Мішка паказвае на адмысловую канструкцыю медных трубак, катлоў. З вядра, куды сцякае гарачая прадукцыя, лыжкай прабуе самагон.
А-а!.. Чапер ужо хутка! — цешыць, здаволена крэкча ды дабаўляе ў вогнішча дроў.
Затым Мішка сцягвае з ложка ваўняны дыван, які выткала яго маці, калі, мабыць, была яшчэ дзеўкай, рэжа на кавалкі.
Ачмурэў? У цябе ж толькі адна вартая палатніна ў хаце, чым будзеш накрывацца, калі выйдзеш з лесу?
Пашля вайны ажанюша, жонка прынясе новы,— заяўляе бесклапотна ды збіраецца падшываць пярэстыя кавалкі сабе пад пінжак і нагавіцы.
Праз хвіліну гаспадар сцягвае ўжо боты і шчодра прапануе сябру:
Віктар, бяры анучы і сабе!
Хлапец ловіць на ляту два кавалкі матэрыі, пачынае разувацца таксама.
А фотаапарат ж шабой браць?
О! наробіш нам здымкаў на памяць аб Гута-Міхаліне. Цікава будзе паглядзець на сябе праз дваццаць год!
Але шкадую, што параіў. Мішка шукае і прычындалы — пласт-масавыя ванначкі, пакецікі ды зацягвае зборы яшчэ больш. Затым адносім суседзям самагонны апарат, забіваем аполкамі Марчыкавы вокны і дзверы.
Дакешкаліся мы гэтак пад раніцу. Цяпер можна было б пераспаць на хутары ў гумне, каб выйсці звечара, але ж — тырчы тут зноў ледзьве не суткі!
Нарэшце мы ўсё ж такі выходзім.
На світанні апынаемся на полі суседняй вёскі Зубры. Недзе тут крэкаць, яна не замярзае ні ў якія маразы. У часы прыгону ў гэтыя крыніцы ўцякалі і мае дзёрзкія і няўлоўныя страшаўцы, калі на іх нападалі помслівыя паны з гайдукамі. I ўцекачоў тых прыраўнівалі да зуброў, якіх гэтаксама нельга ні злавіць, ні перамагчы; адгэтуль і назва вёскі. Аднак мне не хочацца ісці па слядах прашчураў, лезці ў крыніцы і вільгаць — нам жа быць тут лічаныя гадзіны. У хвойнічку выбіраем зацішнае месца, дзе прыпякае сонца, кладзёмся дняваць.
Ідзе другая палавіна сакавіка. Дні стаяць доўгія, але яшчэ настолькі холадна, што непрызвычаеныя людзі спаць на зямлі не могуць. Хлопцы прыкідваюцца, што не маюць у гэтым патрэбы, упэўнена збіраюцца чакаць вечара.
Дастаюць Мішкава мяса. Каб пагрэцца, наліваюць сабе ў шклянкі самагонкі і п'юць з чоканнем, як за сталом у гасцях.
А ждорава, калі ўсё прадбачыш! — выхваляецца Мішка.— У бок грэе дыван з воўны, а з сярэдзіны — малачко!
Ад шалёнай кароўкі! — пырскае Віктар.
Піце, чорт вас бяры, а мяне да вясны не будзіць!
Кладуся пад куст. Скрозь дрымоту бачу, як Мішка, спакаваўшы торбу, згарнуў далонь трубачкай, прыставіў яе да вока і разглядае нешта, нібы ў бінокль,— то на небе, то ў хваінцы. Як скрозь туман кранае мяне здагадка: усе мастакі, фатографы выбіраюць гэтак аб'екты для кадра і эцюды!
Пранікаюся пашанай да сябра, засынаю.
Пад вечар прачынаюся свежым, а сябры мае — раздражнёныя, абяссіленыя, з пашарэлымі тварамі. Божа, столькі дарогі наперадзе, што з гэтымі дзецьмі рабіць стану!
Пры хадзьбе хлопцы пакрысе весялеюць.
Балота. Дарогу перасякае рэчка. Знаходзім кладку. Зноў натыкаемся на ваду...
Пад мястэчкам Свіслач пачынаюць нам пяяць другія пеўні. Пакуль абысці горад, развіднела зусім, а там — чыгунка, на ёй варта з мужыкоў. Адно пакажыся, так і пачнуць званіць у рэйкі.
Вяду хлопцаў проста ў горад. Свіслач з Мішкам ведаем, як сваю вёску,— наш раённы цэнтр. Яшчэ пануе каменданцкі час. Пустата і цішыня — нідзе ні жывой душы. Каб пад вокнамі на вяроўках не мерзла бялізна ды ў шыбах там-сям не жаўцела святло, можна было б падумаць, што мястэчка вымерла.
Крадучыся па-над плотам, дабіраемся да апошніх дамоў. У полі на белым фоне паказваецца горб пераезда, на ім — грамада людзей. Дзядзькі смаляць самасад і чакаюць світання, каб разысціся па хатах. Я нешта балбачу па-нямецку. Мішка адказвае мне па-польску, і людзей з пераезда бытта ветрам здувае. Падумалі, што са Свіслачы выйшлі на праверку немцы з бобікамі — бягуць па шпалах вартаваць.
Аддаляемся ад пераезда з кіламетр, і віднее зусім. Да лесу не дабегчы. Справа — пятачок хвойніку, збочваем у яго. Нізам скразіць і прабірае да касцей. Хлопцы выбіліся з сілы, змяніліся з твару, парабіліся злымі і ўспыльчывымі.
Сябрам абавязкова трэба адпачыць, ды заснуць на дварэ яны ўсё яшчэ не могуць. На гэты раз не сплю і я, загаворваю ім зубы. Хлопцы зноў спрабуюць глушыць самагонку, ды яна ўжо іх не бярэ — дзіва, бытта ў шклянкі булькаюць звычайную ваду!
Тады пакіньце хоць для лагера, калі яе не адчуваеце!— прашу.