Са-амі ведаем, дзядзьку! — пакрыўджана бароняцца.
То дуйце!
Аднак Васіль шкадуе сына:
Стой, Нічыпар! Няхай абодва ідуць у адзін канец, будзе ім весялей, а я пайду ў другі!
Зайздрошчу яго малому. Наш бацька так не пашкадаваў бы мяне з Валодзькам. Нават бы яшчэ сказаў: «Няхай ідзе адзін, няхай закаляецца, нічога з ім не здарыцца!»
А мажліва, так і трэба выхоўваць сыноў?..
Зусім мала нас тут застанецца!.. Ну, ладна, давай ужо і ты!
Сілуэты вартаўнікоў адразу зліваюцца з фонам лесу, кустоў. Прабуем ключы, чакаем, што загадаюць.
Гэтым часам бацька, Шыман, Карповіч і Антончык мяркуюць зводдаль, як брацца да работы.
Да шпалы рэйка прымацавана трыма вінтамі,— чуваць Антонаў голас.— А шпал пад рэйкай дваццаць. Столькі ж пад другой. Значыць, вінтоў усіх — сто дваццаць. А ключы чатыры. Без прывычкі ды такім кепскім інструментам давядзецца пакалупацца тут з гадзіну. Праз дзве праходзяць патрулі — не дадуць, гады, скончыць. Трэ так: панадкручваць вінты, перадыхнуць, прапусціць варту. Тады прыбегчы сюды — раз! раз! павыкідваць вінты, паадчапляць хутка рэйкі, адвалачы іх, і — гатова! Быць таго не можа, каб да другіх патрулёў не ішоў цягнік!
З Іванам згаджаюцца.
— Бярыце інструмент!
Прыступаем да работы. Бацька адыходзіць ад кампаніі, прыслухоўваецца, ці не надта бразгаціць жалеза.
За паўгадзіны асцярожна робім самае цяжкае — з дзвюх рэек да паловы адкручваем гэтыя самыя вінты. Папраўляем рукамі каменні на броўцы, раўняем жвір, ссоўваемся з насыпу і — у кусты!
Праходзіць адзін цягнік, потым — другі. Амаль услед за апошнім чуецца гаворка — ідуць патрулі. Урастаем у зямлю, нават не дыхаем: заўважаць ці не?! Якраз на месцы, дзе панадкручваны вінты, немцы чагосьці спыняюцца. На пуці мірна бліскае запальнічка, слабое святло на хвіліну паказвае нам чалавечыя насы — салдаты ўсяго прыкур-ваюць.
Жывыя вугалькі папярос ужо варушацца ў цемры. Немец пра-цягвае размову, і яна, бытта гудзенне мухі,— цішэе, цішэе, пакуль не заціхае зусім. Яшчэ там раз ці два шоргае жвір, стукае камень аб ка-мень, і чуваць, як з адхону коціцца мёрзлая грудка, а потым усё замі-рае, і толькі чуваць, як далёка, аж у Крынках, брэшуць сабакі. Нас агортвае страшэнны азарт. У бацькі, у Альяша, чую, ляскочуць зубы.
Пара, мусіць! — выдыхае Васіль.
Толькі — ша! — напярэджвае бацька.
Дападаем да пуці і ў адзін момант выкідваем вінты. Ледзьве Антончык паспявае паадвінчваць французскім ключом рэйкі на стыках, як мы хапаем сталёвы брус за канец, валачом убок, і рэйка з глухім стогнам ляціць пад адхон. Хапаем ужо другую.
Цяпер — марш адгэтуль!
Спаўзаем з насыпу і зноў зашываемся ў кусцікі. Да наступнага патруля амаль дзве гадзіны. Быць таго не можа, каб за гэты час не ішоў цягнік.
Чакаць доўга не даводзіцца. На ўсходзе, дзесьці ля станцыі Крынкі, чуваць сіплы гудок.
З раненымі!— звініць нацягнуты голас Васілёвага пляменніка.
Чаму ты думаеш? — пытаецца Антончык, паверыўшы, што хлопчык і праўда па нечым пазнаў эшалон.
З усходу ж!
Маўчы! — лаецца бацька, ён увесь ператварыўся ў слых.
А вось ужо і гул па рэйках коціцца. Цягнік набірае хуткасць, няўмольна набліжаецца, а ў нас на сэрцах нешта расце і расце. Ужо нават чуваць пыхканне з-пад шатуна. Бацька ў такт падбадзёрвае паравоз:
О-та-та-та! О-та-та-та! Да-вай, да-вай! Да-вай, да-вай!
У Шымановых вачах бліскае дзікі агеньчык, адбіты ад святла паравоза. У нарастаючым гуле эшалона дзіка і зларадна ён крычыць:
Эх, пакласці б яшчэ бораны па баках чыгункі, каб мякчэй было ім падаць!