А яшчэ — малымі мы тут з Валодзькам гартавалі сваю храбрасць. Калі набліжаўся эшалон, мы яго падпускалі і перад самым паравозам перабягалі пуць. Забавай такой займаліся доўга, машы-ністы нас ужо ведалі. Яны праз вокны здалёк крычалі, трэслі кулакамі, кідалі ў нас кавалкамі вугалю, аблівалі вадой са шланга — нічога не дапамагала. Аднаго разу нас падлавіў будачнік, добра налупцаваў, і толькі тады мы перасталі фокуснічаць. У той час жыў тут не Антончык, а — Косця Карповіч з Грыбаўцоў, які прыстаў у прымы да страшаўскай дзеўкі, Шпітонавай Гандзі. Гэты самы Карповіч, што хадзіў з намі сёння на пуць.
Бразгаюць нарэшце дзверы, і выходзіць у кальсонах і накінутым на плечы кажуху Іван. Мужчыны вітаюцца, закурваюць. Тады стары нагінаецца да брыгадзіра, нешта яму шэпча.
Ведаеш, Нічыпар,— чуецца напалоханы Іванаў голас,— у нас на ўсю брыгаду толькі два старцовыя ключы!
Ну і што?
Разумееш, калі нават і забраць адзін, то павер...
Станецца што-небудзь з табой?
Паслухай!..
А-а, падла, баі-ішся? Так і скажы!
Ды што ты!
Цьфу, вы адно языком героі!
Пачакай, Нічыпар, не бяжы! Ты ж сабе і ўяўлення не маеш, якія ў нас парадкі!..
Але бацька яго больш не слухаў.
... Усё ж такі Іван ключы раздабыў. З вінтом у кішэні зайшоў да каваля, папрасіў дазволу папрацаваць у кузні.
Тое-сёе трэ зрабіць, а то, халера, жонка жыць не дае. У балейцы абручы заржавелі, рассыпаецца балейка, яшчэ з тыдзень, і не будзе ў чым бабе прасціраць бялізну...
Каваль кузню даў.
Іван зачыніўся на ноч, зрабіў аж чатыры ключы. Рана, ідучы на працу, ён пастукаўся да нас і, калі бацька выйшаў у сені, сунуў жалязякі яму ў рукі:
Трымай, Нічыпар! Не такія ўжо надта, але от, на адзін раз хопіць!
Давай! — не здзівіўся стары.— Ладна, будуць добрыя, халера іх бяры, не на выстаўку нам з імі ехаць у Парыж!..
То паклічце і мяне, калі пойдзеце!
Сёння вечарам прыходзь да Марчыка!
12
Як толькі сцямнела, да Мішкі зноў пачалі сцякацца мужчыны. Васіль Лебядзінскі прыходзіць з сынам і пляменнікам. На грудзях хлопчыкаў нават вісяць біноклі. Мужчыны прыстаюць да малых, жартуюць.
Айда! — прэ нас бацька.
Прыбываем зноў на чыгунку. Затойваемся ў тых самых кустах каля палатна. Чакаем, пакуль пройдуць патрулі. Тады асцярожна старымі слядамі ўзбіраемся на насып.
Адразу сядайце на рэйкі! — кідае стары.— Не маячце!
Сядаем. Бацька насылае аднаго хлопчыка ў адзін бок пуці, другога — у другі, шэпча:
Крокаў сто, не болей і кладзіцеся. Калі што — тры разы каменьчыкам у рэйку, а самі ўцякайце да нас. Паціхеньку толькі, а то я вас знаю — можаце ламануць, як жарэбчыкі!
Ла-адна, дзядзьку Нічыпар!
Не ладна, а так рабіце, як загадваю! Гэта вам не коўзаўкі на лёдзе! Прыйшлі дапамагаць, то слухайце!
Хлопцы стараюцца паказаць, іпто і аднаму і другому аж не церпіцца апынуцца там, у жудаснай цемры, куды пасылаюць.