Чорт іх ведае! — трывожуся і я.
А хлопцы на полі спыніліся. Адзін паднімае сена над галавой, другі яго падпальвае. Каб падпальваў запалкамі, я б яшчэ ні аб чым не здагадаўся б. Ён жа да жмута прытыкае бліскучую запальнічку, якая можа быць толькі ў немцаў і бобікаў. Сена адразу загараецца, слуп шэрага і густога дыму ўзлятае ледзь не на ўзровень сосен. Ад рэчкі і балота, якое здавалася такім мірным і пустым, даносіцца ўжо гергетанне немцаў — там таксама варушацца чалавечыя фігуркі, ў зялёна-шэрай уніформе, якая іх добра маскіравала ў кустах.
Засада!
Кідаемся назад у гушчар.
Ну і хло-опцы! — дзівіцца Мішка.
Вышкаленыя, нябось, ведалі, што з сабой браць — не бяздымную салому!
Я не магу апамятацца ад такой подласці. Тых, трынаццаць пар-тызан, выдалі таксама вось такія свае мярзотнікі. А сёння хто навёў на нас немцаў? Дзесьці недалёка адгэтуль, у Альбертыне, існуе цэлая школа для прадажнікаў з нашых, мясцовых людзей! Ух, як іх ненавіджу — куды больш за фашыстаў. Нават стрэліць па гадах няма чым.
У гушчары пануе змрок. Праз некалькі хвілін настае ноч — зорная, без месяца. Толькі дарэмна мы яе чакалі. Узяўся марозік, снег скрыпіць, бытта лазіш па гары бітага шкла — нас чуваць за паўкіламетра! Прытойваемся, слухаем. Вакол лесу вішчаць нямецкія боты — ужык-ужык! ужык-ужык!..
Блакіравалі! — устрывожана шэпча Віктар.— Каюк нам!
А ты паплач, дапаможа! — абрываю яго.
Але і ў мяне на душы трывожна. Пакуль цёмна, немцы сюды не палезуць. А днём? Дурні будуць, калі ўпусцяць такую магчымасць!..
Паспрабуем на пальчыках! — прапаную.
Цяпер скрыпіць менш. Падкрадваемся да краю, заміраем. Адусюль наперарэз нам пруцца немцы з паліцаямі, і нават чуваць, як адны адным крычаць! Тыкаемся ў супрацьлеглы бок — тое самае! Азартная гульня, хто каго. Трэба на гвалт штосьці прыдумаць. Пад елкамі снегу няма. На бяду, елкі не растуць радком, мусім доўга пят-ляць.
Нарэшце выбіраемся на край. Там ціха. Ад лесу ў поле цягнуцца чорныя пункцірчыкі, дзе плуг вывернуў скібы, а вецер здзьмуў снег. Унь на цьмяным гарызонце — грэбень лесу, там наш ратунак!
Паўзём па храпе, бяжым. Пачынае днець. Падаем у хвойнічак, прытойваемся. Стомы не адчуваем, спаць не хочацца: выспаліся ў запас, ледзь не суткі праваляліся пад цёплымі кажухамі!
Сядзім ужо ўсхваляваныя і баімся кожнага шолаху — няма горш той небяспекі, памеры якой ты не ведаеш і нават не маеш уяўлення, адкуль яе чакаць! Вакол пяюць пеўні, гарланяць немцы, скрыпяць журавы, брэшуць сабакі, стукаюць дзверцы ў машынах, гудуць маторы. Фашысты недзе блізка, ходзяць па хатах, мо вядуць допыт, Шукаюць слядоў, толькі высунь галаву!
Нам горача.
Я ўжо гадоў з дванаццаць не адчуваў пахаў. Яшчэ калі хадзіў у пачатковую школу, часта прастуджваўся, мае органы абаняння цалкам атрафіраваліся, і цяпер пахне што ці смярдзіць, а для мяне — усё роўна.
Нешта ў кустах залапатала. Ужо такі грукат, здаецца — на нас прэ бранявік! Мы згатовілі зброю, ціснемся да акасцянелай зямлі. I ў гэты момант напружанне даходзіць да такой стадыі, што ва мне абуджаецца якісьці дрэўні інстынкт чалавека-лесавіка і на хвіліну вяртаецца здольнасць адчуваць пахі. Не мае сябры з чулымі насамі, а я першы чую рэзкі смурод дзічыны.
Заяц!
Яшчэ касога не ўбачыў, а ўжо абручы напружання спадаюць. Калі касавокі звярок выскоквае з-за кустоў, я нават палохаю яго. Бедны выдае чыста чалавечы стогн і нырае ўбок.
Во, нават ёсць такія, што нас яшчэ баяцца! Годзе дрыжаць, як зайцы пад кустамі, адкрывайце торбы! — загадваю.— Немцы, нябось, паснедалі ўжо і каву выпілі сваю!
Шкада, кошык кінулі ў лесе! — уздыхае Мішка.— Заглянем, што ў мяне ў торбе!..
А мо немцы гэтак уз'еліся на нас, што мы іхнія яйкі ўчора пажэрлі? — пытаецца Віктар.
Яго худзенькі тварык сіліцца на ўсмешку, а выходзіць жаласлівая грымаса. Затое сінія вочы гараць.
Усе траіх як бы прачынаемся ад трывогі, смялеем і больш не чуем ніякіх падазроных гукаў. Усё нам здаецца ўжо мірным і спакойным, а ў сваім целе зноў адчуваем мускульную радасць, блажэнную пругкасць і спрыт.
5
Ноччу мы адмахалі кіламетраў з сорак і раніцой выходзім да першага партызанскага прыстанішча. Зямлянку днём немцы ўзар-валі. Каб Мішка не спазніўся са зборамі і выйшлі мы са Страшава на дзень раней, каб не праспалі на касагоры, то, хто ведае, ці не трапілі б на іх.
Адгадай, дзе лепш.
Зноў прабіраемся некалькі начэй на паўднёвы ўсход.