Тады іду адзін.
Ніхто не мае супраць. Мікалаю не толькі ўсё роўна — яму маё рашэнне падыходзіць. Устаўляе і Сляпуха:
Валяй, на нас не глядзі! Растлумачу як-небудзь капітану ў Гута-Міхаліне!
Такая цяга дадому, так хочацца вырвацца туды хоць на хвіліну, што нават трагедыя з панамарэнкаўцамі кранула мяне толькі павярхоўна. Радуюся, што Сляпуха падтрымаў.
Не глядзі, не глядзі на нас! — заахвочвае сябар.— З намі — бач, як атрымліваецца!.. На, вазьмі магнітную міну, мо выкарыстаеш дзе, я сабе ў лагеры дастану другую!
Дзякуй!..
Ледзь не вырываю пакецік з Сашкавых рук і развітваюся з кампаніяй. Я ўжо цалкам у стыхіі роднай мясціны, якая чакае мяне наперадзе, і на дзялянцы збіраю з Нінкай чырвоныя ягады ў збанок, а дома мяне выглядае Валодзька.
1
Старыя людзі кажуць, што наша Страшава ўзнікла так.
Вельмі даўно, мо яшчэ задоўга да Напалеона, мясцовы памеш-чык прывёз з поўдня чалавека па прозвішчу Кучынскі, якога там вы-меняў на ганчака. Чалавека пан зрабіў лесніком, бо падумаў — радні Кучынскі тут не мае і гандляваць яго лесам налева і направа не вельмі зможа.
Хоць ляснік меў прозвішча, пачалі яго людзі зваць стражнікам, а яго будку — стражнікоўкай.
Пан ажаніў Кучынскага на цяжарнай пакаёўцы. Стала расці ды размнажацца яго сям'я. Лесніковы сыны будаваліся ля бацькі, ад іх сякер далей і далей адступала ад будынкаў пушча.
Ішлі гады.
Ляснік памёр. Не стала і памешчыка. На месцы колішняй будкі стаяла ўжо цэлая вёска. Назву людзі ўпрасцілі.
Ніхто і не заўважыў, як пачалі зваць яе Страшава.
Пра тое, што ляснік меў прозвішча Кучынскі, людзі толькі здагадваліся, бо амаль палова страшаўцаў — Кучынскія.
Другія прозвішчы прынеслі ў вёску прымакі.
З часам праз Страшава пралегла Варшаўская чыгунка, шаша. Недалёка вырасла мястэчка з тэкстыльнымі фабрыкамі. Шмат страшаўцаў пайшло на гэтыя фабрыкі, чыгунку. Адно па-ранейшаму на поле нашай вёскі, на загоны бульбы, як на свае, выходзяць сабе і цяпер пажыўляцца дзікі, і ніхто гэтаму не дзівіцца. Як і калісь, дзецям для забавы бацькі прыносяць з лесу зайчанят, казлянят, вожыкаў, а бабкі забаўляюць унукаў апавяданнямі пра магутных лясных волатаў — старажытных, як сама зямля, барадатых зуброў. Кожны страшавец наш ведае куткі ў лесе, як куточкі свайго падворка.
Кучынскія ў нашай вёсцы вылучаюцца ростам і шырокай далон-ню патомных дрывасекаў. Мужчыны славяцца добрымі сталярамі, пільшчыкамі. А калі баба ў Страшаве спячэ хлеб, дык будзь спакойны — скарынка не адстане.
Сярод продкаў страшаўцаў не было графаў, рыцараў, пасля якіх застаюцца мячы, латы або пажоўклыя дакументы з пячаткамі каралёў. Першыя жыхары маёй вёскі пакінулі іншую памяць.
Паабапал дарогі, якая вядзе ў Гарадок, ляжыць пара вялізных кавалкаў граніту. Кажуць, некалі адзін Кучынскі з маладой ехаў вянчацца, а другі — вяртаўся з-пад вянца. У народзе тады верылі: калі малады саступіць каму з дарогі — век яму не будзе шанцаваць. Пачалі сварыцца, потым — біцца. Упаў адзін малады мёртвы, упаў і другі. На тым месцы цяпер маўкліва ляжаць валуны.
Але каб толькі задзірамі і службістамі-стражнікамі слаўны быў род наш, я маўчаў бы. Яшчэ многія пакаленні страшаўскіх бабак будуць апавядаць унукам пра Хведара Кучынскага.
Гадоў сто таму назад, або і болей, у аднаго Кучынскага было аж восем сыноў. Усіх бацька перажаніў. Асталіся нежанатымі самыя меншыя — Хведар і Антось. Але і Хведар ужо меўся браць суседаву Нюрку. Пра яе няпісаная сямейная хроніка Кучынскіх для нашчадкаў мала зберагла падрабязнасцей. Кажуць, што Хведар без Нюркі жыць не мог. Купіў ён завушніцы да твару, яны ў Нюркі блішчалі, бытта схопленыя на ляту расінкі.
Аднаго разу Антось пагнаў пасвіць валоў, а Хведар з шампалоўкай падаўся ў пушчу ўпаляваць сабе лося на вяселле. Антось валоў пагубіў, яны залезлі ў панскую віку. Пан паслаў аканома за пастухом, ды той, вядома, схаваўся. Аканому трапілася пад рукі Нюрка, панскі паслугач прывалок на фальварак яе — усё роўна з Кучынскіх.
Спаласуй плечы, каб жывога месца не асталося! — загадаў памешчык.
Тым часам Хведар застрэліў лося. Каб не сапсавалася мяса, хлапец на лыкавай вяроўцы ўпусціў тушу ў крыніцу і вярнуўся ў вёску. Зайшоў да Нюркі, а тая — у гумне на саломе енчыць, яе маці ў халодную ваду мочыць ручнік і прыкладвае ёй да пісягоў на плячах.
Што здарылася, мама? — дзівіцца.
Так і так — расказвае кабета.
Хведар, не скідваючы з плячэй стрэльбы, пайшоў да пана. На ганку той сама драмаў, а хлопчык ад яго венікам адганяў мух.
Навошта яе гэтак акалечыў ты, мярзотнік? — падляцеў Хведар.— Нагні спіну!