Марчыкаў сын абцірае іх аб нагавіцы, запіхвае за афіцэрскі пояс з зоркай. Нічога не скажаш, пяць гранат за поясам — грозны малюнак.
З-за пагорка паказваецца радочак цёмных фігурак. Алавяныя салдацікі пачынаюць сцягвацца ў адно месца.
От бы пальнуць па іх адсюль! — з сумам кажа Віктар.
Хочацца і мне. На жаль, маем толькі наган і адну вінтоўку без мушкі. Салдат, які ў сорак першым кінуў яе ў роў, замка пашкадаваў. Але ж і з замком цяпер карысці з яе — ніякай. Успамінаю кулямёт Дзегцярова, які ў мяне астаўся ляжаць на страшаўскім паўстанку. Не ўзяў з сабой у Гута-Міхаліну, каб не адабралі там, як пісталет. Цяпер шкадую.
Натрапілі на шляды!
I нешта знайшлі на снезе, разглядваюць!
Мае анучы! — радуецца Мішка.— Глядзі, глядзі, фрыц, прыглядайся добра! Панюхай яшчэ, па язык вазьмі! — крычыць.
Да збітых у гурбу немцаў падлятае энергічная фігура, тыкае рукой у наш бок. З трохсекундным спазненнем даносіцца крык афіцэрскай каманды. Салдаты неахвотна зноў выцягваюцца ў ланцуг.
А яны не надта спяшаюцца! — заўважае Віктар.
Баячча!
Мы іх, а яны — нас, го!
Зараз дойдуць сюды! Давайце глыбей у лес!
Мішка,— жартуе Віктар,— пакінь ім тут на пні адрас, то мо вышлюць анучы па пошце!
Па авія!
Мінімум — заказным, каб не прапалі!— не ўстрымліваюся і я.
Трывожна і весела. Углыбляемся ў лес.
4
Рана ўзрадаваліся. Сосны і кусты канчаюцца, перад намі адкрываецца пустое балота з рэчкай, а там — поле, шаша, уздоўж яе — вёска. I толькі за будынкамі, далёка, віднеецца зноў грэбень лесу, куды нам ісці. Бегчы туды? А калі за насыпам кулямёты? Чаму ў вёсцы — ні жывой душы?
Пакуль што — кладзіцеся, не маячце,— загадваю.— Давай перакусім!
У нас прачынаецца воўчы апетыт. З'ядаем мо па дзесятку сырых яек з хлебам. А ў гэты час ад сосен на вёску кладуцца ўсё новыя і растуць даўгія цені. Сонца вось-вось зойдзе, а цемра нас уратуе, толькі вытрымаць, не ўпароць гарачкі.
Мішка спахопліваецца:
Ха-алера, шклянкі немцам пакінуў на гары пад ядлаўцом! Шкада-а!.. А! голь на выдумкі багатая! — налівае самагонку ў шкарлупіну ад яйка, падносіць Віктару: — На, чада, прычашчайша! Входяшчае в уста не ошкверняет!..
Віктар бярэ асцярожна шкарлупіну двума пальцамі, спрытна перакульвае сабе ў рот, па-блазенску просіць:
Яшчэ!
Пачакай, чапер я!
Інтымнасць у сяброў атрымліваецца паценшай, шчырай і свойскай. Шкада, што не п'ю.
Мы і заўважыць не паспелі, калі на ўскраі лесу з'явіліся тры хлопцы ў падраных кажухах і ў пасталах. Вяскоўцаў не баімся, падпускаем іх бліжэй. Чуваць ужо галасы: напружаныя, ненатуральна вясёлыя. Чаго нам баяцца?..
Адзін чамусьці трымае пад пахай жмут сена. Падабраў яго, мусіць, на дарозе і нясе дадому. каб не марнавалася, як падабраў бы, напэўна, яго і я...
Хлопцы ўгледзелі нас і раптам паварочваюць. Што ж, і гэта яшчэ нічога не гаворыць. Цяпер такі час, калі ў лесе лепш з незнаёмымі не сустракацца.
Што яны вычаўпляюць? — з жахам дзівіцца Мішка.