Падаю на рэйкі. Пальцам намацваю ў пакеціку дзірку, дзе ў тол устаўлены ўзрывацель, суну ў яго бікфорд. Чыркаю запалку, прытыкаю агеньчык да другога канца шнура.
Халера, бікфорд не загараецца!
Толькі не гарачыцца, запалак у мяне — поўная скрыначка.
Чыркаю другую, трэцюю запалку, але зноў нічога не выходзіць. Падмок? Бікфорд, здаецца, вільгаці не баіцца, бо гарыць нават у вадзе!.. Ліха на яго, мо для вады ўжываецца спецыяльны?!. От дык гісторыя! Так мне і трэба!
Чыгроў пытаўся, ці ўмею з толам абыходзіцца, паспадзяваўся, хвалько, на кемлівасць, цяпер — маеш!.. Халера, няўжо ішоў сюды надарэмна? Па шашы можа ехаць машына, да асфальту — камень дакінеш! Робіцца млосна.
Болей не азіраюся, не слухаю, пачынаю чыркаць і чыркаць, а пракляты шнур — як зачараваны! Прыглядваюся — засталася адна запалка! Хвіліну вагаюся — не рызыкаваць жа апошняй надзеяй. Што рабіць? Вось-вось могуць надысці чыгуначныя патрулі або выглянуць з будкі стрэлачнікі! Ад роспачы ледзь не рву на сабе валасы.
Дзіўныя штукі выкідвае часамі наша памяць.
Ад напружання, ад вялікага жадання дабіцца свайго ў галаве маёй раптам святлее. Скрозь груз напластаванняў прарэзваюцца падрабязнасці з запасаў майго вопыту. Ужо выразна ўспамінаю пачуты калісьці мімаходам у заслоне ля вогнішча расказ аднаго партызана, як ён узрываў вадакачку, а гэтаксама не загараўся бікфорд ад ветру. Я галоўку запалкі асцярожна прыкладваю да парахавой сэрцавіны шнура ды шоргаю па галоўцы скрыначкай.
— Пшых-х! — нарэшце вырываецца як бы з цеснай пасудзіпы ды пругка б'е мне ў нос жывы і вясёленькі язычок парахавых газаў.
Ну, дай божа, каб далей пайшло ўсё так, як задумана! Адзін сантыметр бікфорда гарьтць секунду, у маім распараджэнні — роўча мінута!
Цяпер асцярожна кладу шнур і спахопліваюся — бягом у бок барака! Бягу і не чую ног.
Да доўгага будынка яшчэ крокаў сорак, час узарвацца толу. Каб выбухам не загнала ў плечы кавалак рэйкі, падаю. Амаль адразу за мной — выбух! Столькі ўлажыў я ў яго душы, так яго чакаў, што ён мне здаецца невялікім. Прарэзліва секанула металам па правадах, жаласліва і меладычна ціўкнулі драты. Коціцца рэха па Валілах, адбі-ваецца аж у Каралёўскім лесе і замірае. Ціхне і музыка. У клубе гасне святло. Хопіць ляжаць.
Выхопліваю з кішэні наган, ускокваю на ногі, лячу да будыніны. Праз распахнутыя вокны чуваць, як у клубе дзіка вішчаць дзяўчаты, грыміць мэбля. З дзвярэй вывальваюцца людзі, ныраюць у лес. Адчуваю, у якой паніцы гулякі,— я сам яе спарадзіў, таму зусім не страшна! — і не збаўляю ходу. Перада мной вырастае без шыняля і шапкі, з пісталетам у руках, салдацік. Ён вылуплівае на мяне жахлівыя вочы, крычыць:
Was ist denn los?
Was ist denn los? — не менш узбуджана крычу на яго і я, па прыкладу таго злодзея, які таксама крычаў: «Дзяржы яго!»
Салдат у мяне на дарозе, а думаць няма часу. Інстынктыўна ўзнімаю наган і кірую яму ў грудзі. Каб пазбыцца перашкоды, застаецца ўжо толькі націснуць спуск. Нечакана немец як бы правальваецца ў яміну, некуды знікае, і я пра яго адразу забываю.
Не блакіравалі б толькі мост! Пускаюся бегчы хутчэй.
Перад ракой збочваю ў поле, падаю і разглядваю, свідрую вачыма фермы моста. На фоне неба сіметрычныя лініі бэлек і крыжавін, выразныя, без пабочных прадметаў і людзей. Толькі за дзве сотні метраў за імі, на чыгуначным мосце, пануе ажыўленне ды раз'юшана брэшуць сабакі. Адтуль раз-пораз узнімаюцца ракеты. Яны апісваюць глыбокую дугу ў неба, з шыпенпем шлёпаюцца ў балота ды рассыпаюцца феерверкам агністых іскр. У Валілах тыркае буйнакаліберны кулямёт, гучыць пару спозненых вінтовачных стрэлаў. Адзываюцца стрэлы і ў Гарадку...
Мяне ўвось гэты кірмаш не датычыць. Зноў вылятаю на асфальт.
Прабягаю мост. Цяпер — усё, да самага страшаўскага поля — хваіна, толькі б сабакі не ўзялі след. А хто ім яго пакажа? Не возьмуць!.. Немцы ж мяне не бачылі, той салдацік з перапалоху напэўна не разгледзеў ва мне партызана, а каля стрэлкі смярдзіць мазутам! Лічы — справа зроблена! Усё!.. Усё-о!..
Выбухаю дзікім, шалёным рогатам, нібы плачам. Аддыхваюся ды рагачу зноў. Успамінаю, як крычаў на мяне номец, а я на яго,— зноў смяюся.
Ага, падлы, мы з вамі яшчэ паваюем!
8
Недалёка ад нашага дома і гэтаксама пад лесам стаяў Марчыкаў дом. Стары Марчык даўно памёр, у доме цяпер жыве яго Мішка.
Вечарам сяджу ў гэтага самага чалавека. Мішка корпаецца ля пліты. Сыходзяцца нашы мужыкі. Я чакаю не дачакаюся, калі загавораць пра ўзарваную стрэлку.
Першымі з'яўляюцца браты Альяш і Ігнашка. Вітаюцца, сядаюць ды кураць. Пра Валілы — ні слова.
Урываецца Васіль Лебядзінскі, падае руку.
Партызан, здароў! Але ж і добра выглядаеш! Бы з курорту прыехаў!
Відаць, нядрэнна ім там! — устаўляе Альяш.— Нездарма і Мішка збіраецца ў тую Гута-Міхаліну. Эх, каб хто скінуў з мяне гадоў з трыццаць!
I дваццаць хапіла б, халера на яго,— згаджаецца Васіль ды ідзе да Мішкі.— То і гаспадар дома, а я і не бачу. Прывітанне, лысы!