Дарэмна чакаю адказу. Маруся ўздыхае, пачынае перабіраць свой посуд і ўжо цягне сваё:
До-ро-оги на-ши встре-титься не мо-гу-ут,
Те-бя ждет...
Што ж, мушу ісці. Папраўляю на сабе адзенне, насцярожана кіруюся да выхада. Чаго яму трэба?
У камандзірскай зямлянцы — капітан з лейтэнантам і Галя. Радыстка нібы чытае, афіцэры мяне чакаюць.
Як нас вучылі, па-вайсковаму дакладваю, што з'явіўся паводле загаду.
Сядай! — паказвае капітан на табурэтку. Звычайна вочы ў капітана — нецярпліва-рэзкія, пранікліва-недаверлівыя: гляне —- малако кісне! — казалі аб такіх людзях у нашым Страшаве. Цяпер жа афіцэр на мяне глядзіць па-свойску, нібы ён даўно мой сябар. Ліха на яго, што ўсё гэта азначае?
Нічога, пастаю, таварыш камандзір.
Сядай,сядай!
Не саджуся, як мяне ні ўпрошваюць. Чыгроў аб'яўляе, што брыгада пакіроўвае пад Беласток групу з заданнем. Капітан прапануе мне ісці разам.
Аднаму-у? — дзіўлюся.
А што?
Толькі цяпер да мяне даходзіць, што камандзір прапануе мне ісці туды, дзе Нінка, бацькі, мая хата, свой лес, дзе ўвесь час лунае мая душа!
Нічога, нічога, я — проста так пытаюся! — палохаюся ўжо я, каб ён не перадумаў.
Уласціва, пойдзеш з імі не адзін. Дам табе на кампанію Кулешу.
?!
Афіцэр паспяшае запэўніць:
Але камандзірам будзеш ты, і за табой — апошняе слова, калі ўзнікне паміж вамі канфлікт! Усё ж такі ўдвух заўсёды бывае весялей! Мала што ў дарозе выдарыцца можа, праўда?
— Вядома...
Пакінуць цябе на тыдзепь дома. А будуць вяртацца — забяруць.
Не веру сваім вушам.
Усіх, нават Кулешу, клікалі круціць дынамку для радыёперада-чы, калі трэба было Галі перадаваць шыфраграмы, толькі ніколі не клікалі ў зямлянку мяне. Кухар Салвесь памылкова папрасіў закінуць у камандзірскую зямлянку бярэма смалякоў, дык далей парога мяне старшына і не пусціў. Цень падазронасці ходзіць за мной з першых дзён прабывапня ў Гута-Міхаліне.
Выходзіць, цяпер ніхто ад мяне нічога не будзе хаваць, я нарэшце — роўны сярод роўных?!
Толькі навошта мне нядойда Кулеша, што я з гэтым прыдуркам стану рабіць?
Капітан разгортвае карту. У адным месцы яна стракаціць крыжыкамі і аваламі, накрэсленымі каляровым алоўкам. З цікавасцю ды пашанай затрымліваю на іх вочы. Чыгроў стараецца прыкрыць знакі далонню. Што ж, у такіх справах канспірацыя неабходная, ды і мне лішняга ведаць не трэба!
Капітан тлумачыць, што я павінен рабіць дома. Называючы вёскі і мястэчкі, ставіць няправільныя націскі — для яго гэта толькі геаграфічны тэрмін. Упіваюся смешна перакручанымі назвамі родных мясцін — ледзь магу прымусіць сябе, каб устаяць: іду ж да іх! I не проста — у госці, а з гэткай місіяй!.. Адначасна мучыць пытанне: на якую халеру здаўся мне Кулеша, куды падзену недарэку? Такога партызана нават людзям сорамна паказаць, і ты, капітан, выдатна пра гэта ведаеш, навошта мне сунеш?!
Калі ўжо зробіш усё, тады можаш паспрабаваць і міну дзе-небудзь залажыць. Напрыклад, у вадакачку, пад будынак вакзала...
Так точна, таварыш капітан, залажу!
Дадзім табе пару кілаграмаў толу, узрывацелі. Дарэчы, умееш з імі абыходзіцца?
У Гута-Міхаліне абыходзіцца з толам і рабіць міны можа кожны. Гэтыя веды для тутэйшых хлопцаў і дзяўчат гэтакія звычайныя, як уменне калоць дровы і запрагаць каня. Але ж хіба магу прызнацца перад радысткай, што не разбіраюся толькі я адзін? Таму я маўчу.