Здароў.
Распальваеш?
Трэба ж вячэрач! — шапялявіць Мішка.
Ажаніўся б і бяды не меў бы — баба за цябе мэнчылася б!
А ты ж таго чашу, як ажаніўша, больш не рашпальваеш і не мэнчышша?
Мужчыны рагочуць.
Але ж не так! — бароніцца Васіль.
Як я памятаю, то ў Марчыкавага сына ўсё гэтаксама блішчыць лысіна, а ён кажа, што яму трыццаць. Мішка перайшоў тыя гады, калі жэняцца, як кажуць, самі, і даўно стаў халасцяком па звычцы. Жыве сабе бесклапотна і харчуецца чым папала. На хутары не трымае не толькі якога-небудзь парасяці — нават ні курыцы, ні ката. Хату падмятае раз адзін у месяц мяшком, печ распальвае праз дзень. Часамі каторая-небудзь суседка з літасці мые яму бялізну.
Калі я хадзіў у пачатковую школу, то Мішка быў у Гродна. Там наклейваў на шкло з чорным фонам саломінкі, атрымліваліся карцінкі з пальмамі, вярблюдамі, пінгвінамі. Карцінкі прадаваў на базары, з гэтага нейкі час існаваў. Потым яго арыштавалі і ў адзіночнай камеры, падазраваючы ў ім разведчыка, пратрымалі аж пяць гадоў.
Калі Марчыкаў сын вярнуўся ў Страшава, мы, хлапчукі, атакавалі яго пытаннямі: ці праўда, што ён савецкі шпіён, што трэба зрабіць, каб ім стаць, як у іх запісацца. Герой упарта маўчаў, яшчэ больш распаляючы нашу цікавасць, аднак нам давялося адстаць. З той пары Мішка застаўся ў вёсцы назаўсёды.
Чым ён толькі ў нас не займаўся! Маляваў партрэты. Паяў каструлі, майстраваў дэтэктарныя прыёмнікі, калі на іх стала мода. Перад самай вайной прадаў бацькава гумно, купіў фотаапарат і зарабляць стаў на соль, цукар здымкамі. Цяпер жа людзям не да фатаграфій, і Міша заказаў не меў. Кажуць, асвоіў новае рамяство — заняўся самагонкай.
З сяней увальваецца самы высокі чалавек у нашай вёсцы — Шыман — лабасты і каравокі. Густым басам мужчына вітаецца. Бачыць Мішку, бубніць:
Здароў, халасцяк! Усё мэнчышся? I калі ты нарэшце ажэнішся, бадзяга?
Усе рагочуць.
Бедны Мішка. Колькі яму за дзень трэба наслухацца пра адно і тое самае?!
З'яўляецца Косця Карповіч. Насцярожваюся: гэты працуе на чыгунцы чорнарабочым, пра Валілы хоць што-небудзь сказаць мусіць напэўна.
Ну, а ты ўсё Гітлеру служыш? — упікае Васіль.— Кожны дзень ходзіш ды ходзіш на работу, стараешся?
А маць яго... з Гітлерам,— стомлены і без злосці лаецца Косця, уздыхаючы: — Паспрабуй, такі разумны, не пайдзі ты!
Мужчыны маўчаць. I праўда — добра ім дапякаць Косцю, калі ў кожнага цэлы хутар зямлі, будынкі, ёсць хлеб і да хлеба, можна жыць незалежна. Косця беззямельны.
Дарэчы, вынусцілі тых з Зарачан, што не выйшлі на работу? — вінавата пытаецца Васіль.
Дзе ты бачыў, мо даўно імі яму заскварылі!
Косця пераносіць увагу на мяне.
Але ж і паправіўся ты, брат, пасля лагера! Ледзь пазнаць! Морда такая, што спалохаўся б, каб убачыў аднаго ў лесе! Відаць, жывецца вам па-панску!
Давайце і вы да нас!
А жонку з дзецьмі прымеш таксама?
Хапае ў нас па сырых зямлянках такога дабра!
То-та!
А што ім? - устаўляе Альяш.— Хлопцы маладыя, ні табе клопатаў якіх, на ўсім гатовым, тольеі ведай: вартуй немца!
Дзядзька Альяш уяўлення сабе не мае аб нашым жыцці, ды мне падабаецца быць аб'ектам зайздрасці землякоў.
Ну, то расказвай усё па парадку, як вы там маецеся! — просіць Карповіч.