Пойдзеш з намі? — звяртаецца да яго бацька.
Мішка забразгаў пасудай.
То давай хутчэй!
Пайшлі! — цяжка ўзнімаюцца мужчыны.
10
Недалёка ад чыгункі ў хвойнічку залягаем і пачынаем назіраць. Чыгунка ў нас аднапутная. За якія-небудзь паўгадзіны адзін цягнік праходзіць на Захад, другі — на Усход.
Перачакаўшы, пакуль патрулі праскрыпелі падэшвамі з цвікамі па жвіру броўкі, вылазім на палатно, апускаемся на рэйкі. З броўкі снег здзьмула, тырчаць голыя шпалы, каменні і жвір — следу не пакінем. Мацаем рэйкі.
Прабуючы жалеза кіпцюром, нібы раней гэтага не ведаў, бацька са шкадаваннем і пашанай кажа:
Моцныя, халера!
Толькі цяпер пачынаю разумець, што мужчыны, хоць і не паказваюць гэтага, а робяць усё з-за мяне. Я для іх не проста — Нічыпараў Алёшка, а — прадстаўнік партызан і многае з таго, пра што яны гаварылі ў Марчыка, было звычайным бурчаннем сталых людзей. З іх кожны гатовы на ахвяры, толькі рабіць усё хочуць з толкам. Мне няёмка. Трэба таксама прымаць удзел, знайсці сабе прымяненне. Спрабую ботам рэйку, стукаю па ёй абцасам.
Сталь! — кажа Шыман і ўздыхае: — Чым ты, халеру, возьмеш? Не ўгрызеш жа! Бомбай бы яе, во!
Бацька служыў артылерыстам у першую сусветную. Шыман — польскім уланам. Астатнія таксама былі ў арміі; хто ў польскай, хто ў царскай. Я ў тэхнікуме праходзіў вайсковую падрыхтоўку. I нікога з нас не вучылі, як пускаць пад адхон цягнікі.
Ты кажаш — каменняў пад эшалон пакласці. Нічога не выйдзе! — сумняваецца Шыман.— Каб паляцеў ён з рэек, трэба іх насіць цэлую ноч, а немец хіба дазволіць табе?
Не дазволіць, халера.
I палатна не раскапаеш,— уздыхае Альяш.— Пясок-то і не мёрзлы, але ж капаць трэ да гіблай матары. За той час пяць разоў надыдуць патрулі.
Бацька шарыць рукамі па шпалах. Рэйка да шпалаў прымацавана вінтамі. Стары чухае патыліцу, кажа:
Былі б хоць кастылі, то мы іх ламамі — раз! раз! павыкідвалі б, і ўсё! А тут — халерныя вінты, іх дастанеш толькі спецыяльным ключом, адкуль яго ўзяць?
Зноў упарта думаюць. Чуваць, як далёка сігналіць паравоз. З бункера — кіламетры за тры адгэтуль — узнімаецца ракета, ад чаго бліскаюць дзве доўгія ў несканчонасць, звужаныя перспектывай істужкі рэек.
Калі ракета гасне, Косця звяртаецца да бацькі:
Вы добра жывяце з Антончыкавым Іванам?
Яму давяраю.
Во каб...— Косця па сваёй звычпы ад хвалявання чмыхае носам, бытта ў ноздры трапіла парушынка.
Ну? — падганяе бацька.
Ён жа — брыгадзір рамонтнай брыгады ў іх, мо ўкраў бы пару нам ключоў, папрасіце ў яго!
Бацька хвіліну думае.
Добра. А паслязаўтра прыходзьце зноў да Марчыка ў такую самую пару.
11
З Сухіх Багенцаў вяртаемся рознымі дарогамі. Валачомся з бацькам удвух і дамаўляемся, як ашукаць маці, калі спытае, дзе былі. Успамінаю: дакладна гэтак жа сама пры буржуазнай Польшчы вярталіся з ім глыбокай ноччу праз лес з суседніх вёсак, куды хадзілі цэлай вёскай біць вокны штрэйкбрэхерам, калі забаставалі лесарубы.
Перад чыгуначнай будкай спыняемся ля хлеўчука. Бацька ідзе да Антончыка, у каторага я начаваў, прыбегшы са Штутгофа. Чуваць, як ён барабаніць у акно. Стаю, узіраюся на пераезд і ўспамінаю.
Некалі на гэтым месцы паравоз зарэзаў каня, і Страшаву было пару гадоў пра што гаварыць.