу з табой пасылалі, ты хіба не зразумеў?
?!
Але ў Чыгрова на яго надзея была малая...
Ліха на яго, а я дзівіўся, навошта сунуць гэтага недарэку? Для слежкі, выходзіць! I каго? Ворага майго! Павар'явалі яны, ці што?!
Тактыка Чыгрова... Кулеша потым паказаў Марусі пухіры, медсястра выпісала яму тыдзень ляжання, а мне за тое, што адпусціў Кучынскага...
Пакуль што Сашу я нават не магу спачуваць — перажываю за сябе. Па скуры праходзіць мароз, сціскае сэрца. Колькі яшчэ будзе гэта працягвацца?
Ты мне спадабаўся, калі яшчэ мост узрывалі і мучыўся са скуламі. Я па інтуіцыі людзей адчуваю!.. Дарэчы, за табой тады ўвесь час хадзіў старшына. Хіба ты не заўважыў?
Хачу нешта сказаць, але словы застраюць у горле.
Я адразу махнуў рукой на ўсё — не стаў шпіёніць! — працягвае Сашка.— Потым адпусціў, бо бачыў — ты рвешся дамоў, табе хочацца нешта рабіць, ты — аж гарыш!.. Прывозім у лагер пабітых хлопцаў, а мяне начальнік асобага аддзела давай цягаць. Нават пару дзён сядзеў у лазні. Прыпомнілі мінулае...
Яго гісторыго ведаю. З пачатку вайны Сляпуху загадалі пайсці ў камендатуру паліцаем — у мястэчка, куды ён хадзіў у школу. Пры яго дапамозе камендатуру потым знішчылі. Сашка перайшоў у атрад. Праз пару дзён той, хто пасылаў яго ў паліцаі, загінуў. Сашка застаўся з плямай.
Не ведаю, як адудзячыць сябра. Вінавата гляджу яму ў вочы.
Месяц не выпускалі з лагера. Вярнуўся ты — сёння адразу адпраўляюць пад Брэст! Адным словам, усё ў парадку. Засумаваў за справай, не магу дачакацца вечара!
Сашка з раскошным хрустам суставаў пацягваецца.
Мабыць, вялікі з мяне эгаіст. Хоць і ведаю, што лясы кішаць ад правакатараў і нямецкіх агентаў, але аніяк не магу паставіць сябе вышэй асабістых крыўд, падысці да насцярожанасці Чыгрова цвяроза і спакойна — заядае амбіцыя. Ледзь ужо не выю з роспачы. Дакуль будзе цягнуцца змора недаверу, што яшчэ трэба зрабіць, каб пазбавіцца яе? Хіба я вінаваты, што трапіў у лагер?
То чым вы цяпер займаецеся?