Прачнуўшыся, пан узвар'яцеў:
Як са мной гаворыш, галгане? Мой дзед твайго дзеда за сабаку купіў! Твая бабка наложніцай у яго была! У рэкруты здам, байструча!
На гэта Хведар:
Будуць табе рэкруты зара! Я табе адмераю яшчэ за дзеда і за бабу!
Рвануў хлапец з пляча шампалоўку, схапіў яе за рулю, як жарнуў па трыбуху панавым — ажно кішкі і вантроба за прыкладам заматаліся!
Пабачыў Хведар — адзін адказ, падпаліў яшчэ і фальварак. Тады вярнуўся дахаты, пацалаваў маці, брата. Забраў заплаканую Нюрку ды пакрочыў у свет.
Мы, страшаўцы, цяпер, калі спаткаем людзей з прозвішчам Кучынскі ў якім-небудзь другім раёне, то шчыра верым, што гэта патомкі Хведара і Нюркі!
2
Без прыгод за пару начэй дабіраюся да Страшава. З бацькавай хаты немцы пераехалі ўжо ў бункер, заходжу адкрыта дамоў. Там усё без перамены. Маці гэтаксама рыхтуе нам у Штутгоф пасылкі. Бацька нібы порацца на гаспадарцы, а на самой справе цікуе, што творыцца навокал,— возьмуць немцы другі раз, то жывым не выпусцяць.
Ад цяпла родных вуглоў агортваюць успаміны. На пару дзён бытта забываю, што я партызан, што прыбыў з заданнем. Нікуды не хочацца ісці. Адсыпаюся, вылежваюся. Пішу Валодзьку пісьмы і запіхваю іх у хлеб.
Аднаго разу, калі яшчэ спаў, стары прывалакае дзве алюмініевыя скрынкі.
Уставай, Алёшка! — шэпча, каб не чула маці.— Патронаў да нагана крыху прынёс, а то ў цябе, бачу, толькі адзін барабан з сабой!
У Гута-Міхаліне пісталетных патронаў хапала, а такія — на вагу золата былі. З мяне сон нібы рукой знімае.
Дзе ты іх дастаў?! — не веру сваім вачам.
У Кірылішынага зяця раздабыў. Тут дзве тысячы ў скрыні!.. Магу яшчэ табе прывалачы іх ад Юлька!.. А ведаеш, і цяпер наганы, бачу, такія самыя, як у тую вайну былі ў нас! У маёй батарэі кожны артылерыст яго меў!
Наган бацька вывалак у мяне з-пад падушкі, калі я і не чуў.
Ерунда, бацька! Цяпер наганы не ў модзе. Твой пісталет во была штука! — з жалем успамінаю ТТ, які петрасянаўцы так мне і не аддалі.
Меў я неасцярожнасць расказаць яму гісторыю з пісталетам, і цяпер бацька здзекуецца:
Сам вінен! Гэтак у цябе, сынок, яшчэ і боты знімуць! О-о, даў бы я яму — фігу!..
Але я больш яго не слухаю. Схопліваюся з ложка, напіхваю кішэні набоямі. Яшчэ сам не ведаю чаго, выходжу з хаты.
Зыркаю на вокны, ці не падглядваюць бацькі. У шыбах нікога няма. Шмыгаю за хлеў.
Па суседству з намі стаіць старэнькая хаціна Лукаіна. Нінка яго цяпер жыве ў Гарадку, вокны і дзверы халупы забіты дошкамі. Нават курэй, відаць, Настуся забрала да зяця.
3
Лукаш за сваёй Настусяй жылі з лесу і рэдка бывалі дома: зімой вазілі лес, вясной лес садзілі, летам і восенню абраблялі зямлю лесніку. Калі выязджалі ў пушчу, дома ў іх заставаліся малыя дзеці са старэйшай Нінай — з доўгім носікам і дзвюма каштанавымі косамі, у якія былі ўплецены рубчыкі са зрэбнай кашулі.
Ніна мела гадоў з дзесяць, калі Лукаш памёр. Ляснік знайшоў сабе другога мужыка-парабка, і тады ўдава стала хадзіць па суседзях на заробкі і ледзь зводзіць канцы з канцамі.
Шкада было Лукашовых дзяўчат. Хлопцы задзіраліся з імі, я малых бараніў. А сталі мы пасвіць кароў, то Ніна ніколі не гнала ў лес без мяне. Бывала, мае каровы маглі не пад'есці, затое Лукашовы штодзень ішлі тоўстыя, ледзь перастаўлялі ногі. Восенню пад вечар, ідучы дахаты, на мне не было сухой ніткі, а Ніна са мной гнала сухенькая, бытта і не ішоў цэлы дзень дождж.
Яшчэ з ранняй вясны вартаваў я палянкі, дзе, ведаў, будуць добрыя суніцы. Калі хлопцы наравілі туды гнаць кароў, я ім расказваў пра воўчыя норы, пра змеяў-верацяніц, якіх бытта там шмат. На галінках нізкіх елачак знарок клаў забітых вужакаў, каб адпужаць пастухоў. А калі ягады паспявалі, на паляну, дзе толькі каза забягала пагрызці дубцоў ці прыводзіла казляня пабрыкацца на сонцы, я прыходзіў з Нінай ды сур'ёзна казаў:
— Глядзі!
Сам садзіўся ў ягаднік, кідаў сабе па адной, што ні зелянейшай ягадзіне ў рот ды моўчкі назіраў. Ніна, радасна войкаючы, збірала іх у збанок.
Другім разам нарву цэлае бярэмя зуброўкі ці дзікага маку. Або ў багне збяру свежых качыных яек у шапку. I ўсё гэта для яе.