Усе жывыя?
Халера іх не брала.
I нікуды ніхто не пайшоў?
Эк! — трасе ён галавой.
I капітан дома?
Ну. Толькі я, во, еду.
I ў тых самых зямлянках жывеце?
Ну. А чаго мелі перабірацца?
Куды ж ты выбраўся?
У Залешаны. Па малако.
Малако-о? А каму яно спатрэбілася?
Радыстка загрубела.
?!
Цяпер ужо і малако будзеш вазіць, пачакай...
У мяне аднімае мову, а на душы — бытта вылілі вядро памыяў. Стаім, маўчым. Пацяшаю сябе, што ахламону Кулешы няцяжка і збрахаць.
Трэба ехаць...— Мікалай б'е ляйчынай Лысага: — Ну, зараза, пайшоў!
Куды ты? — спахопліваюся.— Пастой, заварочвай каня! Перакладзём табе хворага, а сані адпусцім назад!
Унрошваць Кулешу не трэба.
Давай, перакладвай,— абыякава кажа ён ды нязграбна заварочвае каня.
1
Здаў я рапарт капітану, і нам вызначылі аж трое сутак адначынку.
На другі дзень прачынаюся позна і не ведаю, што рабіць. Нашы партызаны разбрыліся хто куды. Нават Мішка адправіўся на кухню заляцацца да Марусі. У кутку на саломе цяжка дыхае праз сон хворы Віктар. I мне не лягчэй.
Ну, добра, нічога не буду рабіць сёння, заўтра. А што далей?
Недзе зрушылі з устояў немцаў, пруць і пруць іх на захад. Партызаны з гутаміхалінскіх брыгад самі ходзяць на засады, дыверсіі, скубуць і скубуць фашыстаў. А я? Адлежуся, і зноў шыкуйся на пост ахоўваць зямлянкі, хоць іх сцеражэ і гарнізонная варта. Раніцой паднімайся па сігналу, слухай прыдзіркі вечна нездаволенага старшыны, сустракайся з радысткай, якую не хацеў бы ніколі нават бачыць. Праз два дні пачнуць пасылаць з Кулешай на вёску, а Меер прыстане з шахматамі, ведаючы, што абыграе...
Ух, якімі жудасна прыемнымі ўспамінаюцца хвіліны, калі мы ўтрох з вялізным кошыкам яек і з буханкамі хлеба, як калясо, пад пахай — уцякалі, хаваліся, дражніліся з немцамі. Загінуць так, і то — раскоша!
З роспаччу пераварочваюся на жывот і ўдыхаю пах прэлага лісця і перасушанай саломы.
У зямлянку ўваходзіць Саша Сляпуха — камандзір групы, з каторым мы вырушалі пад Беласток.
Ты ўжо тут? Здароў!
Здароў! — узрадаваны сядаю на нары.— Учора пад вечар прыбылі!
Насуперак свайму несімпатычнаму прозвішчу Сашка — рослы, цёмна-русы прыгажун у начышчаных да бляску ботах нямецкага афіцэра, у сініх галіфэ і ў новым карычневым пінжаку. Хлапец увесь сабраны, падцягнуты, паголены. А што яму? Вольны казак!