Прызнавацца, як стаю на варце ці ў заслоне, езджу ў вёскі па бульбу і сена? Пачынаю гаварыць наогул аб Гута-Міхаліне і бачу, што людзі ўсё ўжо ведаюць. Расказаў ім, вядома, бацька. Па сваёй звыч-цы, напэўна, стары шмат перабольшаў. Каб не канфузіць яго, адразу змаўкаю. Але землякі мяне і не распытваюць. Аднасяльчане — людзі простыя, з-за мяшчанскай ветлівасці другі раз адно і тое самае слухаць не стануць.
Моўчкі мужыкі ўздыхаюць, кожны думае пра сваё. Успамінаю словы капітана: «...агітаваць, узнімаць на барацьбу!» Каб пачаў так з нашымі страшаўцамі гаварыць, то адно сябе асмяшыў бы. Гэтыя людзі ў два разы за мяне старэйшыя, ад нараджэння — мае настаўнікі, усё разумеюць не горш і надта не любяць пустазвонства. Добра мне, маладому, свабоднаму, ваяваць у лесе. I то невядома яшчэ, што будзе з бацькамі. Калі ўцалеюць, то выпадкова.
Хоць з Гута-Міхаліны да фронту гэтаксама далёка па карце, як і са Страшава, ды нам фронт здаецца — побач, мы яго ўдзельнікі і адчуваем яго дыханне. Самі сабе гаспадары, вольныя казакі, таму шчаслівыя людзі. А тут па-ранейшаму — нібы ў канцлагеры. Няважна, што навокал няма калючых дратоў.
Чулі? — пытаецца Лебядзінскі.— Учора з Гарадка вывезлі апошняга яўрэя. Кажуць, Маўшак схаваўся, то на Замкавай вуліцы знайшоў яго Шусцікаў сын і застрэліў...
Маўшак меў млын, дзе кожны наш мужык малоў на хлеб. З Маўшаковай Фаняй я канчаў школу. Разам з намі да пятага класа вучыўся і Шусцік...
Амтскамісар пастраляў рускіх палонных, каторыя будавалі бункер каля камендатуры. Ад самай восені там капаліся, муравалі яго. Камендант не захацеў, каб яшчэ хто ведаў пра патайныя хады. Убачыў у некаторых байцоў добрыя шынялі, перад расстрэлам нават загадаў усіх раздзець. Гаспадарлівы, бачыш!
Колькі іх працавала?
Чалавек дванаццаць.
Хвіліну ўсе сядзяць уражаныя.
Толькі сказаць лёгка — дванаццаць. Кожны жывы чалавек, у кожнага была маці, родны куток, дзе яго чакаюць!
Усе ўздыхаюць.
У Каралёўскім лесе, ля вузкакалейкі, хлопцы са Случанкі нейкага немца злавілі. Ладавалі бярвенні на платформу, а ён вылез да іх з гушчару. Аброслы, схуднелы, адубянелы... «Партызан, партызан!..» — адно цвярдзіў ім. Відаць, адбіўся ад часці і з глузду з'ехаў. За случанцамі фашысты заўваяшлі тое-сёе. Каб выслужыцца, каб пака-зацца, якія яны адданыя немцам, вяскоўцы звязалі вар'ята ды здалі амтскамісару.
Дастаецца і ім! Гоніць Гітлер на згіненне!
Звар'юеш, аніўжэ!..
Аднак, халера іх не брала, ваююць! Яшчэ і як!.. Бо ім, мусіць, такая работа падабаецца — забіваць людзей і рабаваць свет!..
9
Уваходзіць бацька, вітаецца, сядае на калодку перад печчу і грэе рукі. Пазіраючы ў агонь, апраўдваецца:
Карова, халера на яе, уздумала якраз цяліцца. Цяля прымаў, замачыў рукі, адубянелі.
Успаміны так і разанулі па сэрцы. Мокранькае стварэнне на кволых ножках, каля яго — змучаная рагуля. Дома ля пліты — мама з выражэннем таямнічага шчасця на твары пячэ нам з Валодзькам аладкі з малодзіва — жоўтага ад тлушчу. Усё такое рамантычнае, далёкае — няўжо ніколі не паўторыцца?
Што прывяла?
Бычка.
I добры бычок?
Ат, цяпер усё роўна, калі сам не пэўны ніколі, ці будзеш жыць праз гадзіну! — бацька махае рукой і ўздыхае: — Ну, то што хто чуў?
Усё тое самае! — кажа Косця.— Насілі мы днём шпалы, і немец нам пахваліўся: «Гітлер хутка пачне запускаць сакрэтныя бомбы і вайне — канец!»
Два гады запускае.
Языком.
А ў Ваўкавыску нехта міну заклаў пад адзін вагон!
Г... гэта, а не кладзенне! — злуецца бацька.— Толькі што вярнуўся са службы Антончыкаў Іван і расказваў. Учора ў Валілах нейкі такі самы дурань падлажыў міну пад стрэлку!
Я ўвесь ціснуся ў лаўку.
Вечарам, а гадзіне дзевятай? — падхоплівае Васіль.— I праўда — бабахнула!