Добры...— ледзь чутна буркнуў я.
Ніна заглянула ў студню, пацягнула за ланцуг ад упушчанай банкі з малаком і запытала, шчыра зацікаўленая:
Доўга яна будзе гэтак у студні?
Банку з удоем мама пачала апускаць у студню нядаўна, і гэта была яшчэ навіна для суседзяў.
Гм... Пакуль не вымем,— адказаў я не надта ветліва. Да мяне вярталася раўнавага, а разам з тым астаткі ні то злосці, ні то жалю за паганьбаваныя пісьмы.
На гэтым я вычарпаў сваю крыўду. Узняў вочы і сабраўся пажартаваць, але ўбачыў, якая яна прыгожая, і анямеў.
Алёшка, хоць памры, трэба мне ў Гарадок падскочыць! — паскардзілася яна гэтак, бытта мы ніколі не злаваліся і разышліся сёння раніцой. Не сумняваючыся ўжо, што просьбу выканаю, дадала:
Дай свайго ровара на гадзіну!
Не толькі ровар, а ўсё, што меў, я гатовы быў ёй аддаць. На душы штосьці ўстрапянулася радаснае, але толькі на секунду.
Веласіпед жа не мой. Яго купілі бацькі і ніколі не давалі пра гэта забываць. I не таму, што былі скнары. Ён дастаўся ім, хутаранам-мужыкам, якія з эканоміі нават кожную запалку дзялілі на дзве палавінкі, не малым коштам. Вывесці машыну з сяней у іх на вачах? Тады не вяртайся дахаты. Я не ведаю, што рабіць. На падворку з'явілася мама.
Добры дзень, цётка Маруся! — кінула дзяўчына.
Мама не адказала — бараніла інтарэсы сыноў яна заядла і не надта прытрымлівалася этыкету. На твары Ніны лёг цень, але дзяўчына ўзяла сябе ў рукі, напомніла цішэй:
То выводзь, чакаю!
У мяне, відаць, быў вельмі жаласлівы выгляд. Ніна глянула, нібы спатыкнулася, і стала сур'ёзнай.
У хляве на розныя галасы завішчалі свінні. Адтуль выглянула мама і катэгарычна закрычала:
— Алёшка, не стой без работы, як слуп, калі ўжо прыехаў да хаты! Хутчэй дапамажы мне, бо карыта выб'юць з рук!.. Ксюля, каб на вас трасца, не дачакаецеся!
Шматгадовае паслушэнства бацькам выпрацавала ва мне цвёрды рэфлекс. Я паміма волі замітусіўся і таропка кінуў:
Іду!
Вочы Ніны раптоўна напоўніліся слязьмі. Яна сціснула вусны, нерашуча адвярнулася і пайшла, бытта спутаная, да каліткі. Хацеў ёй крыкнуць наўздагон, ні то апраўдацца, ні то паскардзіцца, ды словы заселі ў горле.
Пасля Ніна рабіла выгляд, што не заўважае мяне.
У нашай працавітай сям'і і малыя і дарослыя працавалі да знемажэння, а кожны мой крок і далей быў пад кантролем бацькоў. Ды каму ты пра гэта скажаш? I я сябе лічыў нешчаслівым, прыніжаным ды з-за гордасці Ніну абмінаў.
5
У першыя дні вайны на паўстанку завяз у балоце савецкі трактар. Абрыдла вечарамі сядзець упоцьмах, я пайшоў да машыны, каб раздабыць чаго-небудзь у лямпу. Убачыла са свайго падворка Ніна, прыбегла таксама. Я ўвесь абмёр: знайшла прычыну, каб пабачыцца?
Памыліўся.
Для яе фашысцкая навала — час, калі няма солі, мыла і газы, як звычайна бывала ў кожную вайну, а войн гэтых апошняе страшаў-скае пакаленпе перажыло аж пяць! Гэтак жа прыбегла б сюды да кожнага хлапца, калі б убачыла, што можна пажывіцца. Яна не прамінула нават начапіць новыя ленты ў свой капец пышных каштанавых валасоў ды абуць святочныя туфлі.
Поўзаў я тады пад трактарам, напаўняў сваю і Нініну банкі смярдзючай вадкасцю ды з горыччу назіраў, як Ніна далёкая ад таго, чым жыву я, а яе какецтва мяне ўразіла.
Далей і ўвогуле стала не да Ніны. Надышоў час, калі за дзень маглі пяць разоў арыштаваць і застрэліць. Пачалося маё знаёмства з Міцькам Высоцкім, і я не толькі ад суседзяў — ад бацькоў пачаў таіцца. Нібы скрозь сон стаў заўважаць брычку ля Настусінага плота, а ў аглоблях — адкормленага каня, які перабіраў канюшыну.
Сын Шусцікаў з Гарадка зачасціў да Настусі! — загаварылі ў вёсцы.
З Мікалаем Шусцікам я вучыўся ў школе. Аднойчы быў у яго дома. У бакоўцы перад іконай, як у царкве, гарэла лампадка. На падлозе кленчыў дзядзька Шусцік у кажусе і біў паклоны.
Карова хворая, бацька моліцца! — паведаміў сын ды павалок мяне на двор.